Марыупаль вызвалены ад нацыстаў
21 красавіка міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу паведаміў Уладзіміру Пуціну аб тым, што адзін з ключавых у ваенным сэнсе слова ўкраінскіх гарадоў Марыупаль вызвалены ад нацыстаў, працягваецца зачыстка на “Азоўсталі”. У рэшце рэшт пасля цяжкіх баёў тут пацішэе і людзі вернуцца да свайго былога ладу жыцця. Гэта навіна павінна прыемна парадаваць Галіну Уладзіміраўну, бо дзесьці ў марыупальскіх падвалах чакалі вызвалення яе сын з сям’ёй.
Збегла ў Беларусь пасля першых бамбёжак
– Я збегла адтуль яшчэ ў 2014 годзе, калі ваенныя сілы Украіны адважыліся напасці на Данбас, – гаворыць жанчына, – спачатку нават паверыць не магла, што такое можа быць, лічы, у цэнтры Еўропы і ў нашым ХХІ стагоддзі. Аднак, такім чынам урад Украіны вырашыў разабрацца са сваімі жыхарамі, якія не прызналі новую ўладу. Я, напрыклад, наогул, у выбарах па пэўных прычынах не ўдзельнічала. Калі стрэлы і выбухі сталі гучнейшымі, мы перабраліся у падвал, дзе і прасядзелі некалькі дзён практычна без ежы і вады. А калі пацішэла, мы вырашылі ўсёй сям’ёй пераехаць у Беларусь. Тут у нас сваякі жывуць у Бярэзінскім раёне.
Прытулак у Беларусі
Галіну цёпла віталі не толькі сваякі, але і кіраўніцтва гаспадаркі, якое выдзеліла ёй жылы дом і дапамагло з працай.
– Я ўсё жыццё прапрацавала звычайнай лабаранткай і на розных відах работ, а тут мяне ўзялі на працу на малочнатаварную ферму “Котава”, – гаворыць жанчына, – спачатку пастухом, а пасля аператарам машыннага даення. А я кароў моцна баялася! Дзякуй людзям, навучылі і падтрымалі на першым часе. Сёння я ўжо спрытна ўпраўляюся.
Беларусь – другая Радзіма
Мясцовае кіраўніцтва не забываецца пра работніцу з украінскімі каранямі, чыя краіна дагэтуль палае ў ваенным агні. Нядаўна дырэктар гаспадаркі Аляксантдр Аўтухоў і начальнік аддзела кадраў Людміла Аўтухова шчыра віншавалі яе з шасцідзесяці-годдзем. Галіна Уладзіміраўна была расчулена такой увагай і клопатам.
– Цяпер Беларусь – мая другая Радзіма, бо тут жывуць і працуюць вельмі шчырыя і адкрытыя людзі, тут мірнае неба, тут гатовы аказаць дапамогу кожнаму ў час бяды, – зазначае жанчына. – А ў Марыупаль я ўсё ж калі-небудзь наведаюся. Там жа ў мяне застаўся сын. Не ўвесь час там будуць гучаць стрэлы і выбухі!
Застаецца толькі дадаць, што зараз Галіна Уладзіміраўна Берагавая чакае дакументы аб грамадзянстве і атрымае беларускі пашпарт. Ды і працу на ферме і сваіх кароў пакуль кідаць не збіраецца. Сілы дасць прыналежнасць да мірнай і працавітай краіны.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.