Раім прачытаць

Date 07.12.2021 Man
Comment 917

Расказваем далей пра цікавыя кнігі і новыя выданні, якія маюцца ў раённай бібліятэцы.

Уладзімір ЦАНУНІН. ЛЮСТЭРКА

Ізноў у нас вершаваны гумар як слушная прапанова чытачам. Смех гэта тэрапія. Як казаў вядомы барон Мюнхгаўзен: усміхайцеся, сябры, усе вар’яцкія ўчынкі людзі робяць з сур’ёзнымі тварамі.

З камічнымі сітуацыямі мы сустракаемся амаль кожны дзень у нашым жыцці. Шмат хто нават у сур’ёзным можа ўбачыць смешнае. Гэта тыя, каму ад прыроды ўласціва пачуццё гумару. Няма сярод беларусаў, бадай, ніводнага чалавека, які б з задавальненнем не слухаў анекдоты.

Усё тое, што ёсць у гэтай кніжцы, было пачута аўтарам у розных кутках нашай Беларусі. Ён вырашыў данесці да чытача бліскучы беларускі гумар у вершаванай форме.

Пра аўтара: нарадзіўся на Магілёўшчыне, настаўнік гісторыі, член Народнага клуба самадзейных паэтаў і кампазітараў “Жывіца”, удзельнік Народнага калектыва аўтарскай песні “Элегія”, які з’яўляецца лаўрэатам нацыянальных і міжнародных фестываляў.

Барыс АКУНІН. КВЭСТ

Барыс Акунін вядомы не толькі як стваральнік працяглага серыяла пра прыгоды Эраста Фандорына, але яшчэ як і вялікі эсперыментатар. Прафесійны літаратар па адукацыі і па прызванню ладзіць літаратурныя гульні, містыфікацыі, стылізацыі, і нават піша серыял, прысвечаны гісторыі Расіі. Калі Акунін бярэцца за пяро (садзіцца за камп’ютар), гэта гарантыя ўбачыць на выхадзе якасную літаратуру, зазвычай дэтэктыўна-прыгодніцкага характару. Нават уласную навукова-папулярную серыю па гісторыі Георгій Чхарцішвілі (сапраўднае імя пісьменніка) суправаджае мастацкімі раманамі, якія напоўніцу адлюстроўваюць характар ягонай публіцыстыкі. А чаго варты літаратурныя праекты, створаныя пад псеўданімамі Ганна Барысава і Анатоль Бруснікін. Мноства імёнаў і мноства стыляў.

На гэты раз майстар прапануе нешта дасюль мала чуванае ў літаратурным свеце на рускамоўнай прасторы: раман – камп’ютарную гульню. Гэты вострасюжэтны твор створаны па правілах камп’ютарнай гульні і поўны прыгодаў. Рэдкі выпадак, калі кнігу можна не толькі чытаць, але яшчэ ў яе і гуляць.

Хуліа КАРТАСАР. УСЕ АГНІ – АГОНЬ

Гэты пісьменнік стаў сусветным класікам яшчэ пры жыцці.

Прызнаны майстар навэлы, Картасар з усё адказнасцю ставіўся да жанру апавядання. Так і казаў: “Раман заўсёды перамагае па балах, апавяданне павінна ж выйграць накаўтам”.

І сапраўды так. Кожнае яго апавяданне адрозніваецца яркім малюнкам падзей і вобразаў, і нечаканай вострай канцоўкай, нярэдка з адценнем чорнага гумару, пасля якога чытач вымушаны на нейкі час адкласці кнігу, каб перавесці дыханне.

У сваіх творах Картасар майстэрскі пераплятае будзёнае жыццё з фантастычным вымыслам, героі яго твораў амаль заўсёды існуюць у двух іпастасях – у цесных межах цялеснай абалонкі і ў бязмежнай прасторы свядомасці. Можна шмат яшчэ сказаць, аднак лепш прачытаць самім. Кніга маецца ў раённай бібліятэцы.

Аглядаў кніжкі Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Лістапада 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30