Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення сталiцы Беларусі ад нямецкай акупацыі, было прынята падчас рэферэндуму ў 1996 годзе.
Для кожнага з нас, без сумневу, гэта асаблівая дата, якая аб'ядноўвае не адно пакаленне. Сёння мы жывём у мірнай суверэннай дзяржаве. Навучаемся, працуем, спакойна будуем нашу будучыню.Але не забываем пра тых, хто коштам уласнага жыцця здабываў для нас гэты мір і волю.
3 ліпеня - вельмі значны дзень і для маёй сям'і. Гэта свята з'яўляецца сімвалам нацыянальнага гонару, доблесці і славы, увасабленнем адзінства і згуртаванасці людзей.
- Па традыцыі, святкуем Дзень Незалежнасці весела, як і заўсёды, на працы! Ці то канцэрты, ці то выстаўкі, прымеркаваныя да свята. Але ўдзельнічаем ўсёй сям'ёй, усе разам і дзеці абавязкова з намі! Разам мысіла! Разам мы - гарантыя будучыні нашай краіны! - дзеліцца тата.
Таксама стала нашай сямейнай традыцыяй віншаваць з Днём Незалежнасці, дзякаваць за ўклад у развіццё нашай краіны Прыходзька Надзею Кузьмінічну, на даму сям'і загінуўшага ў Вялікай Айчыннай вайне.
Надзея Кузьмінічна нарадзілася 7 студзеня 1937 года, маленькай дзяўчынкай яна засталася без таты, які загінуў у час жорсткай і жудаснай вайны. Ніхто і нішто не можа суняць той боль і страту ў сведкаў таго нялёгкага часу.
- Зусім маленькая была, але ўжо ўсё разумела. Помню, як тата не вярнуўся... і як цяжка было ў вайну, як пасля будавалі ўсё з нуля, - са слязамі на вачах расказвае Надзея Кузьмінічна. - Мы ўсё вытрымалі, ўсё змаглі. Мы атрымалі сваю незалежнасць! Таму вы, новае пакаленне, павінны не проста ведаць, памятаць, а і далей расказваць, перадаваць пра подзвігі і гераічныя ўчынкі кожнага чалавека, якія былі сведкамі і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Наш святы абавязак - ні ў якім разе не дапусціць такіх жудасных кровапралітных падзей. Беражыце тое, што вы маеце. Беражыце нашы традыцыі. Жадаю ўсім моцнага здароўя і вялікага шчасця. Са святам!
І сапраўды, Дзень Незалежнасці нагадвае аб тым, якім коштам нашаму народу дасталася незалежнасць, падкрэслівае яе каштоўнасць і прымушае задумацца аб будучыні. Свята аб'ядноўвае ўсіх, хто жыве ў Беларусі, дазваляе ганарыцца сваёй краінай, яе гісторыяй.
Яніна КЛІМОВІЧ.
Фота аўтара.