Для таго, каб даведацца, ці ў дастатковай меры атрымоўваецца мясцовым журналістам адлюстроўваць на старонках газеты жыццё раёна, наколькі папулярнай з’яўляецца газета ў сельскіх чытачоў, што новага жадаюць яны бачыць на старонках “Бярэзінскай панарамы”, за што крытыкуюць любімае выданне, я завітала ў госці да ўнікальнай жанчыны – жыхаркі вёскі Падваложка Галіны Сяргееўны Путрык.
– "Бярэзінскую панараму" чытаю ўсё жыццё. Мае бацькі заўсёды выпісвалі шмат газет, часопісаў і абавязкова «раёнку», як бы яна не называлася, – расказвае Галіна Сяргееўна. – Атрымліваецца, што я з ранняга дзяцінства, з маладосці і да гэтага часу яе чытаю. Я жыву ў вёсцы, таму пра тое, што адбываецца ў раёне, даведваюся праз газету. Канечне ж, яна істотна змянілася за апошнія гады да лепшага. Нельга сказаць, што мне там штосьці не падабаецца, бо ўвогуле падабаецца ўсё. І рубрыкі, і навіны цікавыя, заўсёды свежая, аб'ектыўная інфармацыя. Нярэдка на старонках газеты бачу прозвішчы і фотаздымкі сваіх знаёмых, сяброў. Прыемна, што газета шмат піша пра таленавітую моладзь, пра культурную спадчыну нашага рэгіёна. Жадаю калектыву раённай газеты больш перамог, працвітання, цікавых тэм і ўдзячных падпісчыкаў.
Галіна Сяргееўна родам з Віцебшчыны. І толькі ў 1968 годзе яе бацькі пераехалі на Бярэзіншчыну, у в. Новіны. Галіна Путрык уладкавалася на завод у Мінску, адпрацавала там 5 гадоў. Затым сустрэла сваё каханне, выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзетак – сына і дачку. І ўжо як 50 гадоў жыве ў Падваложцы. Працавала спачатку ў брыгадзе, затым сямнаццаць з паловай гадоў (да часу яго закрыцця) узначальвала мясцовы комплексна-прыёмны пункт. Затым былі пасады лабаранта, памочніка і нават загадчыцы фермы мясцовай гаспадаркі, адкуль жанчына пайшла на заслужаны адпачынак.
Зараз Галіна Сяргееўна займаецца хатняй гаспадаркай, дапамагае дзецям і ўнукам, вельмі любіць кветкі. Якой толькі прыгажосці не знойдзеце у яе ў кветніку!
Да таго ж, наша гераіня – сапраўдны майстар на ўсе рукі. У вольны час яна цудоўна вышывае крыжыкам. І зараз у скарбонцы майстра шмат непаўторных работ. Вялікая іх колькасць была прадстаўлена на “Свяце майстроў”, якое ладзілася ў Новінскім СДК і выклікала непаўторнае захапленне гасцей мерапрыемства.
– Навучылася вышываць крыжыкам у сваёй матулі, – дзеліцца Галіна Сяргееўна. – Калі былі яшчэ маленькімі, то мы і гладдзю, і крыжыкам вышывалі, і рукавічкі вязалі. Потым, калі пайшла працаваць, часу не было займацца гэтым рамяством. І вось як выйшла на пенсію, вырашыла ўзгадаць былое захапленне рукадзеллем. Аказалася, што рукі ўсё помняць. Вось зараз і правожу вольную хвілінку за гэтым цікавым заняткам і атрымліваю ад гэтага задавальненне. Вельмі прыемна, калі мае творы падабаюцца іншым.
І сапраўды, работы майстра здзіўляюць... як і сама Галіна Сяргееўна!
Яніна КЛІМОВІЧ.
Фота аўтара.