19 гадовая Ганна Сечка той вясной толькі-толькі скончыла Баранавіцкі тэхналагічны каледж і ўжо ў снах бачыла сябе шэф-поварам рэстарана ў прыгожым фартуку і белай кепцы. Мара практычна здзейснілася і яна паспела папрацаваць у кафэ “Івушка” і рэстаране “Бярэзіна”.
– Паведамленне аб трагедыі мяне ніколькі не зачапіла, бо ў мяне ўсё ладзілася на працы, было мноста планаў і мар, – успамінае Ганна Паўлаўна, – ды і маладая была, дурная, шмат чаго яшчэ не ведала, ды і не разумела.
Але чарнобыльская трагедыя гулкім рэхам прайшлася па дзявочым жыцці, бо яе і яшчэ двух павароў райспажыўтаварыства накіравалі ў камандзіроўку ў Брагін – гатаваць ежу для ліквідатараў. Адмаўляцца дзяўчына нават і не спрабавала. “Ды і што можа здарыцца за два месяцы, наадварот, навучуся яшчэ лепш гатаваць Ды і зараблю нядрэнна”, – разважала Ганна тады. Так яна і апынулася ў Брагіне, дзе роўна два месяцы – са жніўня па верасень 1986 года – працавала ў сталовай.
– Мае першыя ўражанні, калі прыехалі ў Брагін, былі непрыемнымі, – гаворыць жанчына, – бо ў нас на Салігоршчыне ў гэты час усё буяла і квітнела, а тут паўсюдна на ўсіх палетках і агародах чарнела ралля і было неверагодна цяжка дыхаць ад гэтага пылу і спёкі, рэгулярна ляталі туды-сюды верталёты, людзі ў маскхалатах правяралі радыяцыю. Праўда, пужацца ўбачанаму часу не было, бо давялося карміць тройчы на дзень 500 чалавек.
– Вядома ж, было цяжка! Ды яшчэ як цяжка, і ніякіх выхадных, а тады ж такой бытавой тэхнікі, як сёння, не было, вось і паспрабуй бульбу дзясяткамі кілаграмаў абабраць і з іншай агароднінай разабрацца, – расказвае яна, – ды і ўскладняла ўсё тое, што ваду нам прывозілі ў спецыяльных цыстэрнах. Мы ж кармілі ліквідатараў са станцыі і будаўнікоў, кармілі узмоцнена, бо ў меню было багата самых розных страў. Двойчы на тыдзень гатавалі рыбу. А пра колькасць мясных страў я ўжо і не гавару: і гуляш, і катлеты, і адбіўныя...
Пра цяжкасці дзяўчына ўзгадае толькі пасля камандзіроўкі, а пакуль яна стомы практычна не адчувала, хаця і працавала з ранку да змяркання.
– Якая стома, калі ўвечары мы яшчэ з дзяўчатамі бегалі на танцы ў вёску Чырвоны Бор, – расказвае Ганна Паўлаўна, – там жа моладзь збіралася з усёй краіны. Весела было! Людзі тут сваё каханне знаходзілі! Праўда, пазней я даведалася, што вёску тую выселілі і ліквідавалі як забружаную радыенуклідамі.
Адпрацаваўшы ў Брагіне, дзяўчына вяртаецца зноў у Беразіно. Заробленых за працу ў зоне радыеактыўнага забруджвання грошай Ганне хапіла, каб купіць залатыя ўпрыгожанні, ды і яшчэ штосьці з вопраткі.
– Залаты пярсцёнак, ды і ланцужок беражліва захоўваюцца і шчымліва нагадваюць аб той камандзіроўцы, – зазначае жанчына. – Гэта ж напамін мне пра маю маладосць.
Так яна гаворыць сёння, а тады пра тую камандзіроўку хутка забыла. Закружыў яе віхур вытворчых спраў, а вось кіраўніцтва памятала аб гэтым і выдзеліла ёй паўтарачную кватэру. Яна была не новая, але і на яе ахвотнікаў хапала. Нехта нават запярэчыў кіраўніцтву: навошта ёй, маладой і без дзяцей, мужа, асобнае жыллё? Але кіраўнік абурыўся, маўляў, ніхто з вас тады ў камандзіроўку ў Чарнобыль не паехаў, пабаяліся, а яна – не!
Пра гэта Ганна ні ўспамінаць, ні гаварыць сёння не хоча. Яна так і не здрадзіла сваёй кухарскай справе. Шмат гадоў вітала наведвальнікаў у буфеце-сталовай у будынку вакзала, а сёння загадвае прыдарожным кафэ “Бістро” ў аграгарадку Паплавы. Тут вялікім попытам карыстаюцца піражкі з рознымі начынкамі, смажанкі і, вядома, абеды, якія яна са сваімі паварамі рыхтуе яшчэ і механізатарам у гарачы час палявых работ.
– Я задаволена ўсім, што маю, – гаворыць Ганна Паўлаўна, – мяне паважаюць на працы, наведвальнікі шчыра дзякуюць за кулінарны талент, карыстаюся аўтарытэтам у калег. Вядома, хацелася б пайсці ўжо на заслужаны адпачынак, як ліквідатар, раней, але ўступіла ў сілу абмежаванне: прывілея дзейнічае толькі для тых, хто працаваў у дзесяцікіламетровай зоне. Ды і не пакрыўджана я ўвагай дзяржавы за свой уклад у ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, бо ў свой час шмат разоў бясплатна папраўляла здароўе ў санаторыях, мне ў поўным аб’ёме выплачваецца лісток непрацаздольнасці, ёсць ільготы па выплаце падатку, ды і бясплатнай аказалася прыватызацыя жылля. Здаецца, усё склалася добра, але як успомню чорную брагінскую раллю сярод лета, сэрца сціскаецца ад болю...
Трагедыя на Чарнобыльскай АЭС пакінула незагойную рану на беларускай зямлі. З карты краіны назаўсёды зніклі 430 населеных пунктаў, у ліку пацярпелых апынуўся 21 раён. Маштабы катастрофы значныя: тысячы квадратных метраў забруджаных зямель, мноства скалечаных лёсаў, тысячы дачасна пайшоўшых з жыцця… Яна і сёння перасцярога ўсяму чалавецтву ад падобных трагедый, а людзям – горкі напамін, бо хтосьці быў вымушаны назаўсёды пакінуць родныя мясціны з-за забруджанасці радыенуклідамі, стаць перасяленцам, захаваўшы ў душы шчымлівую памяць аб мілых сэрцу мясцінах, а камусьці, рызыкуючы здароўем, давялося папрацаваць на ліквідацыі наступстваў.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.