З Днём друку!

Date 05.05.2023 Man
Comment 1572
З Днём друку!

У 2016 годзе я скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Аб чым марыла? Застацца ў Мінску і працаваць у адным са сталічных выданняў. Але па размеркаванні прыехала ў Беразіно, каб шчыраваць у раённай газеце «Бярэзінская панарама». І, ведаеце, я ніколькі не пашкадавала, што лёс склаўся менавіта так.

Я палюбіла Беразіно, лічу гэты горад сваім родным, бясконца люблю сваю працу, без якой зараз ужо не ўяўляю жыццё. І, вядома ж, паважаю кожнага з вас, дарагія чытачы. І мы, нашым калектывам, робім усё магчымае, каб нашу газету, сайт, сацыяльныя сеткі чыталі.

Працаваць няпроста. Сёння ідзе інфармацыйная вайна, калі кожны можа напісаць фэйкавую інфармацыю і «забіць» ёю галовы многіх. І наша задача сёння – гэта супрацьстаяць гэтым фэйкам, пісаць правераную інфармацыю, расказваць пра тое, чым сёння жыве наш раён, вобласць і краіна.

 

Асаблівы год

Мінулы год для нас быў асаблівым. Мы пераехалі ў шыкоўны будынак, дзе ўтульна і прыгожа. Дзякуй за такую падтрымку раённаму кіраўніцтву. Дарэчы, рэдакцыя і ў 80-ых гадах знаходзілася ў будынку бібліятэкі, таму, як кажуць, вярнуліся на сваё гістарычнае месца.

 

Крэатыўныя і з “изюминкой”

Працуюць для таго, каб вы, паважаныя чытачы, былі ў курсе падзей раёна, вобласці і краіны 11 супрацоўнікаў. Мне прыемна, што ў нашым калектыве два маладыя спецыялісты - Іван Жукоўскі і Уладзіслаў Сіняк. Дарэчы, Уладзіслаў быў адзначаны Падзякай старшыні райвыканкама падчас падвядзення сацыяльна-эканамічных паказчыкаў за мінулы год. Упэўнена, усе з нецярпенем чакаюць артыкулы нашага вядучага журналіста, адказнага сакратара Міланы Трапянок.

Прывабліваюць краязнаўчыя, гістарычныя замалёўкі намесніка галоўнага рэдактара Анатоля Палынскага. Духоўнасць, медыцына, маладзёжная тэматыка – ва ўсім гэтым дасканала разбіраецца загадчык аддзела пісем і сацыяльных праблем Аляксандр Бычкоўскі. Думаю, не знойдзецца ў Бярэзінскім раёне ніводнага чалавека, каго б не сфатаграфавала фотакарэспандэнт Алена Громава.

Каб нашы матэрыялы былі без памылак, працуе карэктар Зінаіда Гурэцкая. Лёсам наканавана працаваць у рэдакцыі галоўнаму бухгалтару Святлане Афанасьевай, бо менавіта ў Дзень друку яна адзначае і дзень нараджэння. Прыемна, што з нагоды свята будуць адзначаны ўзнагародамі райвыканкама – Святлана Мікалаеўна і Зінаіда Васільеўна.

Хочаце павіншаваць кагосьці, даць аб’яву? Ва ўсім вам дапаможа загадчыца аддзела рэкламы Клаўдзія Сыраквашка. Заўважылі, што мы аператыўна падаём навіны, усё дзякуючы вадзіцелю Сяргею Вінніку, які хутка дастаўляе нас на мерапрыемствы.

 

Раёнка захоўвае гісторыю

Старонкі раённай газеты «Бярэзінская панарама» захоўваюць для нашчадкаў подых самых розных гістарычных падзей, з’яўляюцца сапраўдным летапісам Бярэзіншчыны. Кожны нумар – гэта кавалачак гісторыі сучаснай эпохі, якую мы пішам газетным радком. Нашаму калектыву ўласцівы грамадзянская пазіцыя, праўдзівасць, шчырасць і прынцыповасць. Журналісты першымі абазначаюць вострыя і надзённыя праблемы нашага жыцця.

Дзякуючы карпатлівай працы кожнага з нас, пастаяннаму пошуку і прапагандзе высокіх маральных якасцей людзей, «раёнка» заўсёды застаецца надзейным сябрам і дарадчыкам, крочыць у нагу з часам. Сёння газета інтэгравана ў Інтэрнэце. Мы прадстаўлены ва ўсіх сацыяльных сетках. Асабліва папулярны, вядома ж, наш тэлеграм-канал Berezino News, дзе каля 2 тысяч падпісчыкаў, Instаgram, дзе каля 7 тысяч падпісчыкаў.

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова паўтараў, што нам, журналістам, пастаянна неабходна быць «начеку», падымаць вострыя праблемы, дапамагаць грамадзянам у іх вырашэнні. У нас дзейнічае і “гарачая лінія” і тэлеграм-канал, куды можна дасылаць праблемныя пытанні.

У нас ёсць і сайт, які папаўняецца навінамі кожны дзень. Дарэчы, у мінулым годзе ён стаў лаўрэатам прэміі “Тибо”.

За адным націскам кнопкі і клікам камп'ютарнай мышкі – велізарная праца супрацоўнікаў установы. На рахунку нашага калектыву нямала дасягненняў і перамог. Але галоўнае, каб нашу газету выпісвалі, чыталі, каб колькасць праглядаў на сайце расла, і з кожным днём станавілася ўсё больш падпісчыкаў у нашых сацыяльных сетках.

 

Шчыры дзякуй вам за супрацоўніцтва!

Цесныя партнёрскія сувязі наладзіліся паміж рэдакцыяй і многімі арганізацыямі і ўстановамі раёна. У ліку пастаянных аўтараў публікацый раёнкі — супрацоўнікі органаў унутраных спраў і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сістэмы аховы здароўя і работнікі юрыдычных службаў, інспекцыі па ахове расліннага і жывёльнага свету і энергагазнагляду…

Мы заўсёды выступаем за творчае супрацоўніцтва і рады, калі ў нас з’яўляецца новы аўтар або цікавая тэма. Выйграе ад гэтага перш за ўсё чытач, на рэалізацыю патрэб якога і накіравана дзейнасць журналістаў.

Афіцыйна заснавальнікам нашай газеты з’яўляецца Бярэзінскі раённы выканаўчы камітэт. На самой жа справе яго работнікі і кіраўніцтва — таксама нашы надзейныя партнёры і аўтары, якія праз раённую газету даносяць людзям усю патрэбную інфармацыю і пры гэтым не замоўчваюць існуючыя праблемы, вядуць з бярэзінцамі адкрыты дыялог, адлюстроўваюць дзейнасць у рэгіёне прэзідэнцкай вертыкалі.

Паважаныя сябры, калегі, ветэраны працы! Дзякую кожнаму з вас за працу і жадаю новых творчых поспехаў, удзячных чытачоў, моцнага здароўя і дабрабыту!

 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць