Вам складана ў жыцці? Выхад ёсць!

Date 15.03.2022 Man
Comment 877
Вам складана ў жыцці? Выхад ёсць!

Што рабіць, калі ў вас раптоўна склалася цяжкая жыццёвая сітуацыя і не даць рады з-за абставін?

Самы час звярнуцца за дапамогай у аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Бярэзінскага ТЦСАН. Аднак цяжкія сітуацыі ў жыцці бываюць розныя. Каму ж аказваецца дапамога? Пра гэта і іншае расказвае загадчык аддзялення Настасся Кушнер:

- Адпаведна з законам людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць у нашым аддзяленні бясплатна атрымаць псіхалагічную і сацыяльную дапамогу. Спектр нашых паслуг прадугледжвае многае: мы аказваем дапамогу сем’ям у пераадоленні міжасобасных і сямейных канфліктаў, аказваем гуманітарную дапамогу, дапамагаем людзям, пацярпелым ад гвалту. Спецыялісты аддзялення арганізоўваюць комплекс паслуг у рамках “сацыяльнага патранату” і “суправаджальнага пражывання”
Іншымі словамі, мы садзейнічаем у сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Важна ведаць, псіхалагічная дапамога ад нас заўсёды канфідэнцыяльная.

- Як гэта выглядае на практыцы? Прывядзіце прыклад.

- У поле нашай дзейнасці трапляюць сем’і, якія трапілі пад увагу дзяржаўных органаў, але не атрымалі статус знаходжання ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Мы разбіраемся дэталёва ў кожнай сітуацыі. Дапамагаем, калі былі выпадкі сямейнага гвалту, калі хтосьці ў сям’і злоўжывае алкагольнымі напоямі.

Наша псіхалагічная дапамога падмацоўваецца пэўнымі практычнымі дзеяннямі. Напрыклад, звяртаецца бярэзінец з канкрэтнай праблемай: хоча пазбавіцца алкагольнай або нарказалежнасці. Мы дапамагаем знайсці адпаведнага спецыяліста. Таксама дапамагаем працаўладкавацца. Прапаноўваем з'явіцца на пасяджэнне камісіі для незанятых у эканоміцы, якая збіраецца 2 разы на месяц. На камісію збіраюцца кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, дзе маецца патрэба ў спецыялістах, і на месцы вырашаецца праблема, прапаноўваецца працоўнае месца. Быў выпадак аднойчы, калі чалавек прыбыў на камісію з працоўнай кніжкай і пасведчаннем аб адукацыі, і адразу ўладкаваўся. Калі коратка, мы дапамагаем людзям вызначыць, якія ў іх праблемы і накіроўваем у рэчышча іх вырашэння.

- А што такое сацыяльны патранат?

- Вось звярнулася да нас сям’я, якая хацела наладзіць адносіны паміж сабою, папрасілі яшчэ, каб псіхолаг папрацаваў з дзіцем. Мы сазваніліся са школай, высветлілі абставіны вучобы школьніка, патлумачылі, што дзейнічаем па просьбе бацькоў. Адміністрацыя навучальнай установы пракансультавала нас у поўным аб’ёме, расказала пра карэкцыю, якую яны могуць правесці ў дачыненні да дзіцяці. Мы распрацавалі план сумеснай работы. Далей з сям’ёй працаваў псіхолаг нашага аддзялення, і ў дадатак з дзіцем працаваў псіхолаг школьны. І гэта не адзіны выпадак. Такім чынам, мы “патрануем” сем’і, у якіх склалася цяжкая жыццёвая сітуацыя.

- Што маецца на ўвазе пад “суправаджальным пражываннем”?

- Работа з сіротамі. Яны знаходзяцца ў нас на ўліку. Мы высвятляем іх лад жыцця, які спектр паслуг ім патрабуецца. На дадзены момант на ўліку аддзялення знаходзіцца 10 чалавек ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Адпаведна з заканадаўствам да 23-гадовага ўзросту сіроты маюць права на ільготы: ад атрымання бясплатнай адукацыі да пастаноўкі ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Мы можам нават дапамагчы ўладкавацца на працу і вырашыць пытанне з інтэрнатам.

Напрыклад, аднойчы да нас звярнуўся такі юнак, сірата, нічога не меў звычайных бытавых рэчаў, нават коўдры і падушкі. Сабралі яму рэчы з гуманітарнай дапамогі, нават салодкі сувенір, дапамаглі з жыллём і працай. Зараз штогадова наведваемся, цікавімся, ці патрэбна дапамога яшчэ.

Мы дапамагаем усім сіротам, якія ў нас на ўліку. Аднак бываюць і выключныя выпадкі. Звярнуўся малады чалавек, які вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, і пакуль быў у зняволенні, выйшаў з узроставай планкі, калі меў права на льготы. Мы таксама дапамаглі, чым змаглі.

Таксама на ўліку і сіроты з 17-гадовага ўзросту, аднак да паўналецця яны павінны быць эмансіпіраваныя.

- Што ёсць эмансіпацыя ў дадзеным выпадку?

- Прызнанне чалавека поўнасцю дзеяздольным, калі ён атрымлівае правы паўналетняга грамадзяніна, бо да гэтага моманту чалавек знаходзіцца пад апекай, павінен мець апекуна. Напрыклад, нядаўна звярнуўся юнак, якому толькі ў красавіку спаўняецца 18 гадоў, аднак яго ўжо прызналі эмансіпіраваным, прадаставілі для пражывання інтэрнат, ён працуе, ужо нават збіраецца змяніць месца працы, марыць пайсці ў ахову.

- Раскажыце пра паслугі, якія могуць атрымаць людзі, якія перажылі сямейны гвалт.

- У дадзеным накірунку работа не была б поўнай без удзелу супрацоўнікаў Бярэзінскага РАУС. Ахоўнікі правапарадку ў час выкліку на сямейна-бытавыя сваркі прапаноўваюць ахвярам хатняга гвалту азнаёміцца і падпісаць інфармацыйную згоду для работы з нашымі спецыялістамі. Дадзеная інфармацыя трапляе ў наша аддзяленне для своечасовага аказання псіхалагічнай падтрымкі пацярпеламу, або для прадастаўлення часовага прытулка, калі знаходжанне пад адным дахам з агрэсарам немагчыма або дадае ахвяры гвалту дадатковы стрэс. Для атрымання падобнай паслугі ў аддзяленні функцыянуе “крызісны пакой”, і каб атрымаць такую дапамогу, варта званіць па кругласутачным телефоне 8(029)984-93-26.

Напрыканцы хачу зазначыць: ніколі не позна прызнацца самому сабе, што патрабуецца дапамога. Падобнае прызнанне ёсць сведчанне не слабасці духу, а жаданне змяніць жыццё. Калі ласка, званіце да нас па нумары “экстраннай псіхалагічнай дапамогі”: (801715) 69002.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31