Маляўнічы куток – сваімі рукамі

Date 15.08.2025 Man
Comment 507
Маляўнічы куток – сваімі рукамі

Стварыць на зямлі райскія мясціны пад сілу кожнаму, абы было жаданне і любоў да працы, – так лічаць муж і жонка Мікалай Дудараў і Вольга Корабава, якія жывуць у аграгарадку Паплавы.

І гэта недарэмныя словы, патрапіўшы ў госці на іх сядзібу, міжволі пранізваешся чароўнай сілай прыгажосці прыроды, якая струменіцца тут, здаецца, з кожнага куточка, ад кожнай дбайна дагледжанай расліны, кусціка і дрэўца. Як вынік, сёлета ў конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне і ўтрыманне сельскіх населеных пунктаў Бярэзінскага раёна іх падворак заняў першае месца ў Паплаўскім сельсавеце ў намінацыі «Лепшае добраўпарадкаванне і ўтрыманне прыватнага домаўладання і прыдамавой тэрыторыі».

Колькі працы ўклала сямейная пара, ствараючы свой райскі куток, можна толькі ўявіць. Але яно таго варта, бо як толькі ступіш за веснічкі, пройдзеш скрозь зялёны калідор вінаградніка і апынешся на падворку, лічы, што адразу патрапіў у амаль казачны свет, напоўнены фігуркамі жывёл і міфалагічных персанажаў. Ёсць тут і азярцо, аздобленае фантанам і шматлікімі ўпрыгожваннямі, і жабка сядзіць на камні, быццам зачараваная царэўна, і вожык імкліва бяжыць з ураджаем на калючых іголках, і бусел паважна крочыць па травяністым лузе.

А тутэйшы спакой парушае кот па мянушцы Блэк. Ён то з паважным выглядам па-гаспадарску абыходзіць падворак, які лічыць уласным уладаннем, то «нясецца» ў пагоні за здабычай. Катоў тут трое.

– Мы з мужам кожны год прыўносім у гэты краявід штосьці новае, – расказвае гаспадыня. – Набываем і высаджваем розныя кветкі, муж плануе, дзе, як і што будзе прыгожа выглядаць, і шчыруем удваіх на пару. Кветкі розныя ў нас: аксаміткі, папаратнікі, гартэнзія, клемацісы, і прызнацца, нават не ўсе назвы помняцца, але растуць, радуюць вока… Сем гадоў назад тут былі, як і ва ўсіх, градкі з розным зяленівам. Але мы перасталі іх садзіць і вырашылі зрабіць прыгожы газон, старыя яблыні спілавалі, насадзілі новых раслін і пастаянна штосьці дабаўляем.

Да размовы падключыўся муж Вольгі Уладзіміраўны – Мікалай Мікалаевіч, які расказаў, чаму вырашылі адмовіцца ад класічных вясковых градак з гароднінай і колькі сіл было ўкладзена ў іх сямейны праект.

– Захацелася зрабіць акультураную пляцоўку для адпачынку, каб дзеці маглі сабрацца ў госці ўсе разам (іх трое, старэйшаму 35 гадоў, малодшаму – 14) ды, напрыклад, пагуляць у бадмінтон. Для гародніны і бульбы мы пакінулі невялікі лапік зямлі ў пяць сотак, нам і хопіць, а вось тут ужо вырашылі разгуляцца, наколькі хопіць фантазіі і сродкаў. І гэта так захапляе, вось паверце! Мы тут яшчэ і басейн заўсёды ставім, праўда, сёлета гэта зрабіць не дазваляе надвор’е.

Далей гаспадар натхнёна распавядае, як выкладалася плітка на дарожках. Аказваецца, не ўсё так проста, як можа падацца на першы погляд. Муж і жонка ўзялі крэдыт у банку, адкладвалі з заробкаў грошы каля года, пасля купілі 200 квадратных метраў пліткі. І потым, дзе самі, дзе з дапамогай радні, рэалізоўвалі задуманае. Для кожнай сцежкі выкопвалі метр зямлі ў глыбіню. Перавярнулі глебы не адзін грузавы «МАЗ». Усё – уручную.

– Дасталі ўвесь чарназём і засыпалі пясчана-гравійную сумесь у некалькі розных слаёў, зрабілі дрэнаж. Гэта ўсё дзеля таго, каб сыходзіла вада і не апускалася плітка, – тлумачыць Мікалай Мікалаевіч.

Догляд жа за рознымі раслінамі – асобная тэма. Асабліва, калі мець на ўвазе кусты руж. Важна іх апрацаваць спецыяльным рэчывам супраць тлі, кляшча, мучністай расы, белакрылкі. Ад слізняў дапамагае звычайная соль – народны спосаб. А вось ад нашэсця мурашоў пакуль ніяк поўнасцю не пазбавіцца. Але галоўнае – мець клапатлівыя рукі, якія ствараюць, падтрымліваюць і множаць прыгажосць, а гэтага мужу і жонцы не займаць.

Нягледзячы на ўсё ўжо зробленае, планаў у гаспадароў яшчэ процьма. Па іх меркаванні да ідэальнага выгляду, як ім хочацца, яшчэ вельмі далёка. На сёлета ж запланавана яшчэ зрабіць лазню. Будынак ёсць, печку ўжо склалі, кацёл – куплены. Засталося яшчэ правесці шэраг работ.

– У перспектыве хачу яшчэ сабе сталярку паставіць, каб працаваць з дрэвам, – прызнаецца Мікалай Мікалаевіч.

Карацей, захапленне ў сям’і самае звычайнае – адвечнае і зямное. Муж працуе дворнікам, жонка – прадаўцом. Тут, у Паплавах, на роднай зямлі яны ствараюць сапраўдны зямны рай. І гэты прыклад варты пераймання.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць