Пакуль на вуліцы ноч, на хлебазаводзе віруе жыццё. Здаецца, многія і не падазраюць, што ў самы разгар іх сну ў палаючай печы гатуецца смачная прадукцыя с хрусткай скарынкай, якую мы ў дзяцінстве вельмі любілі надкусіць-адгрызці, пакуль неслі з крамы. Так, хлеб выпякаецца ноччу, каб раніцай трапіць на магазінныя прылаўкі. У чым жа сакрэт смачнасці прадукцыі бярэзінскіх вытворцаў?
.jpg)
– Наш хлеб унікальны тым, што ён натуральны, вырабляецца са звычайных інгрэдыентаў, цеста замешваецца з мукі, дражджэй, дадаецца соль. Закваска выпрацоўваецца з бактэрый, – дзеліцца сакрэтам цеставод Галіна Гамеза. – Аніякай хіміі мы не дадаём.
Тэхналогія вытворчасці нескладаная. Спачатку 15 хвілін замешваецца цеста, адну гадзіну займае браджэнне, у растоечнай шафе 40 хвілін цеста паднімаецца, і пасля выпякаецца ў печы на працягу 48 хвілін. Потым астывае на складзе, да якога раніцай ужо выстройваецца чарга з аўтатранспарту. Заўважым, прадукцыя прадаецца не толькі на Бярэзіншчыне, але яшчэ ў Крупскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім раёнах.
І хоць вырабляецца хлеб па дакладнай тэхналогіі, спрактыкаваныя прафесіяналы ўжо могуць «на вока» вызначыць гатоўнасць боханаў на кожным адмежку вытворчага працэсу. Цеставод мае ўжо 40 гадоў стажу і адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Аднойчы ўладкавалася на хлебазавод і тое стала справай на ўсё жыццё, хутка наступіць пара і працоўнага адпачынку.
Пачэсная справа
– Прыйшла сюды працаваць у 16 гадоў, – успамінае Галіна Уладзіміраўна. – У той час было яшчэ старае абсталяванне, тры печы, і цеста мы мясілі ўручную, выпякалася за змену па восем тысяч боханаў. Вярталася дадому з апухлымі рукамі і часам нават плакалася маме, меркавала кідаць работу, але маці казала: не. І раніцай устаю – трэба! Усё па новай. Зараз прасцей, працэс аўтаматызаваны, цеста замешваецца ў спецыяльным прыстасаванні.

У пекара Людмілы Саскавец таксама за плячамі ўжо 40 гадоў стажу, і хоць Людміла Мікалаеўна ўжо на пенсіі, працягвае шчыраваць на вытворчасці.
– Спачатку я была кандытарам і пэўны час працавала ў грамадскім харчаванні, – расказвае Людміла Мікалаеўна. – А потым перавялася ў хлебны цэх і ніводнага разу не пашкадавала.
Да слова, абедзве жанчыны родам з Дзмітравіч. Выпечка хлеба даўно для іх ужо стала больш чым проста прафесіяй. І набыты дзесяцігоддзямі вопыт гатовы перадаваць маладому пакаленню, пячы хлеб – справа пачэсная і высакародная.
І мужчыны-пекары
Хто сказаў, што выпечка хлеба гэта выключна жаночы занятак? Працуюць побач таксама і пекары-мужчыны Аляксандр Тубалеў і Дзмітрый Тугарынаў.
– Старанныя людзі, добрыя спецыялісты, – падкрэслівае начальнік вытворчасці Вольга Бурая. – Дарэчы, навучыцца пякарскай справе можна прама ў нас і потым разрад атрымаць, вопытных майстроў у нас дастаткова, было б у чалавека толькі жаданне вучыцца і працаваць.
Рабочая змена пачынаецца а сёмай вечара. Задзейнічаны дзве брагады па 8 чалавек разам з майстрам, якія працуюць па графіку два праз два. Зараз за ноч выпякаецца да 1400-2000 боханаў хлеба, 1200-1600 батонаў. Пік вытворчасці прыпадае на вялікія святы. За змену выпякаецца па 300-700 булак. А да Вялікадня іх колькасць бывае да 1000. І ўсё паспяваюць за 12 гадзін.
Не толькі «карзіначкі»
Сапраўдны кандытар – гэта мастак. І ў тым пераконваешся, калі патрапіш у кандытарскі цэх ды на ўласныя вочы пабачыш сапраўднае чараўніцтва, якое ўласнымі рукамі вырабляюць тутэшыя працаўніцы.
– Ці складана зрабіць пірожнае?
– Складана, займае шмат часу, – усміхаецца майстар Ірына Хендогая. – Напрыклад, сёння ўвесь дзень завіхаемся, бо назаўтра школы заказалі 400 пірожных. Мы спачатку выпякалі загатоўкі, склейвалі, складвалі, крэм рабілі са згушчонага малака. А яшчэ крэм бывае ў нас з вяршкоў, бялкоў, масла, у адпаведнасці з рэцэптурай. Кексы прасцей выпякаць: заклаў у форму, у печ паставіў, потым пудрай пасыпаў і – прыгажосць!
Уражвае, што ўвесь асартымент вырабаў, які можа даць кандытарскі цэх, налічвае звыш 200 найменняў. Тут вырабляюць усё, што карыстаецца попытам і заказваюць гандлёвыя сеткі: пячэнне, мучныя салодкасці, пірожныя, булачкі і самае разнастайнае смакоцце. Заварных пірожных кожны дзень амаль па 200 штук, і «карзіначак» кожны раз каля 300.
.jpg)
Сама Ірына Васільеўна майстарам працуе ўжо палову года, а агульны стаж на хлебзаводзе ў яе налічваецца 15 гадоў. Даўно працуе тут Валянціна Шык і іншыя. Прыходзяць у кандытарскі цэх працаваць і маладыя сілы. Напрыклад, Паліна Бабровіч прыйшла практыканткай, адпрацавала два гады і вырашыла застацца.
«Гарачы хлеб» запрашае
.jpg)
З хлебазавода прадукцыя пастаўляецца ў розныя гандлёвыя кропкі нашага горада і раёна. А найперш у самы вядомы і папулярны магазін сярод аматараў бярэзінскага хлеба – магазін «Гарачы хлеб», які існуе ўжо пяць гадоў. Раней на гэтым месцы быў магазін «Кладоўка», а да яго вядомы ўсім бярэзінцам «Каласок».
Зазвычай тут адбываецца па два завозы ў дзень. У ранішняй пастаўцы прывозіцца па трыццаць найменняў розных хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Прыкладна да 11.00 свежы хлеб і батоны ўжо на паліцах гандлёвай кропкі. У другі завоз, які адбываецца прыкладна ў 16.00, пастаўляецца свежы хлеб. Такім чынам бярэзінцы і госці горада могуць два разы на дзень купіць хлеб, які часам не проста свежы, але і гарачы, адпаведна з назвай магазіна. Водар яго напаўняе атмасферу памяшкання і палоніць нюхальныя рэцэптары пакупнікоў. Тут нават калі ты зайшоў у «Гарачы хлеб» не за хлебам, а зусім па іншай патрэбе, можаш спакусіцца і ўзяць духмяны бохан з прыемна падсмажанай скарынкай.
.jpg)
Да паслуг пакупнікоў у магазіне шчыруюць прадаўцы Галіна Каўко і Аксана Гальцова. Абаяльных жанчын ведаюць многія пакупнікі. Заўсёды ветлівыя і з прыемнай усмешкай прадаўцы раскажуць пакупнікам пра выкладзеную прадукцыю, свежасць, час завозу, дапамогуць вызначыцца з выбарам кандытарскіх вырабаў.
– Да нас заходзяць штодня па 250 пакупнікоў, трошкі раней бывала і па 400, – расказвае Аксана Гальцова. – Хлеба прывозяць за раз па 70 боханаў, батонаў прыкладна столькі ж, і раніцай ужо шмат людзей спяшаюцца за свежым хлебам.
Дарэчы, тут у продажы яшчэ тарты, печыва, пірожныя і іншае смакоцце. Гледзячы на іх папулярнасць сярод пакупнікоў, разумееш, што недарэмна прадукцыя Бярэзінскага райпо неаднойчы адзначалася на разнастайных конкурсах.
.jpg)
Напрыклад, на рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката-2024» салодкасці мучныя «Дуэт» і кекс «Сладость» атрымалі гран-пры II ступені, а каўрыжка «Шакаладная з разынкамі», здоба «Рулет макавы» і торт «Труфель» атрымалі залаты медаль. Батон «Юбілейны» адзначаны гран-пры ІІІ ступені на аналагічным аглядзе ў 2022-м.
Шмат узнагарод было і ў ранейшым. І няма ніякага сумнення, што будуць узнагароды і ў далейшым, бо працуюць на прадпрыемстве людзі добрасумленныя, гатовыя заўсёды радаваць бярэзінцаў смачнай прадукцыяй.
Дарэчы, мы завіталі ў магазін раніцай у час-пік, калі свежы хлеб толькі выклалі на паліцы і сустрэлі першых пакупнікоў:
– Калі бываю ў Беразіно, заўсёды заглядваю сюды за хлебам. Магазін вельмі падабаецца, бо хлеб тут бывае гарачым і заўсёды толькі свежым, – дзеліцца ўражаннямі Анастасія Лаўрыновіч, якая жыве ў Дулебах.
.jpg)
– Таксама, часта наведваюся ў “Гарачы хлеб”. Сёння ж у мяне асаблівы дзень, я здала на правы, трэба адзначыць свята, выбрала тут торт – вялікі і прыгожы, – прадэманстравала набыццё Вольга Тукач.
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.