Раім прачытаць

Date 23.03.2022 Man
Comment 957
Раім прачытаць

Працягваем разглядаць цікавыя кнігі і новыя выданні, якія можна папытацца ў раённай бібліятэцы. Кнігі на любы густ.

Яўген ХВАЛЕЙ. А НА БЕРАЗЕ ТЫМ…

Выдавецтва “Чатыры чвэрці” прапануе твор ад яскравага прадстаўніка старэйшага пакалення пісьменнікаў. У рамане “А на беразе тым…” паказаны няпростыя жаночыя лёсы. У цэнтры – зусім маладая жанчына, якая шукае сваё шчасце за мяжой на востраве Крыт, і другая, ужо добра выпрабаваная жыццём, сустракае – ажно праз трыццаць гадоў – былое першае каханне… Дзве жанчыны вельмі непадобныя, але яны жадаюць аднаго: шчасця. Першай крыху больш за дваццаць, другой пераваліла за паўвека. Іх каханне розніцца, як розніцца іх узрост. Кожная дасягае шчасця рознымі шляхамі і сваім сцверджаннем. Абраннікі – таксама амаль гэткія ж: да мэты ідуць адзін па-сучаснаму лёгка, другі – праз доўгія цяжкія выпрабаванні.

У герояў наперадзе – жаданы бераг надзеі, кахання. Іх будуць не толькі пяшчотна лашчыць атласныя пялёсткі руж, але і падпільноўваць вострыя, колкія шыпы.

Мне здаецца, кніг падобнага кшталту у сучаснай айчыннай літаратуры мала, а тым больш ад прадстаўніка яшчэ савецкага пакалення літаратараў (сам аўтар нарадзіўся ажно ў 1947 годзе). Найперш будзе цікава жанчынам, якія чытаюць па-беларуску.

 

Аляксандр КАРПАЎ. КІДОК З ЦЕМРЫ.

Зіма 1943 года. Савецкія войскі падступаюць з баямі да Арла. Каб высветліць, як арганізавана абарона праціўніка, а заадно захапіць “языка”, у тыл да немцаў выпраўляецца група разведчыкаў. У іх ліку чырвонаармеец Ягор Шчукін, на рахунку якога ўжо некалькі небяспечных рэйдаў за лінію фронта. Разведчыкам атрымоўваецца пранікнуць на пазіцыі гітлераўцаў і ўзяць у палон нямецкага афіцэра. Аднак неўпрыкмет адысці не выходзіць – фашысты кідаюцца ў пагоню. Шчукін у адзіночку вырашае прыкрыць адыход таварышаў. Сітуацыя крытычная, ён ужо рыхтуецца да гераічнай смерці, калі раптоўна нечакана атрымлівае дапамогу, на якую нават не мог разлічваць…

На вокладцы кнігі маецца пазнака “раманы, напісаныя ўнукамі франтавікоў”. Можна шмат казаць, што, несумненна, гэта камерцыйны ход, але ж той самы выпадак, калі падобнае сябе апраўдвае. Асабліва сёлета, у год гістарычнай памяці, калі мы аднаўляем успаміны пра гераічнае мінулае адзінага шматнацыянальнага народа, які з’яднаўся у барацьбе супраць ворага.

Напісана захапляльна, з эфектам прысутнасці і кінематаграфічна.

 

Самюэль БЬЁРК. ХЛОПЧЫК У СВЯТЛЕ ФАР.

Трылер па-скандынаўску. Пад імем Самюэля Бьёрка хаваецца нарвежскі пісьменнік, драматург і спявак Фрудэ Сандэр Эйен. Першую п’есу ён напісаў у 21 год, за ёю выдаў тры раманы, якія набылі папулярнасць у Нарвегіі і былі перакладзеныя на трыццаць моў. Засценлівы артыст-самавук Эйен таксама выпусціў шэсць музычных альбомаў, напісаў пяць тэатральных п’ес і перакладаў Шэкспіра. Пра што ўласна кніга?

Высока ў гарах паліцэйскія знаходзяць труп дзяўчыны ў балетным касцюме. Побач выяўляецца старонка з кнігі “Браты Львінае Сэрца” і фотакамеру, у аб’ектыве якой нашкарабана лічба “4”. Хутка высвятляецца, што балярыну забілі ўколам антыфрыза ў сэрца. За справу бярэцца каманда Холгера Мунка. Хутка знаходзяць яшчэ адзін труп: малады джазіст ляжыць на ложку ў хосцеле, грае музыка, на сцяне надпіс з мультфільма “Бэмбі”: “Глядзі, што я ўмею”. У аб’ектыве камеры, якая стаіць побач, можна заўважыць лічбу “7”. Паліцэйскія ламаюць галовы і не даюць рады, што прадпрыняць. Сітуацыя накаляецца… “Леденящий душу триллер”, - як сказалі ў адным кіно. Для аматараў жанру. 

Аглядаў кніжкі Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Лістапада 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30