Памятаем, ганарымся і шануем!

Date 06.05.2022 Man
Comment 867
Памятаем, ганарымся  і шануем!

У гэтыя майскія перадсвяточныя дні паўсюдна ў нашай краіне адкрываюцца выставы з нагоды святкавання 77 гадавіны Вялікай Перамогі. Не адстаў у гэтым плане і Бярэзінскі раён. Тут 5 мая ў раённым цэнтры рамёстваў быў пакладзены старт выставачнаму праекту “Памятаем, ганарымся і паважаем”, які прымеркаваны да Года гістарычнай памяці.

 

Згодна з традыцыямі, у рэалізацыі праекта раённы цэнтр рамёстваў задзейнічаў аўтаклуб Бярэзінскага раённага цэнтра культуры, які стварыў адпаведны настрой ваенных часоў музычна-тэатралізаваным прадстаўленнем.

- Вялікая Айчынная вайна пакінула ў сэрцах беларусаў глыбокі след і будзе вечна жыць у памяці кожнага беларуса, - звярнуўся да прысутных вядучы. - Перамога была дасягнута дарагой цаной, шмат людзей загінула. Злачынствы захопнікаў па жорсткасці і масавасці не ведалі роўных у гісторыі Беларусі. Па ацэнках спецыялістаў, Беларусь пацярпела больш, чым краіны Еўропы: загінула звыш 2 мільёнаў чалавек.

Таму нездарма Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка абвясціў сёлетні год Годам гістарычнай памяці, каб паставіць усе кропкі над “і”, паказаць усяму свету і сабе, што беларусы паважаюць свае баявыя подзвігі і дасягненні.

Менавіта з гэтай нагоды і рэалізуецца выставачны патрыятычны праект “Памятаем, ганарымся і шануем” Ён складаецца з дзвюх экспазіцый “Аўтографы вайны” і “Захапленне - не забава, а дарагая сэрцу памяць”, дарогі Памяці “Мінулых дзён жывая памяць”, а таксама інтэрактыўнай пляцоўкі “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, бліц-інтэрв’ю “Шчасце – жыццё без вайны”.

Так, у выставачным павільёне размясціліся экспанаты ваенных часоў, стэнды з архіўнымі дакументамі з фондаў рабочай групы па стварэнні Бярэзінскага гісторыка-краязнаўчага музея, а таксама панарама “Бой за раку Бярэзіну” і экспазіцыя “Пазлы Вялікай Айчыннай вайны”. Падрабязна аб гэтым расказала прысутным галоўны захоўнік фондаў Алена Казлова.

У сваю чаргу былы рэдактар газеты “Бярэзінская панарама” Ала Альфер падзялілася ўспамінамі герояў нашага раёна пра гады Вялікай Айчыннай вайны, якіх яна ведала асабіста.

Але найбольш прысутных уразіла прыватная выстава экспанатаў сведчанняў вайны і воінскага подзвігу - жыхара горада Васілія Каваленкі. Яна ўнікальная, бо тут сабраны каштоўныя рэчы і ўзнагароды яго сям’і.

Завяршылася прэзентацыя выставачнага праекта выступленнем старшыні Бярэзінскага раённага савета ветэранаў вайны і працы, удзельніка VI Усебеларускага народнага сходу, гісторыка Анатоля Зябко. Вось ужо шмат гадоў ён асаблівую ўвагу звяртае на пытанні яднання народаў, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Усе выказаныя ім думкі пасавалі лірычнаму настрою песень ваенных часоў у выкананні слаўнага бярэзінскага гарманіста Міхаіла Папругі.

Застаецца дадаць, што выставачны праект чакае сваіх наведвальнікаў, ён падыдзе не толькі аматарам гісторыі, але і для звычайных бярэзінцаў, якія шануюць подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Антон Куксёнак:

- Прыватная выстава экспанатаў Васілія Кава-ленкі мне вельмі спадабалася, бо тут рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны, розная форма і іншыя прылады. Усё вельмі добра захавалася і даступна наведваль-нікам. Ды і створана рэальная атмасфера тых баявых часоў. Вялікае дзякуй за гэта арганізатарам!

Арцём Жукоўскі:

- Я таксама супраць вайны і пакінуў свой наказ на стэндзе “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Я школьнік і падзеі Вялікай Айчыннай вайны ведаю толькі па падручніках і кінафільмах. Не засталося сёння сярод жывых сведкаў тых падзей, затое есць людзі, якія беражліва збіраюць экспанаты і рэчы сваіх бацькоў і дзядуляў, якія змагаліся супраць фашызму.

Дзякуючы ім, тыя падзеі здаюцца нам не кіношным баевіком, а сапраўднай трагедыяй чалавека і цэлай дзяржавы. Таму раю наведаць выставачныя павільёны школьнікам. Яны заменяць ім некалькі ўрокаў гісторыі і прымусяць па-іншаму паглядзець на гэты свет.

Галіна Шчаціннік:

- Наша памяць аб подзвігу ваенных часоў была і будзе жыць у нашых сэрцах. Мы шануем яе, бо засталіся сярод жывых ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, мы слухалі іх шчымлівыя ўспаміны і жылі побач з імі. Цяпер жа перад нашым пакаленнем стаіць задача перадаць гэту памяць падрастаючаму пакаленню і я рада, што ў нас гэта атрымліваецца крэатыўна, душэўна і вельмі шчыра. Менавіта такая атмасфера панавала ў выставачным павільёне.

Наталля Краснякова:

- Перамога дала кожнаму з нас шанц жыць і развівацца, нараджаць дзяцей і радавацца сонейку. І наша задача навечна захаваць светлую памяць пра яе і зберагчы мір для нашчадкаў. Няхай і ім выпадзе шанц жыць пад мірным небам!

Мілана Трапянок.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Лістапада 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30