Усё жывое беражы і прыродзе не шкодзь

Date 02.11.2023 Man
Comment 1922
Усё жывое беражы і прыродзе не шкодзь

Гэтае правіла добра ведаюць выхаванцы дзіцячага садка №2 горада Беразіно. Сёння, 2 лістапада, на базе гэтай установы адбылося ўрачыстае адкрыццё дашкольнага лясніцтва.

Ініцыятыва ствараць такія “ячэйкі” ў дзіцячых садках належыць міністру лясной гаспадаркі. Дырэктар Бярэзінскага лясгаса Сяргей Чэмка выступіў перад маленькімі  “навабранцамі”, расказаў дзецям аб прафесіі.

Дзякуючы такім праектам хлапчукі і дзяўчынкі больш даведаюцца аб важнасці захавання лясоў і іх значэнні, пазнаюць шмат цікавага аб лясной гаспадарцы і людзях, якія тампрацуюць. Спецыяльна для выхаванцаў дзіцячага садка пашылі форму, як у дарослых работнікаў лясгаса.

Невялікая канцэртная праграма, цёплыя словы гасцей, уручэнне падарункаў, салодкі стол, а таксама добрае надвор’е – усё гэта спрыяла сяброўскай і святочнай атмасферы.

Загадчыца садка  Ірына Шмарлоўская падзякавала за такое садзейнічанне  дырэктару лясгаса і запэўніла, што калектыў установы апраўдае аказаны давер у экалагічным выхаванні маленькіх грамадзян краіны.

Дарэчы, Улада Шутовіч расказала, што яе татка працуе ў Бярэзінскім лясгасе  начальнікам аддзела лясной гаспадаркі.

- І мой татка таксама працуе ў лясгасе, - уключылася ў размову Ліза Дулуб. Ён - майстар вытворчага майстарскага ўчастка “Беразіно” і завуць яго Барыс Анатольевіч...

Напрыканцы мерапрыемства дзеці разам з дарослымі пасадзілі саджанцы туй на тэрыторыі дашкольнай установы і паставілі слуп, на якім яшчэ замацуюць шыльду аб гэтай знамянальнай падзеі.

Дарэчы, у бліжэйшых мэтах маленькіх леснікоў запланавана экскурсія ў Бярэзінскі лясгас, дзе ёсць і экалагічная сцяжынка, і вальеры з дзікімі жывёламі,  шмат цікавага, што можна расказаць і паказаць і дзецям, і іх выхавацелям.

 

 

 

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць