У ім прынялі ўдзел старшыня Дзмітравіцкага сельсавета Віталь Саскавец, інспектар нагляду і прафілактыцы Бярэзінскага РАНС Віктар Палянскі, старшы інжынер сектара нагляду і прафілактыкі Канстанцін Богач, старшы сяржант Бярэзінскага РАНС Максім Драевіч, памочнік урача Дзмітравіцкай участковай бальніцы Марыя Камінская.
Мэта мерапрыемства - правядзенне прафілактычнай работы з насельніцтвам, праверка спраўнасці пячнога ацяплення, электраправодкі, наяўнасці аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў, захаванне парадку на падворках. Мне выпала пабываць разам з удзельнікамі рэйда ў вёсцы Міхеевічы.
Усяго тры апавяшчальнікі
Пра выпадкі, калі наяўнасць апавяшчальніка ў жытле ратавала людзей у экстраннай сітуацыі, пісалася ўжо не раз, вядома шмат падобных гісторый. Грамадзяне самі разумеюць, што агонь – гэта не жартачкі. Карысны ў гаспадарцы прыбор каштуе танна, просты ў абыходжанні: пастаў батарэйкі, прымацуй да столі ды правярай працаздольнасць апавяшчальніка час ад часу.
“Калі датчыкі ўловяць наяўнасць дыму, адразу спрацуе высокачастотны гукавы сігнал трывогі, здольны разбудзіць каго заўгодна, і тым самым папярэдзіць гаспадароў пра пажарную сітуацыю. Колькі ўжо пра гэта тлумачыць?” – здзіўляюцца выратавальнікі. Тым не менш, у Міхеевічах з ўсіх абследаваных двух дзясяткаў домаўладанняў, згаданыя апавяшчальнікі выявіліся толькі ў трох выпадках. Пры гэтым, толькі ў адным выпадку ён знаходзіўся ў працоўным стане і быў прымацаваным да столі. У другім – спраўны апавяшчальнік захоўваўся на паліцы ў шафе. У трэцім – апавяшчальнік знаходзіўся на належным месцы, але быў без батарэек і ў дадатак зафарбаваны.
“Няма слоў, – каментуюць удзельнікі рэйду. – Мы можам толькі рэкамендаваць карыстацца апавяшчальнікамі, прымусіць жа грамадзян устанавіць іх сілком не маем права”. Заўважым, многія жыхары Міхеевіч шчыра завяралі, што згаданыя прыборы ў іх маюцца, і яны вось-вось абавязкова ўсталююць і пачнуць карыстацца. Хочацца спадзявацца, што так яно і будзе.
Адзін з выпадкаў
Уявіце сабе наступны малюнак. Жыве ў вёсцы састарэлая жанчына, інвалід першай групы. Пра сябе кажа так: “Ужо трынаццаць гадоў сляпая, амаль нічога не бачу”. Аднойчы, калі бабуля гатавала есці, а блізкіх не было дома, у выніку неасцярожнага абыходжання з агнём пачаўся пажар і згарэла хата. Жанчына цудам ацалела.
Зараз дом аднаўляецца, дачка бабулі дапамагае фінансава, дапамагаюць і блізкія, і адпаведныя дзяржаўныя службы наведваюцца. Пакуль вядзецца рамонт дома, бабуля знайшла прытулак у суседзяў. Сюды ж, да суседзяў, наведаліся і ўдзельнікі рэйда. І што яны ўбачылі? Печ патрабуе рамонту, у ёй шмат шчылін, на столі каля печы праглядваюцца сляды копаці. Да таго ж электраправодка знаходзіцца пад шпалерамі, варта толькі ўзнікнуць кароткаму замыканню – шпалеры адразу ўспыхнуць. Зразумела, пажадаем бабульцы дачакацца паспяховага завяршэння рамонту ўласнага дома ды вярнуцца ў родны кут. А дом, у якім яна жыве зараз, узяты выратавальнікамі на кантроль.
Агульны малюнак
Варта адзначыць, што ў Міхеевічах парадак назіраецца ў пераважнай большасці прыватных гаспадарак. Тут жыве і шмат дачнікаў, якія прыязжаюць на лета. Чыста прыбрана і ў большасці дамоў, у якія наведваліся ўдзельнікі мерапрыемства. Дзе-нідзе патрабуецца рамонт печаў: пабяліць, патынкаваць, пакласці прытопачны ліст. Галоўная ж задача – каб у дамах, на ўчастках домаўладанняў і прылягаючых тэрыторыях цалкам былі выкананы патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі. Напрыклад, каб гаручыя і лёгкаўспламяняючыя матэрыялы захоўваліся ў адпаведных месцах. Падобных правіл шмат, з імі можна азнаёміца не толькі падчас такіх рэйдаў, а і звярнуўшыся ў адпаведную службу за кансультацыяй.
Гаспадары дамоў выслухалі рэкамендацыі і паабяцалі выправіць сітуацыю там, дзе трэба. Асаблівай увагай былі адзначаны аматары курыць у ложку і схільныя да асацыяльнага ладу жыцця людзі. Усе яны на кантролі.
Дарэчы, у Дзмітравічах заўважыўшы супрацоўнікаў РАНС, адзін з мясцовых жыхароў адразу наблізіўся да іх з пытаннем ці можна спаліць смецце на сваім участку, і якім чынам гэта лепш зрабіць. Адразу ж атрымаў падрабязную кансультацыю. Як бачам, ратавальнікі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу не толькі падчас бяды, але і тады, калі небяспечны выпадак можна папярэдзіць прафілактычнай гутаркай.
Аднак, нагадаем аксіому: клапаціцца пра ўласную бяспеку – асабістая справа кожнага. У час рэйду ў кожным домаўладанні было рэкамендавана абзавесціся пажарнымі апавяшчальнікамі.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.