Адрас яго рабочай паездкі пралягаў праз палеткі СУП “АграМАЗ” і ААТ “Пагосцкі”, дзе ён пазнаёміўся з ходам жніва, пагутарыў з яго ўдзельнікамі і атрымаў адказы на круг цікавячых яго пытанняў.
Разам з В. Маліноўскім у паездцы прымалі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан.
- Мяне парадавала наведанне гэтых абедзвюг гаспадарак, бо працуюць яны эфектыўна, – адзначыў Віктар Тадэвушавіч. – Так, у “АграМАЗе” мы пабачылі новы магутны КЗС, які нядаўна быў запушчаны ў работу. Тэхніка адладжана і працуе належным чынам. Адзінае, што перашкаджае больш поўнай загрузцы, дык гэта толькі “капрызы” надвор’я. У “Пагосцкім” таксама працэс уборкі адладжаны. Асабліва мне спадабаўся настрой на справу спецыялістаў і рабочых гэтага сельгаспрадпрыемства. А гэта ўжо палова поспеху.
Выезд на месца карысны тым, што тут нельга штосьці прыўкрасіць – усё бачыш на ўласныя вочы. Вось і я пераканаўся, што належныя ўмовы ў раёне створаны, у тым ліку па гарачаму харчаванню людзей, з забеспячэннем іх спецвопраткай, давядзеннем ім інфармацыі аб умовах аплаты працы (а яна будзе дастойнай – тры-чатыры тысячы рублёў і больш!).
Маё агульнае ўражанне ад паездкі наступнае: каманда Бярэзіншчыны па кіраўніцтвам старшыні райвыканкама працуе на жніве належным чынам. Ураджай вырашчаны багаты, так што будзем з хлебам. Заўваг няма. Спадзяюся, што Бярэзіншчына і сёлета, традыцыйна, не падвядзе, будзе на вышыні, а яе лепшыя працаўнікі атрымаюць ад нас у адпаведнасці з распрацаванымі ўмовамі спаборніцтва, дастойныя ўзнагароды.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.