Свята творчасці, майстэрства і натхнення

Date 28.06.2025 Man
Comment 560
Свята творчасці, майстэрства і натхнення

Аказваецца, захапленне выразаць з дрэва лыжкі апанавала юнакоў і дзяўчат, хлопчыкаў і дзяўчынак, сталых людзей, жанчын, і сівых мужоў. Здаецца, далучнасць да майстэрства разьбяра-лыжачніка ў пэўным сэнсе з’яўляецца знакам прыналежнасці да носьбітаў нацыянальнай культуры і  спракаветных народных традыцый. І доказам таму сведчыць тое, што VII рэгіянальнае свята-конкурс драўлянай лыжкі “Бярэзінскія лыжкары” сабрала на гарадской плошчы Беразіно 50 народных майстроў і іх вучняў.

І недарэмна галоўны суддзя мерапрыемства доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і Прэміі Презідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”  Яўгеній Сахута ва ўласнай прамове зрабіў намёк, што пара ўжо конкурсу лыжкароў змяніць статус з рэгіянальнага як мінімум на абласное, бо госці сабраліся з розных куткоў Міншчыны і Магілёўшчыны, а таксама са сталіцы – свята з кожным разам пашырае свае межы.

Нагадаем, мерапрыемства арганізавана з мэтай адраджэння нацыянальнай культурнай спадчыны, папулярызацыі майстэрства вырабу драўляных лыжак як аднаго з відаў традыцыйнага мастацтва.

Свята-конкурс распачаўся з уступнага слова намесніка старшыні Бярэзінскага райвыканкама Алесі Цітовай, якая ад імя старшыні райвыканама Андрэя Сакалоўскага і ад сябе асабіста вітала майстроў на гасціннай Бярэзінскай зямлі. Алеся Аляксееўна таксама адзначыла радасць з нагоды таго, што месцам правядзення конкурса ізноў выбрана Беразіно, бо для нашага горада драўляная лыжка – гэта сапраўдны брэнд. У адрас майстроў, арганізатараў, журы былі выказаны словы ўдзячнасці за створанае свята і за тое, што перадаюць майстэрства драўлянай лыжкі падрастаючаму пакаленню.

- Калі чэрпаць жыццё, то поўнай лыжкай! – адзначыла Алеся Цітова. – Жадаю, каб сёння вы чэрпалі толькі станоўчыя эмоцыі. Натхнення вам, творчага падыходу да справы і перамогі!


Варта зазначыць, што падчас правядзення мерапрыемства гарадская плошча была падзелена на шматлікія лакацыі, і не толькі членам журы было складана вылучыць з іх галоўную, але і бярэзінцам, і гасцям горада. Вабіла прысутных выстава-кірмаш майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Прама на месцы жадаючыя куплялі не толькі драўляныя лыжкі, але і шмат іншых вырабаў народнай творчасці, у продажы меліся кашы, драўляныя конаўкі, бочкі, разнастайны посуд, а таксама безліч сувеніраў. Вабілі наведнікаў падворак “Мядовы пачастунак”, гульнёва-забаўляльныя пляцоўкі, фотавыстава “Лыжка ў кадры”, гандлёвыя рады.

 

Бадай, самай неад’емнай часткай свята быў канцэрт народных калектываў. Вось дзе ўжо адводзілі душу аматары фальклору. Выступілі народны ансамбль песні “Дольніца” са Стаўбцоўшчыны, “Траецкія музыкі” з Барысаўшчыны, фальклорны калектыў “Напарачка” з Любаншчыны, ансамбль народнай песні “Крупчанка” з Крупак, Смілавіцкі народны хор.

Гаспадары свята таксама былі прадстаўлены шырокім спектрам творчых калектываў Бярэзіншчыны: увазе прысутных былі танцавальны калектыў “Маргарыткі”, народны сямейны гульнёва-абрадавы гурт “Радзіна” і ўзорны фальклорны гурт “Валошкі”, народны ансамбль песні “Лявоніха”, вакальны ансамбль “Бярэзінка”, вакальная група “Радасць”.  

 

У падвядзенні вынікаў узнагародамі не абмінулі нікога. Па-першае, кожны ўдзельнік свята быў запрошаны на сцэну для ўрачыстага ўручэння дыплома ўдзельніка свята-конкурса. Потым уганароўвалі прызёраў у разнастайных намінацыях, дарэчы, якіх было дзевяць. Усіх пералічваць не будзем, адзначым нашых шаноўных бярэзінцаў.

У намінацыі “За беражлівае стаўленне да мастацкіх традыцый разьбы па дрэве і творчага развіцця лыжкарскага рамяства” ўзнагароджана сям’я Жоравых.

 

У намінацыі “За творчае развіццё мастацкіх традыцый лыжкарскага рамяства і адаптацыю да сучаснага асяроддзя” пераможцам прызнаны Яўгеній Осіпаў.

Разам з дыпломамі ўручаліся і прызы.

Напрыканцы ўручыць сувеніры і дыпломы за арыгінальныя лыжкі ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі асобным удзельнікам мерапрыемства паднялася на сцэну старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Алена Кушнер.

 

- Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” заўсёды выступае за беларускія традыцыі. Вельмі прыемна сёння пабачыць вашу працу, падзякваць усіх за тое, што вы робіце! – адзначыла яна.

 

Завяршылася свята ў прыемнай цёплай атмасферы творчасці і з лепшымі пажаданнямі майстроў і арганізатараў конкурсу, якія выказваліся ўжо ў асабістых размовах. Але ж, несумненна, галоўнымі на свяце-конкурсе былі ўласна лыжкары. Прайшліся і мы па прадстаўленых лакацыях, ды задалі розныя пытанні майстрам.

 

Юрый ЖОРАЎ. Беразіно:

- Ці ёсць якія-небудзь народныя традыцыі, звязаныя з лыжкай? Несумненна! Калі чэрпаць жыццё, то поўнай лыжкай – гэты выраз як раз у тэму. Займаюся лыжкарствам ужо 5 гадоў. Каб зрабіць лыжку усё залежыць ад натхнення. Дарэчы, сваю першую лыжку я добра помню. Рабіў яе гадзін пяць. Дарэчы, у нас вырабам лыжак займаецца ўся сям’я, дзеці таксама. А пачалося ўсё з жонкі, яна першая захапілася і перадала захапленне нам. Настаўнік у нас Яўгеній Паўлавіч Осіпаў.

Айцец ВАЛЕРЫЙ. Бярэзінскі раён:

- Можна і так сказаць: я мастак па адукацыі, заканчваў Бабруйскае мастацкае вучылішча яшчэ ў 1988 годзе. Святаром ужо дваццаць шосты год. Выразаю іконы. Вера садзейнічае змяніць накіраванасць у творчасці са свецкіх вырабаў да духоўных: крыжы з Распяццем, іконы. Сёння прыйшоў паглядзець на свята, паказаць вырабы. Здольнасць мастацтва перадаць благадаць гэта таксама ў нейкай меры кшталту таінства. Духоўны пачатак натхняе на творчасць. Займаюся выразаннем ікон з канца 80-х.

Андрэй ГАНЧАРЭНКА. г.п.Краснаполле, Магілёўская вобласць:

- Як захаваць драўляную лыжку? У фізічным сэнсе, варта разумець, што лыжка як і драўляная цацка з часам зношваецца. Напрыклад я вару свае лыжкі ў льняным алеі. Пакуль бурбалкі ідуць, яна варыцца, а калі бурбалкі знікнуць, значыць выраб гатовы. Потым пакрываю пчаліным воскам, і такая лыжка праслужыць доўга. А ў плане захоўвання традыцый трэба перадаваць нашчадкам і вучням, захоўваць старое і знаходзіць сваё новае. Трэба рабіць, што рабілі нашыя продкі, але дабаўляць сваё. Сам я аднаўляю драўляную беларускую цацку, гэта вельмі цікавы накірунак. Узнаўляю майстэрства продкаў ужо гадоў дванаццаць, мае вучні ўжо выкладчыкамі працуюць у мастацкіх вучылішчах і перадаюць майстэрства іншым вучням. А ўласна разьбой жа захапляюся гадоў з трыццаць.

Анатоль КРЫЦКІ. Клецкі раён:

- Папулярнасць драўлянай лыжкі сёння павялічваецца з кожным годам, калі глядзець на колькасць майстроў на нашым сённяшнім свяце. У нас і дзеткі працуюць, і дарослых шмат працуе. Асабіста сам я зрабіў шмат лыжак рознага гатунку, і вялікія, і малыя. І ў розных конкурсах, фестывалях, кірмашах удзельнічаў. Запомнілася мабыць першая, якая не атрымлівалася. Крамя лыжак вырабляем вінажніцы, шпакоўні і шмат усяго рознага. І вучні радуюць, асабіста ў мяне іх пяць. І мерапрыемства сёння выдатнае!

Мікалай СВЕЧКАРОЎ. Мядзельскі раён:

- Ці цяжка зрабіць лыжку? Трэба спачатку патрэніравацца. Калі ёсць вопыт, зразумела, ды натхненне, ахвота, тады дрэва хутка паддаецца ва ўмелых руках і пераўтвараецца ў лыжку. І любіць трэба гэтую справу. Вось у залежнасці ад памераў, магу лыжку зрабіць за гадзіну, а бывае, што і за дзве.

Уладзімір ХІХІЧ. Мядзельскі раён:

- Традыцыі драўлянай лыжкі ў нас штогадова пашыраюцца і развіваюцца. У першую чаргу дзякуючы такому фестывалю, як сённяшнае свята-конкурс. У цэнтры рамёстваў што першае бывае, калі туды прыходзе дзіця? – Яно першай справай хоча лыжку зрабіць каб падарыць маме на 8 сакавіка, ці на дзень нараджэння. А калі вырабленую сваімі рукамі лыжку яшчэ аздобіць разьбой, то наогул выдатна. Так дзеці пакрысе далучаюцца да майстэрства і пераймаць традыцыі. Першая лыжка ў мяне была на першым курсе ў 1990-м годзе ў Мірскім вучылішчы, дзе я вучыўся па спецыяльнасці рэзчык па дрэве – столяр. Вось там я выразаў першую лыжку і адвёз дадому. Прафесія стала хобі.

 

 

 

 

 

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ. 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць