Невыпадкова ў якасці крыніцы інфармацыі мы выбралі нумары падпольнай газеты “Сцяг Леніна”.
Яе журналісты, як відавочцы тых падзей, дакладна і па свежых слядах данеслі да нас і захавалі горкую праўду пра вайну і тое, з чым давялося сутыкнуцца твар у твар нашым продкам. Таму захаваныя публікацыі носяць дакументальна-храналагічную аснову.
Справы крыважэрнага звяр’я
Нядаўна на гэтым месцы стаяла вялікая вёска Дулебы. Цяпер навокал віднеюцца папялішчы, сілуэты разбураных печаў.
14 сакавіка тут зрабілі сваю брудную справу нямецкія бамбавозы. 3 сцярвятнікі на працягу гадзіны бамбардзіравалі мірную вёску, скідваючы на яе запальваючыя, асколачныя і 250-кілаграмовыя фугасныя бомбы. Спалена датла 52 двары, забіта 5 чалавек і некалькі жыхароў паранена.
Вёска Дулебы не першы раз перажывае жахі звярынага разгулу нямецка-фашысцкіх людаедаў. Жыхарам добра памятна і мінулагодняя жнівеньская карная экспедыцыя фашысцкіх банд. Тады ў вёсцы было забіта 108 сялян.
Толькі на тэрыторыі трох сельсаветаў нашага раёна фашысты замучылі ў тыя дні 214 чалавек. У вёсцы Несцяроўка - 8 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей, гітлераўцы спалілі зажыва. 22 чалавекі забілі нямецкія крывавыя сабакі ў адной толькі маленькай вёсцы Бярэзніца.
Крыху пазней, восенню мінулага года, падверглася вераломнаму нападу вёска Краснае. Удалося выратавацца ад смерці 8 чалавекам.
Фашысцкія звяры забівалі старых, кідалі ў калодзежы дзяцей, гвалцілі і спальвалі разам з хатамі жанчын і дзяўчат. У вёсцы не засталося нічога. Усё спалена, усё разгромлена.
Праз некалькі дзён гітлераўскія прахвосты тое ж самае зрабілі і з вёскай Баравіно, дзе замучана і спалена зажыва 204 чалавекі.
Так гаспадараць нямецка-фашысцкія нягоднікі на нашай зямлі. Слёзы і кроў нашых братоў клічуць нас да бязлітаснай помсты, да знішчэння крыважэрнага звяр’я на кожным кроку.
А. Азоўскі.
(“Сцяг Леніна”, № 5, 27 сакавіка 1943 г.).
Людаеды не ўнімаюцца
Не забылі яшчэ жыхары в. Капланцы мінулагодняй жахлівай расправы нямецка-фашысцкіх людаедаў над мірнымі жыхарамі.
Помняць людзі, як білі азвярэлыя каты дзяцей і жанчын і кідалі іх трупы ў сіласную яму.
Помняць, як дачок калгасніка Рашоткі Васіля прымушалі пець і танцаваць ля труны бацькі.
Помняць і ніколі не забудуць!
Не забудуць яны і другой крывавай рассправы, якую ўчынілі акупанты нядаўна.
Усю сям’ю калгасніка Баранава Арцёма – яго самаго, жонку і чацвёра дзяцей фашысцкія нягоднікі доўга мучылі, павыкручвалі ім рукі, а затым вывезлі ў лес і па-зверску забілі. Забілі яны таксама Кішкар Мар’ю і трое дзяцей.
У Капланцах крывавымі мярзотнікамі толькі за 8 месяцаў закатавана і замучана 32 чалавекі. 13 маладых хлапцоў і дзяўчат фашысты вывезлі на катаржныя работы ў Германію.
(“Сцяг Леніна”, № 6, 10 красавіка 1943 г.).
Помсціце ворагу
(пісьмо сялянкі да партызан)
Дарагія мае. Усе сяляне нашай вёскі горача спачуваюць вашай гераічнай барацьбе і гатовы дапамагаць вам усім, чым змогуць. Нягледзячы ні на якія звароты фашысцкіх бандытаў, сялянская любоў да партызан не згасне. Яна будзе мацнець і мацнець аж да канчатковай перамогі над ворагам.
Немцы ўсякімі спосабамі імкнуцца затуманіць сялянскі розум, натравіць сялян на партызан. Мы з агідаю слухаем фашысцкую брахню. Ні аднаму слову гітлераўцаў нельга верыць. Яны подлыя і вераломныя. Гэта ж яны ў сваіх брудных лістоўках завяралі, што будуць добра абыходзіцца з насельніцтвам. Вось якое іх абыходжанне.
Гаспадарачы ў нашай вёсцы, гітлераўцы забілі 4 мужчын і двух жанчын, абрабавалі ўсе хаты, забралі ўсіх коней і кароў і ўсе калёсы. Яны насілавалі нашых жанчын і здзекваліся над старымі.
Біце гітлераўцаў, мужныя партызаны. Мсціце ім за наша гора, за спаленыя вёскі. Працоўнае сялянства заўсёды на вашым баку.
Сялянка вёскі Н. Мар’я Б.
(“Сцяг Леніна”, № 9, 7 чэрвеня 1943 г.)
Адплата
Нямецкі карны атрад 16 мая ўварваўся ў некаторыя вёскі Машчаніцкага і Белічанскага сельсаветаў, дзе ўчыніў грандыёзны пагром. У вёсках Осава, Дзямешкаўка, Котава, Старая Князеўка гітлераўцы спалілі звыш 150 двароў, разграбілі ўсю маёмасць сялян.
Амаль усё насельніцтва гэтых вёсак уцякло ў лес, дома засталіся толькі хворыя. Але і іх гітлераўцы не памілавалі. У Старой Князеўцы яны замучылі хворую сялянку Барку і забілі старога селяніна. У вёсцы Котава карацелі злавілі дзве жанчыны. Азвярэлыя гады згвалтавалі гэтых жанчын, а пасля забілі іх.
Партызанскія атрады пад камандаваннем Л. акружылі карны атрад і ў жорсткім баі разбілі яго. Гітлераўцы пакінулі на полі бою 80 забітых, кінулі абоз з награбленай маёмасцю. Бандыты атрымалі «дастойную ўзнагароду» за свае крывавыя справы.
(“Сцяг Леніна”, № 9, 7 чэрвеня 1943 г.).
Рабаўнікі
За перыяд акупацыі немцы аграбілі ўсе вёскі нашага раёна. Яны адабралі ў сялян 15 тысяч кароў, 8 тысяч коней, больш 30 тысяч свіней і авечак. У некаторых вёсках фашысты забралі ўвесь хлеб.
(“Сцяг Леніна”, № 9, 7 чэрвеня 1943 г.).
Расстрэл за сяўбу жыта
Рыхтуючыся да бегства з Беларусі, немцы разрбураюць нашы гарады і вёскі. Гітлераўскія звяры выдалі загад, які забараняе сялянам сеяць азімае жыта. Так, у вёсцы Міхеевічы Дзмітравіцкай воласці фашысты расстралялі двух сялян за сяўбу азімага жыта.
Немцы хочуць задушыць беларускі народ галоднай смерцю. Адзінае наша спасенне ў бязлітаснай барацьбе з акупантамі.
(“Сцяг Леніна”, № 15, 11 верасня 1943 г.).
Здзекі і забойства мірнага насельніцтва
Грамадзянін Самец Сцяпан, які вырваўся з лап фашысцкіх катаў і трапіў у Н-скі партызанскі атрад, расказвае пра жуткія справы, якія творацца ў засценках гестапа м. Беразіно. Няма таго дня, расказвае грамадзянін Самец, каб фашысцкія каты не расстрэльвалі дзясяткі мірных грамадзян. Ён быў відавочцам, як вялі расстрэльваць грамадзян вёскі Лешніца Казакевіч Рыгора Іванавіча, з вёскі Капланцы Баранава Міхаіла і яго сына Міколу.
Жыхароў мястэчка Беразіно за апошнія два тыдні расстралялі некалькі дзясяткаў. Самец Сцяпан кажа, што дастаткова таго, каб фашысцкі кат узнаў, што, скажам, вы настаўнік, аграном ці зямлямер, або чалавек мае якую-небудзь спецыяльнасць, як яго гестапа арыштоўвае і расстрэльвае.
Так апошнімі днямі забілі старога настаўніка Жукоўскага Васіля Васільевіча, настаўніцу Каўцэвіч Веру, рахункавода Счотку Апанаса і другіх.
Адзін раз, працягвае расказваць Самец, прывялі на допыт у гестапа цэлую групу людзей. У гэтай групе быў і ён. У пакоі, куды іх прывялі, была заслана салома. На гэту салому палажылі раздзетага да нацельнай бялізны Баранава Міхаіла Пятровіча, а затым гэту салому запалілі. Пасля гэтага, не дабіўшыся нічога на допыце ад грамадзніна Баранава, яны аблілі яго газай і зноў запалілі. Пасля гэтага Баранаў страціў прытомнасць і быў выкінуты ў калідор. Адну грамадзянку аблілі нейкай кіслатой і яна доўга пакутавала. Грамадзянку Счотку расстралялі сярод вуліцы, пры людзях, за тое, што яна стала нярвова хворая пасля забойства яе мужа.
Шмат людзей паміраюць на допытах, яны не вытрымліваюць здзек і пытак. Грамадзянін Самец рассказвае, як разам з ім дапытвалі грамадзяніна Слабко Максіма Сцяпанавіча з вёскі Лешніца. Пасля некалькіх пытак на Слабко напусцілі сабаку. Апошняя вырвала яму шчаку, пераела правую руку, абедзве нагі. Слабко тут жа на допыце і памёр.
Нямецкія варвары ў м. Беразіно цяпер утойваюць свае імёны і прозвішчы.
Але колькі б гэтыя людаеды не маскіраваліся, яны будуць знойдзены хоць на краю света і будуць дастаўлены і асуджаны там, дзе яны твораць свае брудныя справы.
“Сцяг Леніна”, №4, 10 чэрвеня 1944 г.
Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.