Святочна і весела прайшлі «Зажынкі»

Date 02.07.2024 Man
Comment 1362
Святочна і весела прайшлі «Зажынкі»

Спрадвеку зямля лічылася матухнай-карміцелькай. На яе ўскладвалі  свае спадзяванні, ёй кланяліся і шмат шчыравалі ў полі — і зямля спаўна аддзячвала  багатымі ўраджаямі. Сяляне ладзілі святы, каб душой дакрануцца да яе таямніц, каб словамі і песнямі перадаць сваю любоў. Адным з такіх  і былі «Зажынкі».  Гэты старажытны абрад ужо стаў традыцыйным для бярэзінцаў. Яго сёння ладзілі на адным з палеткаў СУП “АграМАЗ”.

Тут прысутнічалі кіраўнікі, спецыялісты сельгасарганізацый, раённых службаў і, вядома ж, самыя галоўныя яго ўдзельнікі – хлебаробы.

 

Плёну на жніве!

Вядома ж, першым павіншаваў хлебаробаў з пачаткам жніва, пажадаў усім важкіх намалотаў старшыня райвыканкама Андрэй Сакалоўскі. Андэй Валянцінавіч павітаў асабіста кожнага ўдзельніка жніва і паціснуў руку:

– Наступае вельмі адказны перыяд – уборка збожжа новага ўраджаю. Задача застаецца ранейшай – убраць вырашчанае хутка і без страт. Дзякую вам, хлебаробы, за нястомную працу. Жадаю плёну, поспехаў на жніве, здароўя.  І, бясспрэчна, самае галоўнае – каб жніво прайшло без траўматызму. Мы разам дастойна збяром ўраджай. І як сказаў Кіраўнік дзяржавы, да кожнага зярнятка, да кожнага каласка. Для таго каб у нас быў багаты ўраджай. Упэўнены, у нас усё атрымаецца.

Таксама Андрэй Валянцінавіч расказаў, што у гэтым годзе для хлебаробаў будзе арганізаваны спецыяльны конкурс. Зараз ён распрацоўваецца. Пераможцаў чакаюць значныя падарункі: за першае месца – электрасамакат, другое – касілка, трэцяе – пральная машына.

 

Каравай “выязджае”

У народзе існуе такая прыкмета: каб сабраць багаты ўраджай, новы хлеб павінен “выязджаць” на старым. Андрэю Валянцінавічу ўручылі каравай з ураджаю мінулага года, як сімвал дастатку, ветлівасці і яднання.

З добрымі пажаданнямі да хлебаробаў, працаўнікоў сельгасарганізацый звярнулася і старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Марына Каўзуновіч. Па традыцыі яна ўручыла падарунак гаспадару “Зажынак” дырэктару “АграМАЗ” Валерыю Цэдрыку.

Павіншавала хлебаробаў са святам і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан.

Паблагаславіў хлебаробаў на пленную працу дабрачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі протаіерэй Ілля Ганчарук і іерэй Васілій Васількоў.

 

Зажынаюць жнейкі

Дарэчы, у Беларусі здаўна святкуюць “Зажынкі”. Нашы продкі ведалі, што спачатку жніва  трэба было падзякаваць зямлю-матухну за падораны ўражай. Першы сноп ужо другі год зажынаюць жнейкі – удзельнікі  Народнага сямейнага гульнёвага гурта “Радзіна” Новінскага СДК.

І першы сноп жнейкі ўручаюць кіраўніку раёна.

 

 

Экіпажы, па машынах!

Заракаталі рухавікі камбайнаў, на Бярэзіншчыне дадзены старт жніву-2024. У добры шлях камбайны адпраўляе старшыня райвыканкама Андрэй Сакалоўскі разам з маладым камбайнерам Даніілам Данільчанка.

– Настрой цудоўны! Хочацца, каб надвор’е не падводзіла. Больш сонечных дзён – і ўраджай будзе сабраны, – заўважае камбайнер. – Работа складаная, напружаная. Спадзяёмся, на багаты ўраджай.

Дарэчы, менавіта Данііл шчыруе на новым камбайне, які гаспадарка атрымала зусім нядаўна, не прайшло і тыдні два.

– Удвайне прыемна, што мне даручылі шчыраваць на новай тэхніцы. Прыемна і адказна! Не падвяду.

Прыйшлі падтрымаць Данііла жонка і маленькая дачушка.

– Вядома ж, хвалюемся за Данііла. Але ўпэўнена, ён справіцца! А ад нас – надзейная падтрымка.

 

Міліцэйскі экіпаж

І дзе б вы думалі? За штурвалам збожжаўборачнага камбайна! Не першы год разам працуюць на жніве.

Валерый Несцяровіч – супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі  Бярэзінскага РАУС.

Водпуск вось ужо які сезон праводзіць на палях СУП “АграМАЗ”. Яго напарнік Аляксандр Пянкрат шмат гадоў адпрацаваў у міліцыі, зараз на заслужаным адпачынку.

– Ужо шмат гадоў мы падчас жніва шчыруем на камбайне. Спадзяёмся, у гэтым годзе збяром багаты ўраджай, – гавораць мужчыны.

Плённай працы, хлебаробы!

 

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць