Закройшчык мужчынскага верхняга аддзення і кравец Марына Харловіч працуе тут з далёкага 1982 года, з моманту, калі толькі прыехала на работу па размеркаванні. І гэтую працавітую і адказную жанчыну на Бярэзіншчыне ведаюць амаль усе жыхары, бо многім патрабуюцца паслугі прафесійнай швачкі.
– Складана і сказаць, колькі за дзень даводзіцца прыняць заказаў, таму без справы не сяджу, - гаворыць Марына Уладзіміраўна. – Як толькі што-небудзь прыносяць парамантаваць ці пашыць, так адразу і бяруся за работу. Падабаецца!
.jpg)
Дарэчы, Марына Уладзіміраўна ўжо тры гады на заслужаным адпачынку, і не ўяўляе сабе іншага занятку, як той, чым займаецца ўсё жыццё. Сама жанчына родам з Лагойшчыны, вёскі Зазер’е. Адразу разам з бацькамі пераехала ў Бараўляны, а потым яна сама патрапіла ў Беразіно.
– Мяне з сяброўкай пераманіла на Бярэзіншчыну прыехаць па размеркаванні пасля вучобы тагачасная дырэктар РКБА па прозвішчы Іваніцкая. І як уладкавалася я аднойчы, так і працую да гэтай пары, толькі ў дэкрэтны водпуск выходзіла. Выдатна помню майстроў тых часоў, якія працавалі ў нас. Красоўскі быў маім першым настаўнікам, ён займаўся пашывам штаноў, а Клябанаў шыў касцюмы, паліто і рознае верхняе адзенне.
Што і казаць, у свой час узгаданыя асобы, як і сама Марына Харловіч, уласнай сумленнай працай стваралі наш горад, і як бы пафасна ні гучала, рабілі нашу гісторыю.
.jpg)
Індывідуальны падыход
Зараз жа ў РКБА гэтая жанчына, як паважаны вопытны майстар, з задавальненнем выконвае заказы многіх наведвальнікаў. Напрыклад, тут можна пашыць касцюм. Марына Уладзіміраўна зніме меркі, дапаможа падабраць тканіну, выбраць фасон і - калі ласка! – якасны прадукт, выкананы пад індывідуальны заказ будзе хутка гатовы. Згадзіцеся, мужчынам часам даволі складана купіць сабе гатовы касцюм у магазіне. Шырспажыў даецца ў знакі: то патрэбных памераў няма, то тканіна не падабаецца, то пашыў не той. У Бярэзінскім РКБА дапамогуць любому: толькі індывідуальны падыход і ручная работа майстра са шматгадовым стажам, бо тут ведаюць, як павінен выглядаць джэнтльмен. Таксама тут можна пашыць і жаночае адзенне, спадніцы, камізэлькі.
.jpg)
Пра перспектывы
Швейны цэх Бярэзінскага РКБА пад заказ вырабляе для арганізацый спецадзенне. Пры гэтым заказы паступаюць не толькі ад арганізацый Бярэзіншчыны, але і іншых раёнаў Міншчыны і нават іншых абласцей Беларусі. Спецадзенне для будаўнікоў, работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, іншых, летнія і зімнія варыянты. У вытворчасці задзейнічана 5 работніц, якія выконваюць заказы з давальнай сыравіны. На першым паверсе можна купіць гатовае адзенне: касцюмы і камізэлькі камуфляжныя для паляўнічых і рыбаловаў, або зрабіць заказ на пашыў. Дарэчы, спрабуюць тут шыць таксама пасцельныя прыналежнасці.
.jpg)
– На дадзены момант швейны цэх выконвае заказ на спецадзенне для “Гроднаэнерга”, - расказвае в.а. галоўнага бухгалтара Таццяна Бубенка. – Паступае таксама шмат заказаў на рамонт адзення: каму замок ушыць, каму падрэзаць. Сапраўдны ажыятаж асабліва адчуваецца перад пачаткам кожнага навучальнага года, калі масава звяртаюцца бацькі з просьбай падкараціць ці перашыць школьныя касцюмы дзецям. Наогул, работы ў нас дастаткова, стараемся. Заказаў жа на пашыў спецадзення дастаткова, і тое дазваляе аптымістычна глядзець на перспектывы РКБА.
Заходзьце, калі ласка!
Што ж датычыцца Марыны Харловіч, яе вопыт і любоў да справы дома з задавальненнем пераймае ўнучка Ксенія. Як кажуць, гены перадаюцца праз пакаленне.
– Яна ў нас таксама рукадзельніца, бярэ ў бабулі тканіну і шые адзенне лялькам, - з задавальненнем распавядае Марына Уладзіміраўна. – Яшчэ ўсякія канструктары збі-раць аматарка.
Тое і выдатна, калі ёсць каго навучыць любімай справе, перадаць веды і вопыт. У астатнім жа, подводзячы выснову, скажам, што паслугам РКБА дадатковая рэклама не патрабуецца. Акрамя пашыву і рамонту адзення, тут аказваюцца і многія іншыя паслугі, пра якія мы напішам у наступных выпусках нашай рубрыкі. Асабіста ад сябе ж скажу, што калі мне спатрэбіцца пашыць новы пінжак, абавязкова звярнуся ў РКБА.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.