Тым не менш, іменна спажыўкааперацыя застаецца асноўным звяном у працэсе забеспячэння таварамі першай неабходнасці сельскіх жыхароў, асабліва з малалюдных населеных пунктаў. Свой адбітак на работу ўносіць і рэарганізацыя сістэмы спажыўкааперацыі вобласці, у выніку якой Бярэзінскае райспажыўтаварыства стала філіялам Мінскага абласнога спажывецкага таварыства і абслугоўвае не толькі наш раён, а і Чэрвеньскі і частку Барысаўскага.
Тым не менш, работнікі прылаўка Бярэзіншчыны і ў такіх умовах імкнуцца захаваць свайго пакупніка, ідуць яму насустрач, пашыраюць асартымент прапануемых тавараў і ўласнай прадукцыі. Так, летась Бярэзінскі філіял рэалізаваў насельніцтву тавараў на 21,3 мільёна рублёў, што склала толькі 88,2% да 2020 года. І гэта заканамерна для сённяшніх рыначных умоў. Ёсць і іншыя лічбы, якія гавораць на карысць Бярэзінскага філіяла. Напрыклад, гандлёвыя пункты спажыўкааперацыі ў горадзе складаюць толькі 8% ад існуючых у Беразіно, а яны забяспечылі 23,2% ад агульнага аб’ёму рознічанага тавараабароту ў райцэнтры. Яшчэ прыклад. Тавараабарот аўталавак з году ў год мае толькі станоўчую дынаміку і складае ў месяц 27 тысяч рублёў на адзін аўтамагазін. Пры гэтым яны маюць вялікую працягласць маршрутаў, і для таго, каб рэалізаваць тавараў на тысячу рублёў, патрэбна праехаць у сярэднім 135 кіламетраў, што ўплывае на стратнасць абслугоўвання сяла (сума транспартных расходаў аўтамагазінаў пры абслугоўванні насельніцтва сельскай мясцовасці склала 44% усіх транспартных расходаў філіяла).
Між тым, гандлёвае абслугоўванне – не адзіны від дзейнасці Бярэзінскага філіяла аблспажыўтаварыства. Узяць да прыкладу тое ж грамадскае харчаванне. Рознічны тавараабарот гэтага віду дзейнасці, нягледзячы на ўнесеныя пандэміяй складанасці, склаў 1,7 мільёна рублёў. Уласнай прадукцыі тут выпушчана на мільён рублёў і пятая яе частка рэалізавана ва ўласнай гандлёвай сетцы. Грамхарчгандаль прымае ўдзел у правядзенні кірмашоў, клапоціцца аб рэгулярным абнаўленні меню, захаванні сеткі аб’ектаў грамадскага харчавання, у тым ліку і прыдарожнага сэрвісу.
Нарыхтоўчая дзейнасць філіяла заўсёды была прыбытковай. За мінулы год аб’ём закупак склаў 3,1 мільёна рублёў. Было закуплена 158 тон бульбы, 352 тоны гародніны, 695 тон садавіны, 627 тон мясапрадуктаў. Выканана заданне пастаўкі лому чорнага і каляровых металаў, адходаў паперы, кардону і шкла для дзяржаўных патрэб. Павелічэнню нарыхтоўкі дзікарослых ягад будзе садзейнічаць новая камера шокавай замарозкі на 25 тон.
Асаблівасцю дзейнасці прамысловай галіны філіяла з’яўляецца тое, што яна забяспечвае прылаўкі магазінаў натуральнымі прадуктамі запатрабаванага асартыменту. Так, за мінулы год выпушчана 750 тон хлеба і хлебабулачных вырабаў, 40 тон – кандытарскіх, 51 тона каўбасных вырабаў, 217 – мясных паўфабрыкатаў, перапрацавана 716 тон мяса і г.д. У цэлым аб’ём вытворчасці склаў 5,4 мільёна рублёў (106,1% прагнознага тэмпу росту). Летась у рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Смаката-2021” і на 27-й міжнароднай спецыялізаванай выставе “Прадэкспа2021” прадукцыя бярэзінскіх спецыялістаў атрымала высокую ацэнку.
Гэтыя і многія іншыя факты былі агучаны ў час правядзення справаздачнага сходу упаўнаважаных Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства, на якім з дакладам выступіла дырэктар філіяла Валянціна Барысевіч. Дапоўнілі яе намеснік дырэктара філіяла па знешнеэканамічнай дзейнасці, прамысловасці і нарыхтоўках Віктар Грузд, начальнік аддзела арганізацыі гандлю Любоў Жукоўская, вядучы бухгалтар аддзела прамысловасці, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Алеся Несцяровіч, упаўнаважаная, старшыня Капланецкага сельвыканкама Любоў Забаронак.
Сваю станоўчую ацэнку рабоце Бярэзінскага філіяла выказалі намеснік старшыні райвыканкама Павел Сугака, намеснік старшыні Мінскага аблспажыўтаварыства па нарыхтоўках і знешнеэканамічнай дзейнасці і прамысловасці Святлана Чэкан, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Мінскага аблспажыўтаварыства і прадпрымальніцтва Алена Дзеравяшкіна. У прыватнасці, адзначалася, што па выніках мінулага года Бярэзінскі філіял стаў адным з трох філіялаў вобласці, які паспяхова выканаў тры прагнозныя паказчыкі і папрацаваў з прыбыткам.
А найвышэйшай ацэнкай работы стала прысуджэнне філіялу ўнікальнай узнагароды Міністэрства гандлю – бронзавага Меркурыя. Вопыт бярэзінскіх хлебапёкаў мяркуецца распаўсюдзіць на іншыя рэгіёны вобласці, для чаго сёлета на базе нашага раёна будзе арганізаваны семінар-вучоба.
Дарэчы, сёлета аддзелу прамысловасці філіяла спаўняецца 50 гадоў. Гэтую дату не маглі не ўзгадаць на мерапрыемстве. З гісторыяй стварэння хлебазавода і яго працаўнікамі прысутных пазнаёміла старшыня райкама прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі Наталля Краснякова. Запрошаныя ветэраны вытворчасці ў знак удзячнасці за іх плённую працу атрымалі кветкі.
Працягам урачыстасці стала ўручэнне лепшым работнікам філіяла Ганаровых грамат, грамат і падзяк Мінскага абласнога спажыўтаварыства і Бярэзінскага філіяла.
Алена Дзеравяшкіна і Наталля Краснякова
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.