Не бывае дробязей у судовых экспертаў

Date 19.04.2022 Man
Comment 851
Не бывае дробязей у судовых экспертаў

22 красавіка адзначаецца прафесійнае свята Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.

 

Менавіта ў гэты дзень Указам Прэзідэнта дзевяць гадоў назад была створана свайго роду ўнікальная структура з шэрагам спецыфічных задач.

Сёння мы расказваем пра работу Бярэзінскага раённага аддзела.

Сёння

Узначальвае раённы аддзел падпалкоўнік юстыцыі Міхаіл Ходас, які ўжо 21 год аддаў службе ў органах правапарадку, тэрмін дастатковы, каб набыць багаты прафесійны вопыт. На месцах злачынстваў даводзіцца здымаць адбіткі пальцаў, вывучаць сляды абутку, “узоры” аўтамабільных шын, высвятляць, якім чынам былі ўзламаны замкі і рабіць многае іншае. Пры гэтым час – важны фактар дзейнасці судовага эксперта. Чым хутчэй высветліцца малюнак на месцы здарэння, тым больш шанцаў аператыўна па гарачых слядах устанавіць ісціну, раскрыць злачынства, паставіць кропку ў справе.

Супрацоўнікі раённага аддзела праводзяць судовыя дактыласкапічныя, трасалагічныя, судова-медыцынскія экспертызы, судовыя экспертызы халоднай і кідальнай зброі. Асаблівае месца займае судовая экспертыза па даследаванні ідэнтыфікацыйных нумароў аўтамабіля, якая неабходна, калі вы сабраліся купіць машыну з рук, каб выпадкова не натрапіць на крадзенае аўто.

– Наша задача – па пастановах Бярэзінскага падраздзялення Следчага камітэта, або РАУС, і па вызначэнні суда праводзіць судова-медыцынскія і крыміналістычныя экспертызы. Калі ў двух словах – збіраць доказы, – расказвае Міхаіл Мікалаевіч. – Звычайна справы ідуць наступным чынам: калі адбываецца здарэнне, фарміруецца следча-аператыўная група, у якую ўваходзіць і супрацоўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз. Участковы міліцыянер бярэ тлумачэнні ў сведкаў здарэння, следчы праводзіць агляд месца здарэння, а ўжо судова-медыцынскі эксперт і судовы эксперт-крыміналіст у якасці спецыялістаў дапамагаюць следчаму высветліць карціну, могуць указаць на нейкі аб’ект, на пэўныя абставіны, даць рэкамендацыі, параіць, якія паставіць пытанні. І тут ужо не бывае дробязей, значэнне могуць мець любыя сляды, дэталі і прадметы. Доказы павінны быць даследаваны належным чынам, каб пазбегнуць памылак. Дасканаласць у дадзенай справе – самае правільнае вызначэнне.

Працаваць жа прафесіяналам раённага аддзела даводзіцца на любых здарэннях: і калі, умоўна кажучы, укралі курыцу з хлеўчука, і калі праніклі ў жыллё і абрабавалі, і калі адбылася дарожная аўтааварыя, або пажар з ахвярамі, ці наогул любое здарэнне, звязанае з гібеллю людзей і наяўнасцю пацярпелых. Спектр выпадкаў вельмі шырокі. Важная адметнасць – выклікаць могуць у любы час сутак, трэба быць заўсёды гатовымі.

Прафесіяналы ў рабоце

Побач з Міхаілам Ходасам ў працоўны час практычна заўсёды знаходзіцца начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертыз Бярэзінскага раённага аддзела, дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Дзмітрый Ачыновіч. Працуе тут ужо тры гады. Закончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

Да сённяшняй прафесіі быў складаны шлях. Спачатку з другога курса працаваў на хуткай дапамозе, потым – санітарам морга. Пасля выбраў шлях судова-медыцынскага эксперта. Пасля гадавой стажыроўкі ў інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі па спецыяльнасці “Судовая медыцынская экспертыза” быў спачатку паўгода судовым экспертам-стажорам, пасля ўжо стаў паўназначным судова-медыцынскім экспертам. Пэўны час працаваў экспертам ва ўпраўленні судова-медыцынскіх экспертыз, потым экспертам у Пухавіцкім міжраённым аддзеле, затым быў назначаны на пасаду начальніка сектара ў Бярэзінскім раённым аддзеле.

Міхаіл Ходас і Дзмітрый Ачыновіч

- У мае абавязкі ўваходзіць правядзенне судова-медыцынскіх экспертыз фізічных асоб. Яны праводзяцца, калі звяртаецца чалавек, які пацярпеў у здарэнні і атрымаў цялесныя пашкоджанні. У жыцці здараецца ўсякае. Бывае, што, насунуўшы гумовыя пальчаткі і ўзброіўшыся спецыяльнай металічнай лінейкай, вывучаю гематомы і раны на целе пацярпелых у розных сутычках, – тлумачыць Дзмітрый Сяргеевіч. – Затым бяру тлумачэнні наконт таго, што, калі і як адбылося, пры якіх абставінах, колькі разоў і куды ўдарылі, менавіта чым. Здараецца, прыводзяць, як зараз модна гаварыць, ахвяру хатняга гвалту. Напрыклад, жонку паб’е муж або сужыцель, ці наадварот: жонка нанясе цялесныя пашкоджанні мужу.. Фіксую характар і лакалізацыю пашкоджанняў, вызначаю ступень іх цяжкасці. Тым часам лабарант усё заносіць на паперу. Бывае, ахвяру сямейнага гвалту, і не толькі, дастаўляюць да нас у нежывым выглядзе, тады праводзіцца судова-медыцынская экспертыза трупаў. Наогул жа, даводзіцца выязджаць на любыя здарэнні, звязаныя з гібеллю людзей, каб устанавіць прычыну і час іх смерці.

– Раскажыце, Дзмітрый, чаму Вы выбралі прафесію судовага эксперта?

– Яшчэ да заканчэння ўніверсітэта я ўжо меў пра яе некаторае ўяўленне. Я бачыў, як мае будучыя калегі з дапамогай сваіх ведаў і вопыту ўстанаўлівалі сапраўдную прычыну смерці ў самых складаных выпадках, вырашалі цэлыя рэбусы, калі ўжо гэта здавалася немагчымым. Гэта цікавіла ў справе. Дый бацька – палкоўнік юстыцыі, спачатку быў у міліцыі экспертам-крыміналістам, потым стаў начальнікам упраўлення спецыяльных тэхнічных экспертыз па Мінскай вобласці. Тата шмат расказваў, з дзяцінства многае засталося ў памяці. Так што ў плане экспертнай работы я пайшоў па бацькавай сцежцы, толькі спецыялізацыя іншая. Хаця, па праўдзе, у час вучобы ніколі не думаў, што стану судовым экспертам.

Сваю справу Дзмітрый Ачыновіч не лічыць незвычайнай, стараецца напоўніцу аддавацца ёй і выконваць належным чынам. Галоўнымі лічыць такія якасці, як уважлівасць і ўседлівасць. У першую чаргу, пільнасць да дэталяў у абставінах, якія могуць змяніць ход падзей. Як вынік, у 2020 і 2022 гадах за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў Загадам Упраўлення па Мінскай вобласці Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь ён быў занесены на Дошку гонару ўпраўлення.

– Хачу заўважыць, каб людзі ведалі, што нельга рабіць высновы аб прычынах смерці чалавека, грунтуючыся толькі на знешнім выглядзе нябожчыка. Мне вядома з уласнай практыкі, гэта не заўсёды супадае з рэальнасцю. Варта чакаць заключэння медыкаў, – дадаў Дзмітрый Сяргеевіч.

Дзяржаўны судовы эксперт-крыміналіст Павел Бабіч працуе тут яшчэ менш года, але ўжо зарэкамендаваў сябе выдатным спецыялістам і надзейным памочнікам у справах раённага аддзела. Скончыў юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Пэўны час аддаў рабоце ў Мінскім міжраённым аддзеле Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. На сённяшні дзень мае два допускі: да правядзення судовай трасалагічнай і судовай дактыласкапічнай экспертыз. Складанасці, выкліканыя спецыфікай работы, толькі захапляюць.

Павел Бабіч праводзіць даследаванні

– Падчас вучэбнай практыкі я атрымаў пэўны вопыт працы следчым, але верх узяла мая прага да пошуку, таму і вырашыў стаць судовым экспертам, – дзеліцца Павел Сяргеевіч. – На рабоце сумаваць не даводзіцца, заўсёды прысутнічае матывацыя імкнуцца да самаўдасканалення і набыцця новых ведаў, таму ўсё цікава і падабаецца, тым больш, злачынцы не спяць, пастаянна вынаходзяць новыя віды злачынстваў.

Пра неабходнасць быць уважлівымі таксама сцвярджаюць лабарант Марына Яфімовіч і санітар Ганна Бічаніна. Марына Сяргееўна закончыла Барысаўскае медыцынскае вучылішча і працавала пэўны час медсястрой у хірургічным аддзяленні Бярэзінскай ЦРБ, потым перавялася сюды. У яе абавязкі ўваходзіць дапамога судоваму эксперту, занатоўванне дадзеных, упакоўка аб’ектаў і іншае. Ганна Фёдараўна працуе ў раённым аддзеле ўжо 8 гадоў, дагэтуль працавала 15 гадоў у Бярэзінскай ЦРБ.

Марына Яфімовіч і Ганна Бічаніна

Да работы абедзве жанчыны ставяцца спакойна. Кожная работа мае ўласную спецыфіку, проста тут спецыфіка своеасаблівая, патрабуе псіхалагічнага загартавання і падрыхтоўкі, якую яны набылі яшчэ падчас работы ў бальніцы.

– Трэба валодаць псіхалагічнай устойлівасцю, бо выпадае на ўсякае глядзець, – гавораць супрацоўніцы. – Спраўляцца з эмоцыямі і стрэсамі – прафесійная якасць у нашай дзейнасці.

Са святам!

Каб стаць судовым экспертам, неабходна валодаць маральнаэтычнымі і псіхалагічнымі якасцямі, быць стрэсаўстойлівым, інакш проста не атрымаецца. Работа цікавая, вельмі важная і карысная, пастаянна запатрабаваная. У спецыфіцы маецца доля прысутнасці сакрэтнай інфармацыі, якую нельга выдаваць. Супрацоўнікі Бярэзінскага раённага аддзялення адпавядаюць гэтым прафесійным запатрабаванням.

– Кожны наш супрацоўнік уносіць у агульную справу важны ўклад, – зазначае начальнік Міхаіл Ходас. – Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць калег і паўтарыць, што наша справа ва ўсе часы ёсць важнае звяно ў справе забеспячэння правапарадку і грамадскай бяспекі, і заўсёды будзе запатрабаванай.

Момант зладжанай сумеснай працы

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31