Нашаму пакаленню выпала вялікае шчасце жыць пад мірным небам, не ведаць жахаў і пакут вайны. Але жыццё не стаіць на месцы і рэха стрэлаў і выбухаў не замаўкае. Ад адной думкі, колькі вайна абарвала і абрывае жыццяў, паслала і пасылае на смерць людзей, знішчыла чалавечых мар і спадзяванняў, які крывавы след пакінула і пакідае ў гісторыі народа, сціскаецца сэрца і б’е кроў ў скронях. Як і ад таго, што адбываліся гэтыя жудасныя падзеі не дзесьці там далёка, а на нашай беларускай, у тым ліку і бярэзінскай, зямлі.
Ведаць праўду пра вайну, захоўваць яе, перадаваць наступным пакаленням – наш святы абавязак у час, калі руйнуюцца помнікі загінуўшым героям, калі перапісваюцца ваенныя подзвігі і па вуліцах еўрапейскіх гарадоў смела маршыруюць нацысты. Праклён фашызму, любым злачынствам супраць чалавецтва павінен быць вечным, а генацыд супраць народаў не забыты.
Суровы напамін
Вёска Баравіно сёння, лічы, дачны пасёлак, бо пастаянных жыхароў на адзінай вясковай вуліцы тут практычна няма. Як і не пабачыш тут ні жывёлагадоўчых фермаў, ні машыннага двара. Толькі акуратныя палеткі з кукурузай выдаюць яе прыналежнасць да ААТ “Уша”. Аднак абмінуць гэту вёсачку ніяк не атрымаецца.
Віной усяму – велічны і запамінальны помнік. Гэта скульптура жанчыны – маці, дачкі, жонкі, смуткуючай, але непахіснай і непераможнай. Яна – суровы напамін усім нашымворагам у памяць аб 208 жыхарах, па-зверску закатаваных і спаленых, аб воінах, загінуўшых за Радзіму.
Не зарастае сцежка да помніка. Спыняюцца падарожнікі, чый маршрут ляжыць праз гераічную вёску. Яны няспешна ідуць да помніка, ускладваюць кветкі і нізка схіляюць галовы перад подзвігам загінуўшых.
Ды і не адно пакаленне баравінцаў нясе сюды кветкі не толькі на Дзень Перамогі і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але і на Радаўніцу і яшчэ на 28 лістапада – чорную дату для ўсіх мясцовых вяскоўцаў.
Застаўся грудок попелу
У гэты дзень 1942 года эсэсаўскі батальён пад камандаваннем Дырлевангера ўчыніў жорсткую расправу – знішчыў 208 жыхароў і спаліў 76 двароў.
– Ужо добра змяркалася, калі я намерылася з іншымі выправіцца ў вёску, – успамінае Вольга Мазаева. – Толькі выйшлі на ўзлесак – і жахнуліся: з боку вёскі пачуліся глухія стрэлы, пачалі займацца агнём хаты. Убачылі, як у бок лесу бягуць, уцякаюць людзі: па іх стралялі, многія падалі. Страшна мне стала: там жа ў вёсцы засталася свякруха з маім маленькім Ванечкам…
Назаўсёды ўрэзаўся той жудасны лістападаўскі дзень і ў памяць Віктара Мілько:
– Да вечара агонь крыху асеў. Баравінцы, якія папрыходзілі з лесу, і жыхары Белічан, што паспяшаліся на дапамогу, пачалі хадзіць па агародах, кустах: можа хто ўратаваўся ці паранены дзе ляжыць. Хутка ўдалося падабраць дзвюх параненых дзяўчынак. Пашчасціла вырвацца і яшчэ некалькім хлопцам. Астатнія 208 чалавек, галоўным чынам старыя, жанчыны і дзеці, загінулі, згарэлі. Іх астанкі затым сабралі на пажарышчах, пахавалі ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі.
Цудам засталася жывой Ніна Арлова. На той час ёй было сем-восем гадоў. Хоць і параненая, яна пазбегла смерці. Яе матуля, дзядуля і сястрычка загінулі.
– Мы з матуляй стаялі ў адным канцы пакоя, а дзядуля – у другім, – расказвала яна, – а калі кат пачаў наводзіць на нас аўтамат, я падумала, што як заб’е маму і Люсю, то яны паваляцца на мяне і мне будзе цяжка ляжаць. Таму вырашыла перабегчы пакой і стаць побач з дзядулем. Я сарвалася з месца і пабегла. А ў гэты момант фашыст пачаў страляць. Я павалілася. Колькі ляжала, не памятаю. Пазней пачуліся чыесьці крыкі, я хуценька лягла на сваё месца і прытварылася нежывой. У хату зайшоў той самы фашыст, што забіваў. Прынёсшы ахапак саломы, ён паклаў яе на падлозе і абліў нечым. Потым гэтай жа вадкасцю абліў сцены. Затым садраў з пасцелі лепшыя коўдры, згроб іх пад паху, падпаліў салому і пайшоў. Я не ведала, што рабіць: у хаце агонь разгараецца, на дварэ чутны крыкі гітлераўцаў, выстралы раздаюцца. Але тут я страціла прытомнасць. Як крыху ачуняла, пабегла ў напрамку, дзе павінны быць дзверы.
Дым выядаў вочы, драў у горле. Вобмацкам знайшла дзверы, напілася вады ў другім пакоі, узяла кошку і выбегла ў двор.
Праз некалькі дзён малая Ніна з дзядзькам прыйшла да месца, дзе быў яе дом. Ад родных застаўся толькі грудок попелу. На суседнім двары дзяўчынка ўбачыла абгарэлае цела цёткі Зіны.
А цяпер - на Баравіну
Ад рук фашысцкіх карнікаў прынялі смерць трыццаць хлопчыкаўі дзяўчынак, якія вучыліся ў Ляжынскай школе разам з былым навуковым супрацоўнікам Лагойскага краязнаўчага музея Віктарам Мілько. Ён у свой час сустрэўся з Вольгай Мазаевай.
– У першыя дні вайны, - успамінала яна, – у нашу вёску трапілі чырвонаармейцы-акружэнцы, чалавек пад дваццаць. На фронт прабрацца яны не змаглі. Бо нашы адступілі надта далёка. Так і засталіся ў нас, жылі па хатах, мы іх “прыпіснікамі” называлі. Гэтыя хлопцы не сядзелі склаўшы рукі, наладжвалі сувязь з мясцовымі актывістамі. Сярод іх быў Сакалоўскі Іосіф Пятровіч, які стварыў падпольны райкам партыі. Шукалі "прыпіснікі" зброю, рабілі тайнікі з боепрыпасамі, а па вясне падаліся ў партызаны.
Да партызанскай барацьбы далучыліся і баравінцы.Таму горкі лёс вёскі быў прадвызначаны: у акупантаў даўно выспяваў намер расправіцца з партызанскім гняздом. Людзі гэта прадчувалі. Іх трывога абвастрылася, калі карнікі знішчылі вёску Дубоўручча што ў сямі кіламетрах на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна. У Баравіно вяскоўцы, вядома, наведваліся, каб спячы хлеб, узяць прадукты, памыцца ў лазні. Так было і ў тую злашчасную суботу 28 лістапада 1942 года.
За тры гады акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі правялі больш за 140 карных аперацый. Было знішчана 9200 населеных пунктаў, у тым ліку 628 падзялілі горкі лёс Хатыні, 186 спалены разам з жыхарамі і так і не адрадзіліся ў наш час. Загінула 1 409 225 мірных жыхароў. Як высветлілася зусім нядаўна, гэтыя лічбы не дакладныя. Аднак у старым жудасным спісе ёсць ужо 43 вёсачкі Бярэзінскага раёна, з якіх 9 былі цалкам знішчаны фашыстамі. Вяскоўцы, якім пашчасціла застацца ў жывых, перажыць трагедыю, засведчылі страшную праўду аб тых падзеях для сваіх нашчадкаў.
У спадчыну – памяць і боль
Мясцовыя жыхары, а гэта дзеці і сваякі па шчасцю выжыўшых вяскоўцаў, дагэтуль шчымліва гавораць пра трагедыю. Так, матуля Ганны Калеснік і яе бацька цудам пазбеглі жудаснай смерці.
– Мая маці была 1925 года нараджэння, – гаворыць жанчына. – А немцы як раз збіраліся адправіць яе аднагодкаў у Нямеччыну. Яна хавалася ў суседняй вёсцы, куды і панесла ёй правізію. Вярнулася дамоў, а хаты няма і сваякі загінулі.
Не менш перажыванняў прынеслі карнікі і сваякам Раісы Івашка. Адна з іх у той чорны дзень была ў лесе, а другая цудам выжыла ад кулі карнікаў і агні.
Са слоў бацькоў Ганна Мікалаеўна і Раіса Гіляраўна памятаюць як цяжка жылі баравінцы пасля знішчэння хат, як туліліся па суседзях і па лясных землянках. Аднак не скарыліся ворагу і паступова адрадзілі сваю вёску. Ужо ў першыя пасляваенныя гады на месцы пажарышчаў узніклі
27 сядзіб, былі пабудаваны ферма, лесапілка і млын. Баравіна, а менавіта так правільна завецца спаленая немцамі вёска, стала брыгадай мясцовага калгаса, дзе аграномам быў Віктар Мілько.
Лёс дараваў выжыўшым баравінцам доўгае жыццё, каб яны ў спадчыну сваім дзецям і ўнукам пакінулі светлую памяць аб загінуўшых вяскоў-цах. Сёння сучаснае пакаленне баравінцаў лічыць сваім абавязкам не толькі па-сучаснаму аздабляць дамы сваіх бацькоў, але і клапаціцца пра магілы загінуўшых у гады вайны. Так, звяртае на сябе ўвагу незвычайны помнік загінуўшай з бацькамі дзяўчынкі 28 лістапада 1942 года. Ён па перыметры агароджаны жалезным ланцугом, на які прымацаваны язык полымя. Глядзіш на яго, і сэрца сціскаецца ад болю і смутку. Але гэтыя пякучыя пачуцці душы ніколі не дазволяць нам перапісаць на свой капыл гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і не дапусцяць гераізацыі антыгуманных дзеянняў нацыстаў.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.