Разбураныя сем’і, загубленыя жыцці, зламаныя лёсы, страчаныя здароўе і матэрыяльныя сродкі, упушчаныя магчымасці і няйздзейсненыя мары – гэта далёка не поўны пералік наступстваў, які выклікае згубная звычка. Як супрацьстаяць гэтай хваробе? З гэтым пытанне мы звярнуліся да загадчыка паліклінікі Бярэзінскай ЦРБ Дзмітрыя Відэргольда.
– Ніякія мерапрыемствы па прафілактыцы алкагалізму не будуць дзейснымі, калі чалавек не возьмецца за сябе сам.
Іншымі словамі, калі сам не пажадае спыніць цячэнне гэтага злоснага і цяжкага захворвання, – гаворыць Дзмітрый Уладзіміравіч. – Важна, каб у чалавека быў стымул адмовіцца ад жадання выпіць. Як алкагалізм можа пачаць развівацца з першай чаркі ці проста з першага куфля піва, так і цвярозае жыццё пачынаецца з адмаўлення выпіць. Вось некаторыя парады, якія дапамогуць адмаўляцца ад ужывання алкаголю:
• Прызнайце, што ў вас ёсць праблема з алкаголем. Першы крок да лячэння хваробы – гэта прызнаць яе наяўнасць. Пры неабходнасці звярніцеся да псіхолага.
• Не трымайце дома спіртное, каб не паддавацца жаданню выпіць.
• Больш часу ўдзяляйце сям’і. Пачніце наладжваць сапсаваныя адносіны.
• Аднавіце старую работу, або знайдзіце новую, якая была б па душы. Занятасць дазволіць не сумаваць, і думкі пра алкаголь, якія зазвычай прыходзяць у час, калі няма чым заняцца, радзей будуць наведваць вашу галаву. Да таго, работа дазволіць палепшыцца вашаму фінансаваму становішчу і дасць магчымасць знайсці новых знаёмых.
• Знайдзіце захапленне, хобі, удзяляйце яму вольны час. Пачуццё задавальнення ад любімага занятку дапаможа пашырыць зону задавальнення і паспрыяе павышэнню самаацэнкі.
• Займайцеся спортам і фізкультурай, гэта дапаможа трымаць арганізм у тонусе, арыентавацца ва ўласных магчымасцях і адэкватна сябе ацэньваць.
• Прымайце сябе такім, які вы ёсць, прызнаючы станоўчыя і адмоўныя рысы ўласнага характару. Усвядоміўшы свае адмоўныя рысы, вы зможаце працаваць над сабою, каб палепшыць асабістыя якасці.
• Прызнавайце жыццёвыя цяжкасці і знаходзьце вырашэнне праблем. Суладаўшы з цяжкасцямі, будзе з кожным разам павышацца ваша самаацэнка.
• Пазбягайце прагляду перадач з вялікай колькасцю негатыўнай інфармацыі, напрыклад, навін пра трагічныя здарэнні, аварыі, хваробы. Падобная інфармацыя толькі павышае адчуванне трывожнасці і можа справакаваць жаданне выпіць.
• Пашырайце свой кругагляд. Хадзіце ў кіно, тэатры, на канцэрты, у музеі. Уключайцеся ў грамадскую дзейнасць. Гэта таксама павысіць вашу самаацэнку і стане крыніцай добрых пачуццяў.
• Часцей гуляйце на свежым паветры. Адцягвайцеся ад хатняй абстаноўкі і бытавой руціны. Змяніце хоць крышачку звычную атмасферу, гэта карысна для самаразвіцця і прыняцця адказнасці за ўласнае жыццё.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.