НЯВЕСТА ДЛЯ БАЗЫЛЯ
Ужо стала добрай традыцыяй агляды пачынаць з дзіцячых кніжак. Вось і зараз перад намі зборнік казак сучасных беларускіх аўтараў.
Няма ніводнага дарослага, а пагатоў дзіцяці, якія не любілі б казкі. Уваходзіць у свет кнігі аўтарскіх казак “Нявеста для Базыля” можна і сам-насам, і ўсёй сям’ёй, і кампаніяй вясёлых і разумных сяброў. Вы даведаецеся пра дванаццаць подзвігаў пацучыхі Дусі, як паразумецца з ліфтам, хто такія вужалкі і якую нявесту абраў Базыль. Добра вядомыя і маладыя аўтары запрашаюць вас у свет сваіх казак.
Сярод аўтараў Віктар Шніп, Серж Мінскевіч, Таццяна Барысюк, Алег Аблажэй, Генадзь Аўласенка і іншыя. Зборнік уклала Аксана Спрынчан.
Уражанні наступныя: пачнеш чытаць – і адразу адчуеш сябе недзе там у дзяцінстве…
Міхаіл ПАГОСАЎ. ЛАВУШКА
Свежы баявік з рубрыкі “Кніга і кіно. Белетрызацыя лепшых вострасюжэтных серыялаў і кінапрэм’ер”.
Рабаўнікі ўрываюцца ў дом Інгі, між іншым віцэ-прэзідэнта маскоўскага банка. Узяўшы ў закладнікі няню і дзіця, яны патрабуюць цягам 48 гадзін перавесці на замежны рахунак дваццаць мільёнаў еўра. Вывад з банка падобнай сумы адразу ж абанкроціць фінансавую ўстанову, аднак віцэ-прэзідэнт Інга без лішніх ваганняў гатова выканаць любыя ўмовы злачынцаў дзеля ўратавання блізкага чалавека.
У момант нападзення ў доме па шчаслівай выпадковасці (вось ён: славуты раяль у кустах) аказаўся былы муж Інгі, які з’явіўся праведаць дзіця. І вось агульная бяда вымушае забыцца на ўсе сваркі-крыўды і здзейсніць немагчымае. У мужа застаецца ўсяго 48 гадзін каб уратаваць дзіця, вярнуць грошы, абясшкодзіць злачынцаў, выправіць фінансавае становішча банка, вярнуць жонку, уратаваць свет (патрэбнае падкрэсліць). Карацей, калі вы працуеце вартаўніком ці качагарам, перад вамі лёгкае чытво каб прабавіць вольны час.
Джо АБЕРКРОМБІ. ВОСТРЫЯ КРАІ
Мы ўжо пісалі ў аглядах пра гэтага пісьменніка, стваральніка грандыёзных эпапей у жанры чорнай фэнтазі. Дарэчы, адпаведна з навінамі расійскага часопіса “Мир фантастики”, вядомы мэтр узяўся за стварэнне шпіёнскага фэнтэзійнага цыкла раманаў. То нешта новенькае, фанаты ўжо ў чаканні. Але гэта пра перспектыву…
Такім чынам, перад намі зборнік апавяданняў, старых і новых, але перакладзеных адносна нядаўна на рускую мову. Прастора дзеяння вяртае чытача ў звыклы аўтарскі свет Зямнога Круга, і датычных да яго гісторый са знаёмымі ўжо героямі і антыгероямі. Апавяданні цалкам дапаўняюць трылогію “Першы закон”, поўную па словах пісьменніка, здрадніцтва, крыві і чорнага гумару. Дарэчы, зборнік апавяданняў ужо паспеў сабраць шчодры ўраджай літаратурных узнагарод. Выключна для адэптаў жанра, прыхільнікаў і фанатаў. Што ёсць фэнтэзі, калі не ўцёкі ад рэальнасці? Аднак элементы рэальнасці заўсёды застаюцца з табою і ўвасабляюцца ў выдуманым сусвеце, бо ад сябе не збяжыш.
Аглядаў кніжкі Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.