Менавіта дзякуючы бацькам дзеці пускаюць трывалыя карані, вучацца нормам і правілам, якія дапамагаюць ім выстаяць перад тварам любых непрыемнасцяў і бед.
Толькі ў сям’і дзеці атрымліваюць сапраўдныя любоў і клопат, якія саграваюць іх нягледзячы ні на адлегласці, ні на гады. Тут яны вучацца ўзаемадапамозе, цярпенню, адданасці... Каб пераканацца ў гэтым, варта пазнаеміцца са шматдзетнай сям’ёй Алены і Аляксандра Слабко з вёскі Казлоў Бераг. Яны вось ужо дзесяць гадоў крочаць па жыцці разам, нарадзілі і выхоўваюць пяцёра дзяцей і ўпэўнена глядзяць у будучыню.
Выбірай жонку не ў карагодзе, а ў агародзе Хто з нас не памятае гэту прымаўку. Ды вось толькі для Алены і Аляксандра яна цалкам спраўдзілася. Сустрэў сваё каханне мужчына на жывелагадоўчай ферме “Васілеўшчына”, дзе раздаваў кармы, а Алена працавала брыгадзірам вытворчай брыгады.
– Я адразу звярнуў увагу на яе, – прызнаецца мужчына, – вялікія вочы, зграбны стан і ўся такая мілая і прыгожая, што я нават залюбаваўся ею. Аднак трэба аддаць належнае і яе прафесійным якасцям, стаўленню да падначаленых, патрабавальнасці і прынцыповасці.
Алена пасля заканчэння Смілавіцкага аграрнага каледжа адразу працавала намеснікам загадчыка фермай, была аператарам штучнага асемянення жывёлы. Таму характар у яе быў бойкі і гарачы. Паспрабуй зацікавіць такую!
Аляксандру дзяўчына адразу запала ў сэрца. А кожная сустрэча і спатканне пераконвалі яго: “Вось яна – твая адзіная, твая суджаная, любімая жонка і маці тваіх будучых дзяцей”. Адпускаць такую было б вялікай памылкай.
– Вы ведаеце, усё ў яе характары пасавала майму настрою, – гаворыць ён, – ды і што замоўчваць: абодва мы ж вясковыя, а гэта значыць бруднай і цяжкай працы не баімся, і ў людзях вышэй за ўсё цэнім не пустую балбатню, а рэальныя справы. Таму адразу разгледзелі адзін аднаго, і я надоўга прапанову аб вяселлі не адкладваў.
Чатыры сыночка, ды лапачка – дочка
Вяселле згулялі ў 2012 годзе, тады ж на свет нарадзіўся першынец Мікіта, праз два гады з’явіўся Дзмітрый, а праз год Павел. У 2018 годзе хлапечы атрад сям’і Слабко ўжо папоўніў Ягор і апошняй нарадзілася ў 2021 годзе дачушка Ангеліна.
– Напэўна, праз яе, нашу гарэзу, мы і сталі шматдзетнымі бацькамі, – гаворыць Аляксандр, – мы з Аленай дачку так доўга чакалі. Урачы не раз пасля ўльтрагукавога даследавання абяцалі нам дачушку, але нарадзілася яна ў нас з пятага разу. Мы аб гэтым ніколькі не шкадуем, бо цяпер гадаваць Ангеліну нам на роўных дапамаюць сыны. Ведаеце як яны чакалі сястрычку? Як яны няньчацца з ёю?
Нарадзіць мала, трэба яшчэ выхаваць
Сям’я Слабко пасля вяселля за свае грошы набыла дом у вёсцы Казлоў Бераг.
– Мы ніколі з жонкай не імкнуліся жыць у горадзе, без свайго кавалка зямлі, – расказвае Аляксандр, – я родам з вёскі Гарэнічы, яна ў свой час жыла ў Пагосце. Таму на нашым падворку амаль з першага дня свінні і птушкі, ёсць агарод і цяпліцы. Ды і з маленства мы абодва прывучаны жыць з уласнага мазаля. Дзякуючы яму, маем усё неабходнае і дзяцей нараджалі для шчасця, а не для грошай.
Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што Аляксандр Слабко – спраўны механізатар, які пры неабходнасці можа сесці і ў кабіну камбайна. Ды і дома хатнія справы не падзяляе на мужчынскія і жаночыя.
Можа на раз-два прыгатаваць ежу, прыбраць у доме, накарміць жывёлу і яшчэ спакойна ўправіцца з капрызнай Ангелінай. Ён для яе бездакорны аўтарытэт!
Дзякуй матулі
– Я вырас у шматдзетнай сям’і, – зазначае мужчына, – нас у матулі было трое. Я быў самым малодшым і вельмі шанаваў маці. Дапамагаў ёй на ферме, быў надзейным памочнікам ва ўсіх хатніх справах. Бачыў, як цяжка ёй даводзіцца, колькі часу і сіл адбіраюць хатнія справы. Дзякуючы ёй, навучыўся ўсяму і цяпер ніколі не прападу.
Вельмі шкада, што матуля рана пайшла з жыцця. Яе б, напэўна, парадавала мая жонка, мае дзеці!
Дзякуючы бацькоўскім урокам жыцця, у сям’і Слабко пануюць лад і згода, тут не ведаюць ніякіх крытычных перыядаў.
– Ці бываюць у нас непаразуменні, сваркі? – перапытвае Аляксандр. – Вядома, ж бываюць! Але мы стараемся усё дзяліць папалам. Як гаворыцца, ісці поруч: рука – з рукой. Мы ж людзі: з рознымі характарамі, эмоцыямі, якія часам перапаўняюць. Ды і бытавыя праблемы зрэдку нагадваюць пра сябе. Але галоўнае – з такіх сітуацый выходзіць годна, умець слухаць і быць пачутым.
Адносіны будуем на каханні, павазе і ўзаемным даверы. Гэта, на мой погляд, падмурак сям’і. Каб ён быў трывалым, яго трэба ўмацоўваць, пастаянна падладжваць. Сям’я – гэта праца: вялікая, штодзённая, і не кагосьці аднаго, а і мужа, і жонкі. З гадамі прыйдуць вопыт, мудрасць, а пакуль — варта набрацца цярпення, вытрымкі, ды і проста ўсміхнуцца ў адказ, каб былі ў доме мір і згода. Каб там было цёпла, утульна ўсім!
Дарэчы, існуе ў сям’і Слабко яшчэ адзін сакрэт сямейнага шчасця. Ён відавочны ўсім жыхарам вёскі Казлоў Бераг. Дзяцей тут бацька з маленства прывучвае да працы і павагі да жанчыны, якая падарыла ім жыццё.
– Раблю гэта выключна на ўласным прыкладзе, – распавядае мужчына, – Вось, напрыклад, сяку дровы, а сыны мае па бярвенчыку у хляўчук носяць і складваюць. Ды і ўжо зараз у свае дзіцячыя гады яны і цяжкія сумкі матулі паднясуць, ды ў іншых справах дапамогуць. Яны ж матулю шануюць, вучацца ад мяне ўвазе і клопату пра жанчыну. Гэта навука не стане для іх лішняй у дарослым жыцці.
Ад Мікіты да Ангеліны
Мікіта – старэйшы сын у сям’і Слабко, вучыцца ў 5-ым классе Любушанскай СШ. У свае 10 гадоў хлапчук захапляецца краязнаўствам і любіць гуляць у футбол. А яшчэ без яго ў роднай школе не абыходзіцца ніводнае мерапрыемства.
Захапляецца спортам і 8-гадовы Дзмітрый. Ён ужо займаецца грэка –рымскай барацьбой у спартыўнай школе і ахвотна ўдзельнічае ў легкаатлетычным кросе. Бацькі такому захапленню сына не пярэчаць, бо хлапчук добра вучыцца. Сярод усіх урокаў перавагу аддае царыцы навук – матэматыцы.
Пайшоў сёлета ў першы клас і 7-гадовы Павел. Ужо зараз настаўнікі вызначаюць у ім актыўнасць і дапытлівасць.
А вось малодшы Ягор яшчэ пакуль марыць аб школе, бо наведвае дзіцячы садок. Яго, як і ўсіх дзяцей у сям’і Слабко, вызначаюць сціпласць, стрыманасць і павага да дарослых.
А вось маленькай гарэзе Ангеліне ўсяго больш за два гады. Расце дзяўчынка з характарам, бо ведае што яе любяць і песцяць у роднай сям’і.
Ды разумее, што не дадуць у крыўду старэйшыя браты і бацькі. А з такім надзейным тылам дзяўчынцы нічога не страшна.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.