Выкананне комплекснага плана па прафілактыцы правапарушэнняў
З дакладам па першай тэме выступіў начальнік аддзела аховы, прафілактыкі і правапарадку Бярэзінскага РАУС Сяргей Шкуратаў.
Ён адзначыў, што ў мінулым годзе ўдалося забяспечыць выкананне запланаваных мерапрыемстваў. Аднак аналіз крымінагеннай абстаноўкі ў раёне паказаў, што летась колькасць зарэгістраваных злачынстваў па лініі ўсіх службаў павялічылася на адну адзінку. За справаздачны перыяд зарэгістравана 14 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.
У цэлым колькасць зарэгістраваных злачынстваў знізілася толькі на тэрыторыі г. Беразіно і Пагосцкага сельвыканкама.
Што да зарэгістраваных злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, то іх колькасць у 2021 годзе знізілася са 154 да 145, пры сярэднеабласным зніжэнні на 8,9% і сярэднерэспубліканскім на 5,0%.
Структуру злачынстваў дадзенай лініі ў сваёй большасці склалі крадзяжы маёмасці (93), хуліганствы (8), факты збыту каштоўнасцей, здабытых злачынным шляхам (6), пагрозы забойствам (6), незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі і боепрыпасаў да яе (5), угоны (4) і прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў (4).
Таму няспынна вядзецца работа па папярэджанні дадзеных злачынстваў.
Акцэнтаваў увагу на выкананні Плана і пракурор Бярэзінскага раёна Дзмітрый Макарэвіч:
– Патрэбна больш цесна ўзаемадзейнічаць усім суб’ектам прафілактыкі, – зазначыў Дзмітрый Пятровіч. – Каб прафілактычная работа была эфектыўнай, нельга дапускаць безадказнасці і фармалізму.
– Узмацніць работу ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, – паставіў задачу старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук. – Больш жорстка ставіцца да парушальнікаў. Бо, на жаль, у нашым раёне даволі значны ўзровень правапарушэнняў.
Звароты грамадзян
Абмеркавалі на пасяджэнні і не менш важнае пытанне аб рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. № 2 "Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва". Па дадзенай тэме выступіў кіраўнік спраў райвыканкама Міхаіл Бурцаў.
Мясцовай уладай рэгулярна праводзяцца выязныя і асабістыя прыёмы грамадзян, штотыднёвыя прамыя лініі.
А гэта значыць, што бярэзінцы не застаюцца сам-насам з цяжкасцямі. Сёння ў іх ёсць мноства магчымасцей данесці кампетэнтным органам інфармацыю пра наяўнасць праблемы ў рэгіёне, каб разам знайсці выйсце са складанай сітуацыі.
– Агульная колькасць пісьмовых, вусных і электронных зваротаў грамадзян, якія паступілі ў райвыканкам за 2021 год, склала 386 зваротаў, што на 71 больш папярэдняга года. З іх пісьмовых – 264. У ходзе правядзення вусных прыёмаў да кіраўніцтва райвыканкама звярнуліся 122 чалавекі, што ў два разы больш у параўнанні з мінулым годам, у тым ліку да старшыні райвыканкама - 104. Усяго на адзінку да 2020 года ўзрасла колькасць электронных зваротаў, іх паступіла 83.
Рост вусных зваротаў абумоўлены тым, што яны застаюцца найбольш зручнай і даступнай для насельніцтва формай узаемадзеяння з дзяржавай.
ЖКГ, дарогі і зямельныя пытанні
Аналіз зваротаў паказвае, што на першым месцы, як і раней, знаходзяцца праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Гэта пытанні водазабеспячэння і каналізацыі, добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, дваровых тэрыторый, вулічнага асвятлення, газазабеспячэння, ацяплення, аплаты жыллёва-камунальных паслуг, рамонту жыллёвага фонду, адлову безнаглядных жывёл.
На другім месцы пытанні дарожнай гаспадаркі. У большасці сваёй дарогі Бярэзінскага раёна грунтавыя. Пажаданні грамадзян - гэта асфальтаванне дарог або іх падсыпка асфальтагранулятам або іншым цвёрдым матэрыялам.
На трэцім месцы зямельныя пытанні.
Паабяцалі – патрэбна выканаць
– Зразумела, колькасць зваротаў штогод расце адпаведна з развіццём цывілізацыі. І ўсе пытанні вырашыць у адзін момант немагчыма. Толькі паступова, агульнымі намаганнямі, – заўважыў старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук. – І я неаднаразова паўтараў і паўтараю: калі даяце абяцанні людзям – іх патрэбна выконваць, а не кідаць словы на вецер. Іначай даверу ўладам не будзе.
Працаваць планавана і мэтанакіравана
У пасяджэнні райвыканкама прымала ўдзел начальнік кіраваўніцтва спраў Мінаблвыканкама Марына Калтовіч.
– Калі браць агульны зрэз па вобласці, то Бярэзінскі раён па рабоце са зваротамі грамадзян няблага працуе, – заўважыла Марына Аляксандраўна. – Таму і надалей патрэбна працаваць планава і мэтанакіравана.
Узнагароды
Падчас пасяджэння старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук уручыў узнагароды ад Мінскага абласнога ўпраўлення МНС за ўзаемадзеянне з органамі па надзвычайных сітуацыях намеснікам старшыні – Уладзіміру Навіцкаму і Сяргею Бабура.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.