Генацыд вёскі Снуя

Date 07.06.2022 Man
Comment 1231
Генацыд вёскі Снуя

Спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі, загінуўшыя мірныя людзі – такі твар насіў генацыд фашызму ў адносінах да жыхароў Беларусі.

Нямала гаварылася і пісалася аб зверствах акупантаў на нашай зямлі. Вялікі спіс такіх падзей і не меншы пералік прозвішчаў закатаваных землякоў прыводзіцца ў кнізе “Памяць. Бярэзінскі раён”. Расказваецца ў ёй і аб трагедыі вёскі Снуя, што размешчана непадалёк ад в. Уша. Вось што там гаворыцца (старонка 328):

“Вёска Снуя. Знішчана з часткай насельніцтва і адноўлена. Напярэдадні вайны было 12 двароў і 48 чалавек, знішчана 12 двароў і 12 чалавек”.

На жаль, гэта ўся прыведзеная інфармацыя. Сёння хочацца запоўніць прабелы і расказаць чытачам газеты больш поўна пра тыя трагічныя падзеі.

“У снежаньскі дзень 1943 года, знаходзім мы расказ Віктара Смычка ў матэрыяле “Снуеўская трагедыя”, апублікаваным у газеце “Сцяг Леніна” за 24 чэрвеня 1969 года, вялікі атрад немцаў і паліцаяў, якія размяшчаліся ў вёсцы Гумны Крупскага раёна, пад выглядам барацьбы з партызанамі ўварваліся ў вёску Манча Бярэзінскага раёна. Пачаўся грабеж і гвалтоўніцтва. Забіралі што толькі пад руку пападала: хатнюю маёмасць, курэй, свіней, сена. Але гэтага аказалася мала, і яны накіраваліся ў Сную.

У гэты час у вёску прыехаў Стахоўскі Мікалай. Убачыўшы немцаў, якія набліжаліся да Снуі, ён, каб папярэдзіць вяскоўцаў, узняў трывогу. Усе кінуліся ў лес.

А разбойнікі ўжо былі ў вёсцы і рабілі сваю справу. Тых, хто не паспеў уцячы, расстрэльвалі. Да вазоў прывязвалі кароў, а хаты падпальвалі. Да вечара не засталося ні адной пабудовы. Тлелі галавешкі. Засталося стаяць 12 чорных комінаў ды 15 чалавек забітымі. Сярод іх каля лесу знайшлі забітую Ганну Савіч і трое дзяцей. Меншаму было 10 месяцаў. З сабачкам на руках (сабачка таксама быў забіты) ляжаў шасцігадовы Валодзя. Забойцы расстралялі цяжарную Мытнік Алену з дачкой, 65-гадовага Суслу Фёдара, Алену Юк з дзвюмя дочкамі і іншых…”

Вось так па-жудаснаму расправіліся карнікі з мірнымі жыхарамі Снуі. У прыведзенай публікацыі называецца і канкрэтная дата трагедыі – 22 снежня 1943 года. Але звесткі пра загінуўшых указаны тут не поўнасцю, хоць і называецца колькасць ахвяр – 15 чалавек.

Хто ж гэтыя людзі? Нам удалося ўстанавіць іх прозвішчы, адшукаўшы іх у “Матэрыялах уліку насельніцтва і населеных пунктаў раёна, знішчаных у час Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкімі захопнікамі (пратаколы, акты, спісы)”, састаўленых яшчэ ў 1969 годзе паводле звестак сельскіх Саветаў Бярэзіншчыны. Вось гэты спіс:

  1. Мытнік Анастасія Мікалаеўна, 1938 года нараджэння.
  2. Мытнік Алена Міхайлаўна, 1908 г.н.
  3. Савіч Яўген Лявонцьевіч, 1932 г.н.
  4. Савіч Уладзімір Лявонцьевіч, 1937 г.н.
  5. Савіч Пётр Лявонцьевіч, 1942 г.н.
  6. Юк Алена Антонаўна, 1902 г.н.
  7. Юк Васіліна Сідараўна, 1923 г.н.
  8. Юк Зінаіда Сідараўна, 1939 г.н.
  9. Сусла Фёдар, 1880 г.н.
  10. Мытнік Марыя Несцераўна, 1908 г.н.
  11. Мытнік Мікалай Мікалаевіч, 1937 г.н.
  12. Мытнік Анатолій Мікалаевіч, 1939 г.н.
  13. Савіч Ганна Цітаўна, 1883 г.н.

Сярод забітых аказаліся і двое жыхароў суседняй вёскі Мурава – Юк Віктар Мікітавіч, 1912 і Маркевіч Емельян Емельянавіч, 1924 гадоў нараджэння.

Напярэдадні 43-й гадавіны з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысціх захопнікаў у памяць аб трагічных падзеях у в. Снуя быў устаноўлены помнік.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Падрабязна у гэтай катэгорыі: « Жыццё, поўнае вандровак Бярэзінскія храмы »
« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30