На гэты раз творчы форум, які аб’яднае вакол сябе вядомых і пачынаючых артыстаў, маладых выканаўцаў, паэтаў, кампазітараў, будзе прысвечаны Году гістарычнай памяці, 140-годдзю класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама 75-годдзю з дня нараджэння заснавальніка і ідэйнага натхняльніка фестывалю Міхаіла Фінберга.
Сёлетняе свята песні і паэзіі ўпершыню пройдзе без вялікага Маэстра, якога не стала 11 снежня 2021 года. Захоўваючы добрыя традыцыі, закладзеныя ім, арганізатары абяцаюць трымаць творчую планку, і правесці мерапрыемства так, каб яно запомнілася як жыхарам горада, так і яго шматлікім гасцям.
Адной з галоўных падзей фестывалю як, дарэчы, і заўсёды, стане Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, у якім, па выніках рэгіянальных адборачных тураў, прыме удзел 21 канкурсант.
Як расказалі ў Маладзечанскім палацы культуры, Мінскую вобласць на паэтычна-музычным форуме прадставяць Ліліана Камоцкая (УА «Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў» ), Кацярына Паўловіч (Смалявіцкі раён); Аляксандра Макольская (УА «Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў» ). Лепшы з канкурсантаў стане ўладальнікам Гран-пры — прыза імя Уладзіміра Мулявіна.
Запланаваныя на гэтыя дні і канцэрты «Музыка беларускіх кампазітараў-майстроў мастацтва — пакаленню XXI стагоддзя», «Джазавы калейдаскоп», а таксама творчы праект «Сустрэча ля раяля». Беларускі раманс» з удзелам кампазітараў, а таксама салістаў Вялікага тэатра Беларусі.
11 чэрвеня Беларускі саюз кампазітараў прэзентуе праект «Музычны алімп», з уручэннем узнагарод за захаванне нацыянальных песенных традыцый, стварэнне высокамастацкіх твораў і беларускіх хітоў з удзелам народных артыстаў Васіля Раінчыка, Леаніда Захлеўнага, Эдуарда Ханка, кампазітараў Дмітрыя Далгалёва, Алены Атрашкевіч, заслужаных артыстаў Уладзіміра Ткачэнкі, Алены Сало, Жанет і іншых.
У гэты ж дзень (18:00) у мясцовым Палацы культуры «Чорную панну Нясвіжа» пакажа Нацыянальны тэатр Янкі Купалы.
Больш падрабязная Праграма XXI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі з’явіцца пазней.