Нагадаем, што ўдзельнічаюць у гульнях каманды вучняў 8-11 класаў гарадскіх школ і Паплаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы.
У сённяшнім этапе юнакі і дзяўчаты дэманстравалі ваенна-спартыўную падрыхтоўку. Каманды “Маналіт”, “Перамога”, “Энергія” і “Патрыёты” спаборнічалі ў разборцы-зборцы аўтамата Калашнікава, апрананні ў касцюм хімічнай абароны, эвакуацыі параненых і аказанні першай дапамогі, мятанні гранат, кулявой стральбе і іншых практыкаваннях.
Здаецца, зладжаную работу ў камандзе паказалі ўсе школьнікі. Даравальна тым, хто ўпершыню ў жыцці разбіраў аўтамат, нават у першы раз у “арлянят” добра атрымлівалася. У гэтай справе лепш не спяшацца, бо галоўны сэнс практыкавання – навучыцца валоданню зброяй, што дакладна спатрэбіцца на тэрміновай службе ў арміі.
Хтосьці шпурляў гранаты з такім натхненнем, што здаецца, мог перакінуць цераз увесь стадыён, а хтосьці вельмі не дацягваў у гэтай справе.
Адна з каманд настолькі аператыўна эвакуіравала ўмоўнага параненага, што чалавек на насілках транспартаваўся нагамі наперад, ніхто і не заўважыў недарэчнасці. Згадзіцеся, у рэальнай баявой абстаноўцы, калі ўсё вырашаюць лічаныя імгненні, натуральна не да забабонаў, бо галоўнае вынік. “Паранены” быў паспяхова эвакуіраваны, каманда ўклалася ў нарматывы.
Не менш цікавым было і апрананне касцюма хімічнай абароны з процівагазамі, і ўкладка рэчмяшка, і арыентыраванне на мясцовасці.
У кулявой стральбе дзяўчаты дэманстравалі вынікі не горш за хлопцаў, а часам нават і лепш.
Кожная каманда паказала належны спрыт і зладжанасць у дзеяннях.
Заўтра запланаваны фінал, дэманстрацыя страявой падрыхтоўкі, падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.