Напярэдадні прафесійнага свята журналістаў – Дня друку, хочацца больш напісаць не толькі пра гэту падзею, але і пра асобу самога аўтара, члена Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі, які шмат гадоў прысвяціў пра-цы ў раённай газеце.
Дарэчы, асабіста я знаёмы з Уладзімірам Паўлавічам з ранняга дзяцінства, мабыць гадоў з чатырох, калі будучы журналіст, мастак і пісьменнік працаваў у арганізацыі, дзе і мой бацька, і спачатку быў звычайным працаўніком на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Нявызнаны лёсы людскія, я і ў сне ўявіць не мог, што аднойчы буду працаваць у рэдакцыі, і “дзядзя Валодзя” (так зваў у дзяцінстве) будзе мне паказваць, як правільна пісаць артыкулы пра сельскую гаспадарку.
Кніга “Не гром нябесны” праніклівая, поўная пачуццяў. На маю думку, у яе ўвайшлі лепшыя празаічныя творы Уладзіміра Несцяровіча, створаныя за апошнія гады. Напісаныя на роднай мове, поўныя лірыкі, яны прыносяць пэўную эстэтычную асалоду ад прачытання. Ёсць там і вершы, і рэпрадукцыі карцін аўтара. Апавяданне “Мутны кактэйль” сёлета ў студзені пры падвядзенні вынікаў творчага конкурсу Саюза пісьменнікаў Беларусі прызнана лепшым вострасюжэтным дэтэктыўным апавяданнем. Але ж дадзім магчымасць аўтару самому расказаць пра сябе.
Пачынаў з токара
- Недзе ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя застацца дома пасля заканчэння сярэдняй школы ці не лічылася нейкай заганай. Падобнае было даравальным толькі каму-небудзь з адпетых школьных двоечнікаў. Калі ж перад маімі вачамі адкрыўся вялікі свет, я, атрымаўшы атэстат сталасці з адзнакамі “добра” і “выдатна”, нават не падумаў адразу падавацца да вялікага горада, каб штурмаваць дзверы якой-небудзь вышэйшай навучальнай установы. Як большасць маіх равеснікаў, не імкнуўся набыць статус гараджаніна. Пайшоў працаваць на вытворчасць. Гэта было “Балота” і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Менавіта так папросту называлі вытворчы ўчастак “Іванаўскае”, дзе пачыналася распрацоўка балота з мэтай нарыхтоўкі сыравіны для торфабрыкетнага завода. Падобная выхадка ў той час пярэчыла ўсялякай жыццёвай логіцы. Многім выглядала тое дзіўным, а я тым самым паступіў ва ўласную школу жыцця, дзе цалкам залежыў ад абставін, у якія трапіў. Завод той адкрыўся за два гады да майго заканчэння дзесяцігодкі. Адразу з галавою кінуўся ў вір жыццёвай плыні, даверыўшыся голасу душы, і ні разу не пашкадаваў. Набыў на кароткатэрміновых курсах прафесію токара, адчуў сябе карысным на вытворчасці, выточваў дэталі і розныя прылады. Жыццё было багатым на пачуцці. У такарнай справе я бачыў творчы пачатак, але гэта напоўніцу зразумее толькі той, хто сам пакаштаваў таго хлеба, хто такім чынам пачынаў шлях.
Вучоба
- Пакаштаваўшы жыцця рабочага чалавека, а ў савецкі час гэта гучала нібы тытул, я зрабіўся навучэнцам Мінскага мастацкага вучылішча імя Аляксея Глебава. Пры паступленні адразу здзівіў экзаменацыйную камісію, напісаўшы на “выдатна” сачыненне на рускай мове. Хаця, па шчырасці, паступаў без асаблівай падрыхтоўкі да экзаменаў. З галавой акунуўся ў новае жыццё. У вучылішчы “грыз” прадметныя дысцыпліны, гісторыю сусветнага выяўленчага мастацтва. Дні праводзіў у майстэрні за мальбертам, малюючы з натуры алоўкам і фарбамі, распрацоўваў эскізы кампазіцый. Летам, звычайна ў чэрвені, выбіраліся групай у сельскую мясцовасць на эцюды.
Праз пэўны час паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучыўся завочна, уладкаваўся на працу ў раённую газету “Сцяг Леніна”, якую потым перайменавалі ў “Бярэзінскую панараму”.
Крыніцы натхнення
- Першыя спробы пяра я пачаў яшчэ ў школьныя гады. Па шчырасці, саромеўся чытаць рыфмаваныя радкі перад сур’ёзнай аўдыторыяй. Верш “Апошні званок” агучыў на ўрачыстасці майго выпускнога класа.
Нарадзіўся я на згон зімы 1949 года ў вёсцы з адзінаццаці двароў з загадкавай назвай Карбаўское, што сярод лясоў на Бярэзіншчыне. Вёсачка туліцца да правага берага рэчкі Клявы (прыток Беразіны). Якое дзіва: некалі тут першы пасяленец майстраваў з ліпавага лыка карабы для ўласных гаспадарчых патрэб, а таксама на збыт. Так і з’явілася назва Карбаўское. І вось увесь мой творчы патэнцыял пачынаецца менавіта адсюль. З ранніх гадоў адчуў бясконцае прыцягненне прыроды і палюбіў яе больш за ўсё. З маленства быў цікаўным да прыродных з’яў. Кнігу ж палюбіў яшчэ задоўга да таго, як навучыўся чытаць.
Пасля заканчэння Каменнаборскай сярэдняй школы, якую наведваў за сем кіламетраў пешкам, дзе б ні быў і чым ні займаўся, навучаўся пісьменніцкаму майстэрству па кнігах, да якіх меў пастаянны неадольны інтарэс. У першую чаргу, гэта творы беларускіх, рускіх і замежных класікаў. Асабліва захапляўся творамі аб прыродзе, паляванні і падарожжах. І варта аддаць належнае: цяга да прыроды аказала моцны ўплыў на творчасць. Мая кніга паляўніцкіх апавяданняў “Непрыручанае рэха” па сутнасці гэта цалкам ўласны гімн прыродзе, родным краявідам, лясам, рачулцы Кляве, і не толькі ёй.
Першы ж празаічны дэбют адбыўся, калі на старонках раённай газеты “Сцяг Леніна” надрукавалі маё першае апавяданне “Міхалкаў дуб”.
Я вельмі ўдзячны лёсу за тое, што мае карані знаходзяцца на маленькай радзіме ў вёсцы, куды заўжды вяртаюся і ў думках, і на справе. Прыязджаю сюды з блізкімі, бываю і адзін, каб пасумаваць, сабрацца з думкамі, акрэсліць творчыя планы, і, вядома ж, пісаць. Героі маіх твораў, многія з якіх хоць і прыдуманыя, – выхадцы з таго асяроддзя, адкуль з’явіўся і я.
Віншую калег
Пра перыяд працы ў раённай газеце, можна таксама шмат расказаць, асабліва на Дзень друку. Гэта ж па сутнасці цэлая эпоха ў асабістым жыцці. Быў і карэспандэнтам, і загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі. Жыццё багатае на падзеі, і мне зараз прыемна ўспомніць кожнага калегу-журналіста, з якім давялося працаваць. І павіншаваць з нашым прафесійным святам!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.