Чаму ў Хатыні трэба пабываць тройчы за жыццё?

Date 04.04.2023 Man
Comment 1586
Чаму ў Хатыні трэба пабываць тройчы  за жыццё?

У сваім штогадовым Пасланні Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ў ліку важнейных умоў суверэнітэту і незалежнасці
стаяць народнае адзінства, гістарычная памяць і нашы нацыянальныя традыцыі. По словах Кіраўніка дзяржавы, мір на зямлі немагчымы без гістарычнай памяці, а стварэнне – гэта пераемнасць гістарычнага шляху, гэта крок у будучыню: «Не разбурэнне і агульнае ачарненне мінулага, а церпялівае эвалюцыйнае развіццё – вось тая ідэя, якой мы кіруемся звыш чвэрці стагоддзя».

Трэба аддаць належнае, работа ў краіне па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі вядзецца даўно і наладжана яна адмыслова.

Толькі ў нашым раёне амаль кожны вучань наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь” і пабываў на экскурсіі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. У шасці навучальных установах працуюць музеі, сярод якіх асабліва вылучаюцца “Люстэрка часу“ Бярэзінскай гімназіі і “Спадчына” Ушанскага ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа.

Ды і актывізавалася музейная і краязнаўчая дзейнасць у гэтым навучальным годзе. Былі наладжаны і ўжо працуюць 15 тэматычных экспазіцый па тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Педагогі падышлі да гэтай справы не толькі з вялікай адказнасцю, але і надзвычай крэатыўна.

У кожнага - свае ўражанні

- Мой бацька, Рыгор Мешыч, прайшоў усю вайну і бачыў пераможны сцяг над Рэйхстагам. Ды і сваім днём нараджэння пасля вайны лічыў не 2 жніўня, якое запісана ў яго дакументах, а 9 мая, - расказвае намеснік дырэктара СШ №3 горада Галіна Ермачонак. - Вайна і сапраўды ўрэзалася ў памяць нашага пакалення. Бо мы яе вывучалі не па фільмах і падручніках, а па ўспамінах жывых сведак ваеннага ліхалецця.

Ды і не забыцца мне пра свае першыя ўражанні пасля наведвання мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Я тады вучылася ў чацвёртым класе і была так узрушана ўбачаным, набатам званоў і пытаннем, як такое магло здарыцца. Адысці ад перажыванняў і зразумець усю жудасць вайны мне дапамагаў бацька, які сумленна і падрабязна адказваў на мае дзіцячыя пытанні вельмі доўга.

Толькі не мімаходзь

Сучасныя школьнікі вайну ўспрымаюць па-іншаму. Яны добра ведаюць даты, падзеі, герояў, але ім для рэальнага ўсведамлення трагедыі не хапае суперажыванняў.

- Вось чаму мы вырашылі наладзіць экспазіцыю не ў школьным фае ці калідоры, а ў асобным пакоі, - тлумачыць Галіна Рыгораўна. - Нам хацелася, каб школьнікі заходзілі сюды ўжо з асаблівым настроем, а не мімаходзь.

Яшчэ больш уразлівай і эмацыянальнай зрабіла экспазіцыю яе незвычайнае мастацкае афармленне, дзе няма нічога лішняга ці выпадковага. Тут табе і калючы дрот, і чорна-белыя фотаздымкі ваенных часоў, прышпіленыя чорнымі, нібыта абпаленымі, прышчэпкамі, камяністая сценка з назвамі спаленых вёсак раёна і імітацыя паўразбуранай спаленай печы, дзе разам з каменнем валяюцца дзіцячыя цацкі. Але яшчэ больш займаюць дух малюнкі на шэра-белай сцяне. Дзесьці ўдалечыні гараць вясковыя хаціны. Яны нібыта ў дыме і толькі чырвоныя языкі полымя выдаюць вялікі пажар. А разам постаці людзей. На твары дарослага ёсць вусны, а вось у дзяцей іх няма, як няма і нічога, акрамя абрысаў.

- Гэта ідэя належыць нашаму настаўніку працоўнага навучання Святлане Алезарэнка, - гаворыць педагог. - Яна здолела падабраць такі дэкор, такія фарбы, каб дастукацца да дзіцячага сэрца і паказаць увесь трагізм сітуацыі, у якую трапілі безабаронныя людзі і дзеці. Яны, чыстыя анёлы, сталі першай ахвярай акупантаў, якія імкнуліся знішчыць наш народ. Думаю, цяпер кожны наведвальнік экспазіцыі гэта добра зразумее.

Экспазіцыя працягне абнаўляцца

У аснове экспазіцыі ляжаць звесткі пра падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Тут прыведзены дакладныя звесткі пра колькасць спаленых і знішчаных вёсак, забітых людзей у рэспубліцы, сталічнай вобласці і нашым раёне.

– Мяркую, што гэта інфармацыя будзе абнаўляцца, – гаворыць Галіна Рыгораўна, - нашай пракуратуры сталі вядомы новыя факты генацыду фашыстамі жыхароў нашага раёна. Таму экспазіцыя будзе яшчэ пашырацца і дапаўняцца. Новай інфармацыі чакаюць не толькі вучні школы, якія наведалі экспазіцыю, але і юныя экскурсаводы. У нас іх тры - Ягор Цэдрык, Ягор Каханоўскі і Віталіна Шэх. Усе яны вучацца ў 6 класе і да сваіх новых абавязкаў ставяцца вельмі сур’ёзна і адказна, бо настройвае іх правільна даносіць інфармацыю і расстаўляць акцэнты настаўнік гісторыі Ганна Качановіч.

Сама ж Галіна Рыгораўна ў бліжэйшы час плануе наведаць адноўлены мемарыяльны комплекс “Хатынь”:

- Вы ведаеце, нехта сказаў, што тут, каб рэальна ўсвядоміць хатынскі боль, трэба пабываць тройчы - у дзяцінстве, у сталым узросце і ў старасці. Думаю, нашы вучні гэтак і зробяць. Бачылі б вы, з якімі вачыма яны пакідаюць экспазіцыю!

Мілана ТРАПЯНОК.
ФОТА АЛЕНЫ ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць