Стартавалі першымі, тэмпаў не зніжаюць

Date 24.06.2022 Man
Comment 669
Стартавалі першымі, тэмпаў не зніжаюць

Літаральна праз месяц калектыў механізатараў ААТ “Пагосцкі” павялічыцца яшчэ на аднаго маладога спецыяліста. Ім стане мясцовы юнак Аляксандр Кашэль.

Пасля заканчэння Пагосцкай сярэдняй школы і службы ў арміі малады чалавек вырашыў застацца ў роднай гаспадарцы і абраў сабе такую неабходную на вёсцы спецыяльнасць. Сёння ён пакуль што слясарыць у мехмайстэрні – праходзіць практыку пасля вучобы па авалоданні ўменнямі кіравання трактарам, а затым, з атрыманнем адпаведнага пасведчання, атрымае права кіраваць "сталёвым канём".

Ужо гэтым летам Аляксандра чакае першае няпростае выпрабаванне. На перыяд жніва яго прызначылі памочнікам камбайнера да вопытнага механізатара Івана Захожага. Для юнака гэта будзе яго першае жніво, першая адказная сельскагаспадарчая кампанія, якую, хочацца верыць, А. Кашэль выканае годна і апраўдае ўскладзены на яго давер як на маладога спецыяліста, падрастаючую змену, члена БРСМ.

Але гэта будзе заўтра. Сёння ж гаспадарка жыве не менш важным і клопатным жыццём, уключыўшыся ў корманарыхтоўчую кампанію. Дарэчы, іменна ААТ “Пагосцкі” сёлета дала старт касавіцы траў у раёне яшчэ 24 мая. К гэтаму часу травы першага ўкосу ўжо паспелі і былі гатовы да ўборкі. Раскачвацца ж і марнаваць час сельгаспрадпрыемству няма магчымасці, бо за сезон тут належыць выканаць вельмі вялікі аб’ём работ. Мяркуйце самі: умоўнае пагалоўе жывёлы ў гаспадарцы на 1 мая складала 4664 галавы (а гэта, лічы, пятая частка ўсяго грамадскага статка раёна), таму забяспечыць такую колькасць пагалоўя кармамі зусім няпроста. Так, толькі траў першага ўкосу неабходна ўбраць звыш трох тысяч гектараў. Ды і колькасць нарыхтаванага корму тут таксама значная: звыш 1300 тон сена, больш 23 тысяч тон сенажу і больш за 30 тысяч тон сіласу. Гэта самыя большыя аб’ёмы сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна.

– У цэлым для належнай зімоўкі жывёлы на наступны стойлавы перыяд, – расказвае намеснік дырэктара  ААТ “Пагосцкі” Аляксандр Салаўёў, – мы плануем нарыхтаваць па 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы супраць леташніх дваццаці васьмі. Такі паказчык, лічу, дасягнуць рэальна. Падставамі служаць добры травастой, даволі спрыяльныя сёлетнія ўмовы надвор’я, якое калінікалі радуе нас дажджамі, ды і працавітасць кожнага, хто заняты на корманарыхтоўцы, таксама гаворыць пра тое, што з пастаўленай задачай мы паспяхова справімся і назапасім высакаякасныя кармы. Па-іншаму працаваць у нас не ўмеюць.

І сапраўды, узяўшы добры працоўны старт у пачатку кампаніі, “пагостцы” зараз знаходзяцца ў ліку лідараў сенакашэння сярод гаспадарак раёна, паказваюць высокія вынікі па тэмпах вядзення работ. Ужо сёння тут амаль завершана ўборка траў першага ўкосу (скошана 2930 гектараў), з якіх у сіласна-сянажныя траншэі закладзена 14 тысяч тон кармоў (у тым ліку і 800 тон правяленай масы, закручанай у палімерную ўпакоўку).

Нялішнім будзе дадаць, што ў гаспадарцы за гэты час паспелі нарыхтаваць ужо больш за 150 тон сена. Найбольшы ўпор на яго нарыхтоўку будзе рабіцца ў ліпені, калі і надвор’е будзе больш сонечным, і калі падыдуць травы другога ўкосу. А да іх уборкі засталіся, па словах спецыяліста, лічаныя дні. Такім чынам, у “Пагосцкім” зараз на рахунку ўжо маецца па 8,43 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы (+0,11 да аналагічнага леташняга перыяду) пры сярэднераённым паказчыку 7,79.

Хто  заняты гэтымі днямі работай і якія агрэгаты падключаны да яе выканання? Асноўнымі нарыхтоўшчыкамі кармоў з’яўляюцца Вячаслаў Кашлачоў і Аляксандр Хрышчановіч. На іх плячах ляжыць самы адказны ўчастак – касьба траў. Штодзённа яны паспяхова выконваюць даведзеныя заданні, працуючы на энерганасычаных трактарах у счэпе з вялікімі 9-метровымі касілкамі. У пары з імі заняты Мікалай Белы і Аляксандр Ермаловіч, якія зграбаюць толькі што скошаную траву.  Хапае клопатаў і членам механізаванага звяна ў складзе Дзмітрыя Акуліча, Мікалая Трубянка і Валерыя Ермаловіча. Яны на камбайнах КВК-800 заняты на здрабненні зялёнай масы. Яе дастаўляе да месца захоўвання цэлы атрад з 11 адзінак тэхнікі. Трапіўшы ў сіласна-сянажныя траншэі, правялены корм пападае пад трамбоўку велікагрузных МТЗ-3235 і “Амкадора”, якімі кіруюць Іван Захожы і Аляксандр Пінчук. Тэхналогію закладкі кармоў, іх вільготнасць, шчыльнасць трамбоўкі, дабаўленне кансервантаў на кожным аб’екце адсочваюць спецыяльна замацаваныя за гэтым спецыялісты гаспадаркі.

Вячаслаў Кашлачоў і Аляксандр Ермаловіч

Аляксандр Хрышчановіч

Мікалай Трубянок

Іван Захожы

На палетках “Пагосцкага” можна сустрэць і такіх механізатараў, як Віталь Цэдрык і Юрый Гоман. Яны таксама задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў, але заняты не сянажнай масай, а прасаваннем сена. Асаблівы ўчастак работы таксама і ў Сяргея Дадонава. Яшчэ вясной ён быў задзейнічаны на сяўбе аднагадовых траў і кукурузы, а зараз да яго МТЗ-1221 падчэплены адзін з трох наяўных у гаспадарцы прэсабмотчыкаў, які цюкуе зялёную масу.

Сяргей Дадонаў

Работы па корманарыхтоўцы не прыпыняюцца ні на дзень. Нават у аўторак, калі зямельку паліваў дробны дождж, механізатары не сядзелі без справы. Пераважная большасць з іх займалася прафілактычным рамонтам тэхнікі, а В. Кашлачоў і А. Ермаловіч на полі непадалёк ад Пагоста касілі і зграбалі ў валкі чарговую порцыю будучага корму.

Нельга не ўзгадаць і яшчэ двух чалавек, якія таксама заняты касавіцай. Гэта Міхаіл Маркоўскі і Аляксандр Каравы. Вось толькі місія ў іх асаблівая. Штодзень ім неабходна нарыхтоўваць не менш як па 120 тон зялёнай масы і дастаўляць яе ў якасці падкормкі на фермы: кармленне жывёлы ніхто не адмяняў. У рацыён рагулям дадаюць таксама і кармы, якія былі нарыхтаваны яшчэ мінулагодняй парой і да гэтага часу не страцілі свае спажыўныя якасці.

Нарыхтоўка кармоў у ААТ “Пагосцкі” будзе доўжыцца яшчэ працяглы час. Пакуль што тут заклалі шэсць сіласна-сянажных траншэй. На падыходзе дзве траншэі, што знаходзяцца ў Вяшэўцы. Потым будуць іншыя.  У справу пойдуць травы другога ўкосу, потым трэцяга. Затым прыйдзе час закладкі і сіласу, асноўную масу якога складзе кукуруза. Сёлета яна займае 1537 гектараў. У прыватнасці, мяркуецца з плюшчанага зерня “царыцы палёў” закласці цэлую траншэю на тысячу тон. Работы вядуцца зладжана, без зрываў і аўралаў. І нягледзячы на (і без таго не маленькія) засеяныя травамі плошчы, якія істотна павялічыліся з далучэннем да “Пагосцкага” суседняй гаспадаркі “Бярэзінскі”, у сельгаспрадпрыемстве рук не апускаюць, даражаць кожнай хвілінай і кожнай тонай кармоў для таго, каб вынікі сённяшняй працы не толькі далі свой плён, а ў будучым акупіліся вялікім малаком і істотнымі прыбаўленнямі ў вазе, у цэлым дабрабытам роднай гаспадаркі.  

* Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31