Бярэзінцы развіталіся з калядой

Date 21.01.2025 Man
Comment 37
Бярэзінцы развіталіся з калядой

Сёння Новінскі сельскі Дом культуры сабраў шмат жыхароў Бярэзіншчыны для правядзення традыцыйнага, які ладзіўся сёлета вось ужо ў 28-ы раз запар, народнага абрада “Цягнуць каляду на дуба”. І хоць з года ў год абрад не мяняе свайго раскладу, вядзецца па старадаўнім сцэнарыі, гэта ніколькі не зніжае цікавасць да яго, бо дазваляе кожнаму з удзельнікаў дакрануцца да шматвекавых народных традыцый і культурнай спадчыны нашага народа.

Але, разам тым, як бы ні было, кожны раз абрад і яго правядзенне маюць свае асаблівасці. Не пазбаўлены іх ён і на гэты раз. Бадай галоўнай асаблівасцю стала тое, што на гэты раз свята ўпершыню праводзілася ў нядаўна адноўленым пасля капітальнага рамонту Доме культуры. Многія з пастаянных гасцей адзначылі наколькі больш утульным, сучасным і нарадным стаў СДК.

Другой асаблівасцю можна назваць той факт, што правядзенне абраду супала з першым днём датэрміновага галасавання выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ды і пачатак мерапрыемства, 12 гадзін раніцы, супаў з часам адкрыцця ў СДК выбарчага ўчастка. Таму ўжо ў першыя мінуты работы выбарчай камісіі сюды завітаў першы выбаршчык. Ім аказаўся Максім Бубін – адзін з удзельнікаў абрада.

А між тым, абрад набіраў абароты. Вось пад гучныя спевы нараджаюць каляду (сноп жыта, прымацаваны да невялікага кола) – у спаднічку, сукенку, нібы дзяўчыну. Даставіць яе да дуба давяраюць самай старэйшай удзельніцы свята – Ніне Дзмітрыеўне Клімовіч, якую усаджваюць на колы разам з калядой і чыгунком куцці, каб адправіцца ў дарогу. На працягу ўсяго шляху не сціхаюць святочныя песні і жарты.

Наступная дзея свята адбываецца ля падножжа вялікага дуба, што расце непадалёк ад вёскі Марціянаўка. Яшчэ здалёк заўважаеш сярод яго ветак падобную ж ляльку-каляду, якая была прымацавана там мінулай зімой. Настаў час памяняць яе на сёлетнюю. Устанавіць каляду бярэцца Аляксей Клімовіч і даволі шпарка спраўляецца са сваёй задачай. Дарэчы, існуе павер’е, што малады чалавек, які выконвае гэтую місію, ужо на працягу года можа стаць чалавекам сямейным і знайсці сваё шчасце. Не выключае такога варыянту і Аляксей. Яму 24 гады і на прыкмеце ў яго ўжо ёсць падыходзячая для шлюбу кандыдатура. Так што павер’е, відаць, апраўдае сябе і на гэты раз.

А тым часам каля дуба разводзіцца вогнішча, на якім згарае старая каляда. Удзельнікі мерапрыемства водзяць карагод і частуюцца кашай, гарачым чаем, аладкамі, салам, сальцісонам, каўбасамі і іншымі дамашнімі прысмакамі. Але больш багата розных блюд і пачастункаў, у тым ліку і традыцыйных калядных, чакае ўдзельнікаў абраду ў памяшканні Дома культуры. Тут не толькі спраўляюць багатае застолле, а ладзяць таксама скокі, конкурсы і шматлікія гульні. І сумаваць у такой кампаніі нікому не даводзіцца.

Што ж, бывай, каляда-калядзіца, зыч нам шчасця і абяцай багатага ўраджаю ў гэтым годзе, бо мы слаўна адзначылі цябе і годна праводзілі, каб налета ізноў сустрэцца і правесці з табой нямала вечароў.

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць