Неяк, перабіраючы архівы нашага краязнаўца-земляка Уладзіміра Труса, натрапіў на такія звесткі. У канцы чэрвеня 1944 года, пры вызва-ленні нашага раёна ў час паветранага бою ў раёне вёскі Каменны Барок быў падбіты і загарэўся наш знішчальнік. Лётчык паспеў выскачыць з самалёта на парашуце, а палымнеючая машына рухнула ў зараснік кустоўя за Пагосцкай вуліцай і ўзарвалася. Савецкі пілот прызямліўся за мясцовымі могілкамі на лузе, паблізу ракі Клявы. Тут яго схапілі фашысты. Палоннага павялі на допыт да нямецкага афіцэра ў в. Капланцы. Допыт вёўся ў доме Захара Максімавіча Кавалёнка. Пасля катаванняў лётчыка расстралялі. Пахавалі яго Аляксандр Мікалевіч Булойчык ці Васіль Гаўрылавіч Кішкар.
На жаль, гэта ўся інфармацыя пра той выпадак. Герой застаўся невядомым. Можа сёння хтосьці з вяскоўцаў ведае аб той трагедыі хаця б з успамінаў людзей старэйшага пакалення. Адгукніцеся. Будзе вельмі крыўдна, калі лётчык па-ранейшаму знаходзіцца ў невядомай магіле на чыімсьці агародзе і да гэтага часу не перазахаваны. Давайце ж аддадзім яму даніну павагі і салдацкай славы.
Ігар ЖУКОЎСКІ,
краязнаўца.
Фота з адкрытых крыніц.