Беражыце зубы

Date 30.03.2022 Man
Comment 1328
Беражыце зубы

Жыццёва важнай аксіёме, што зубы трэба берагчы, нас вучаць з дзяцінства.

І гутарка зараз зусім не пра тое, што варта пазбягаць экстрэмальных сітуацый, калі па зубах можна атрымаць. Размова менавіта пра тое, што лагодная ўсмешка “на ўсе трыццаць два”, з дэманстрацыяй здаровых зубоў, можа быць гарантам і індыкатарам здароўя, жыццёвага поспеху і як мінімум прычынай добрага настрою. Як жа зберагчы зубы? На гэтую тэму мы размаўляем з урачом-стаматолагам-хірургам, загадчыкам стаматалагічнага аддзялення УАЗ “Бярэзінская ЦРБ” Генадзіем Стэльмахам.

- Генадзій Уладзіміравіч, раскажыце пра зубныя хваробы.

- Найбольш распаўсюджаныя зубныя хваробы – карыес і захворванні перыядонта. Сёння яны маюцца амаль у кожнага жыхара нашай краіны.

Карыес – гэта разбурэнне зуба, пачынаецца з маленькай плямкі на паверхні зуба, часцяком ва ўглубленнях на каронцы, а таксама паміж зубамі. Карыес выклікаецца ўздзеяннем кіслаты, якая выпрацоўваецца бактэрыямі зубнога налёта з салодкіх кампанентаў харчу.

Захворванні перыядонта праяўляюцца крывацечнасцю дзёсен, гноецячэннем з дзёсневых карманаў, расшатваннем і выпадзеннем зубоў. Прычына падобных паталогій – бактэрыі зубнога налёта, калі ён надоўга затрымліваецца на зубах, асабліва ў цяжкадаступных для чысткі месцах (скучанасць зубоў, навісшыя краі пломб, зубныя пратэзы, кепска паліраваныя пломбы). Асабліва шкодны для перыядонта зубны камень (прапітаны кальцыем зубны налёт).

- Якім чынам можна папярэдзіць той самы карыес?

- Выдаленнем зубнога налёта і камня (індывідуальная і прафесійная гігіена поласці роту). Змяншэннем колькасці цукру ў рацыёне харчавання. Выкарыстоўваннем злучэнняў фтора для ўмацавання зубной тканкі і павышэння ўстойлівасці да кіслаты.

- Але ж мы так усе прывыклі да салодзенькага, шакаладных батончыкаў і пячэння, торцікаў, разнастайных газаваных напояў…

- Дзякуючы вопыту, які назапасіўся ў даследчых лабараторыях і клініках, навукоўцы даказалі, што найбольш важным фактарам, які выклікае карыес, з’яўляецца частата і колькасць прыёму цукру. Прачытайце ўважліва, колькі цукру змяшчае ў сабе любы кандытэрскі выраб, колькі яго ў напоях і зрабіце правільныя высновы. Як урач-стаматолаг я наогул рэкамендую салодкую ежу і напоі не ўжываць. Калі патрабуецца перакусіць паміж асноўнымі прыёмамі ежы – звычныя сладасці лепш замяніце на грубы хлеб, несалодкі кефір, сыр, малако або сырую гародніну. Чай піць лепш за ўсё несалодкі, а замест пірожнага аддайце перавагу несалодкаму пячэнню.

- Як правільна чысціць зубы?

- Скажу адразу, рэгулярная штодзённая гігіена поласці роту – найбольш практычны сродак прафілактыкі зубных хвароб. Чысціць зубы трэба не менш 2-х разоў за дзень. Пасты можна выціскаць на вільготную зубную шчотку не шмат, хопіць і паловы сантыметра.

Для эфектыўнай чысткі важны памер рабочай часці (галоўкі) зубной шчоткі. Для дарослага чалавека прымальная даўжыня 22-28 міліметраў і 10-13 міліметраў у шырыню. Для дзяцей адпаведна 20 і 10 міліметраў. Валокны шчоткі павінны быць няйлонавымі, бо гэты матэрыял валодае найлепшымі фізічнымі ўласцівасцямі.

Таксама пры неабходнасці варта прымяняць флосы (зубныя ніці), зубачысткі і зубныя ершыкі, аднак іх можна выкарыстоўваць толькі па парадзе стаматолага, і трэба навучыцца іх правільна выкарыстоўваць, каб не пашкодзіць дзясну.

- Вышэй вы абмовіліся пра карысць злучэнняў фтора, дзе іх можна знайсці?

- Ужывайце фтарыраваную харчовую соль, перавага якой заключаецца ў тым, што разам з соллю у поласць роту чалавека штодзённа трапляе фтор. Такая соль неабходная не толькі дзецям, але і дарослым, і пажылым людзям для папярэджвання карыеса. Аднак пры набыцці фтарыраванай солі спачатку трэба ўпэўніцца, што вам прапаноўваюць якасны прадукт (павінен утрымліваць не менш 250 мг актыўнага фтора на 1 кілаграм солі). У Рэспубліцы Беларусь з-за дэфіцыту фтора ў пітной вадзе, рэкамендуецца выкарыстоўваць таксама фтораўтрымальныя зубныя пасты. Канцэнтрацыя актыўнага фтора ў іх павінна быць у межах 0,1-0,15 працэнта, што рэкамендуецца і дзецям і дарослым.

- Напрыканцы лагічнае пытанне: што рабіць, калі замест родных зубоў ужо стаяць штучныя, ці варта іх чысціць?

- Канечне! Штучныя зубы і пратэзы таксама неабходна чысціць. Асаблівасць дагляду за маставіднымі пратэзамі заключаецца ў неабходнасці ўдалення зубнога налёта і пад пратэзам, што нельга зрабіць зубной шчоткай, а толькі міжзубнымі ёршыкамі і флосамі.

Наогул жа хачу падкрэсліць, каб большы тэрмін жыцця карыстацца роднымі зубамі, не чакаючы штучных, трэба рэгулярна наведвацца на прыём да ўрача-стаматолага пажадана 2 разы на год і выконваць яго рэкамендацыі.

 Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

 Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31