Чаму нас вучыць Ноч музеяў?

Date 23.05.2022 Man
Comment 932
Чаму нас вучыць Ноч музеяў?

Роля музея ў нашым жыцці істотна змянілася: сёння важна не толькі захаваць каштоўнасці і паказаць іх наведвальніку, але і «ўключыць» чалавека ў пэўны гістарычны асяродак, наладзіць пляцоўку для абмену думкамі, ідэямі, альбо натхніць людзей самім адкрываць свой талент і ствараць унікальныя рэчы. Вось чаму чарговую міжнародную акцыю ноч музеяў раённы цэнтр рамёстваў правеў пад дэвізам “Час ствараць”.

Трэба аддаць належнае арганізатарам. Яны пастараліся на славу, каб кожны наведвальнік мог атрымаць натхненне ад жывой музыкі, вылечыцца ад нуды і трывожных думак мастацтвам, пусціцца ў падарожжа назад у мінулае, спазнаць тайны старога будынка, наведацца ў арт-фабрыку і ламбард-маркет, ды і для моцнага і спакойнага сну прайсці ўсе выпрабаванні квеста “Поди спать”. Дзеля гэтага на першым паверсе гучалі песні ў выкананні самадзейных артыстаў аўтаклуба, аматараў краязнаўства чакала падшыўка раённай газеты “Бярэзінская панарама” з 1951 года, якую сабраў і захаваў наш мясцовы краязнавец Ігар Жукоўскі, тыя ж, каму па душы даўніна, знайшлі цікавыя экспанаты на выставах старой радыётэхнікі і прыватнай калекцыі рэчаў часоў Вялікай Айчыннай вайны сям’і Каваленка, дзяліліся з жадаючымі навучыцца чамусьці новаму сакрэтамі свайго майстэрства вядучыя майстры разьбы па дрэве, лозапляцэнні, вышыўкі, керамікі, малявання і інш.

Прозвішчы большасці майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці даўно вядомы бярэзінцам. Так Яўген Восіпаў - славуты бярэзінскі разьбяр па дрэве. лыжачнік, на рахунку якога не адна выразаная лыжка. Мікалай Гоман на пенсіі аднавіў свае ўменні ў лозапляценні і цяпер яго кошыкі і іншыя рэчы радуюць вока людзей. Традыцыйную тэхніку пляцення старадаўніх паясоў дэманстравалі работнікі Чыжахскага сельскага клуба-бібліятэкі.

Галоўнае - настрой і жаданне

- лічыць Зарына Шніткова. Яна па адукацыі бухгалтар ва ўласнай прыватнай арганізацыі, а ў вольны час займаецца вырабам рэчаў з папяровых трубачак. - Гэты від творчасці я асвоіла дзякуючы інтэрнэту тры гады таму, - гаворыць майстар, - калі мне было 39 гадоў. Цяпер мой дом упрыгожвае мноства самаробных рэчаў уласнага вырабу: шкатулкі, скарбонкі, ёсць нават абажур на люстру. Выраб іх падтрымлівае ў маёй душы пэўную гармонію і радасць, дазваляе знаходзіць новых сяброў і аднадумцаў, праганяе начыста ўсякі негатыў, робіць гэты свет для мяне больш яркім і шчаслівым.

Усё добрае ідзе ад душы

- так лічыць Вера Каваленка. Яе прозвішча ўжо вядома бярэзінскім майстрам, бо яна атрымала Гран-пры раённага конкурсу вязальшчыц. Аднак яна не толькі спрытна ўпраўляецца пруткамі, але яшчэ добра шые.

Дарэчы, язык не павернецца назваць Веру Эдуардаўну звычайнай швачкай. Нават пры тым, што яна валодае адразу некалькімі машынкамі для шыцця, а яшчэ і таму, што калекцыяніруе іх.

Вышыўка як сродак ад хандры

- мяркуе Алена Сіняк.

Яна па адукацыі – бухгалтар, на заслужаны адпачынак пайшла пасля шматгадовай працы ў банку. Але сумаваць без працы не стала, бо ўшчыльную занялася вышыўкай. Сёння ў яе калекцыі некалькі дзясяткаў вышываных карцін.

Вязанне не дасць пастарэць

- Так лічыць Ірына Баневіч. Яна таксама да пенсіі працавала бухгалтарам і цяпер увесь вольны час прысвячае вязанню.

- Пачынала, як і ўсе бабулі, з пінетак, - гаворыць Ірына Віктараўна, - хацелася б, каб яны былі самымі- самымі прыгожымі. Сёння ў маёй калекцыі багата самай рознай дзіцячай вопраткі, сурвэтак і іншых рэчаў. Справа так захапіла, што прагнала дрэнны настрой і не падпускае да мяне старасць, Таму раю ўсім знайсці сабе хутчэй занятак па душы, каб разам змагацца з шэрасцю і абыякавасцю да жыцця.

 

 

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Лістапада 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30