Нязменна тон у прыемнай святочнай справе задаюць вучні навучальных устаноў. Ва ўсіх школах ужо абвешчаны конкурсы на лепшыя ўпрыгожванні класаў, выраб дэкаратыўна-прыкладной творчасці і паштоўку.
У СШ №2 у барацьбу за дыпломы на навагодніх ранішніках уключыліся вучні з 1 па 11-ыя класы. Вось яны дакладна ведаюць, як пасучаснаму прыбраць свой дом альбо кватэру да Новага года.
– У трэндзе ўжо каторы год разнастайныя навагоднія кампазіцыі, – упэўнена сцвярджае вучаніца 4-га класа Ксенія Драко, – і лепш іх рабіць усёй сям’ёй. Вось мы з матуляй цэлы месяц выраблялі гэтую бярозку ў інеі з бісеру.
У сям’і Драко пяцёра дзяцей і тут пакуль не спяшаюцца ставіць навагоднюю прыгажуню. Аднак цацкі ўжо дасталі і нават кожны змайстраваў сабе карону.
– Новы год – казачнае сямейнае свята, – гаворыць матуля Таццяна Драко, – і яно павінна абавязкова надоўга запомніцца нам і дзецям. У мяне тут адна парада - як бы ні было цяжка, арганізуйце сумесны выраб цацак і кампазіцый з дзецьмі. Гэта такі выдатны сродак злучыць дзяцей і дарослых, пачуць адзін аднаго, выхаваць у малых уседлівасць, уважлівасць, павагу да працы і пачуццё густу.
Сцвярджае жанчына гэта з веданнем справы, бо ў яе бісерапляценнем займаюцца нават сыны. Пакуль ім падуладны толькі гэты від творчасці, але ў хуткім часе яны навучацца вырабляць навагоднія кампазіцыі з дрэва, паперы і іншага матэрыялу, бо ў школе майстроў і выдумшчыкаў хапае, ды і крэатыву ім не пазычаць.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра Бычкоўскага.