Людзі даўно ведаюць: калі трапіў у бяду – першымі на дапамогу прыйдуць выратавальнікі МНС. Іх дэвіз – “Прафесіяналізм. Адвага. Гонар”. І гэта не проста гучныя словы. Тыя, хто хоць раз бачыў твары пажарных, якія толькі што вярнуліся з выкліку, хто адчуваў даўкі пах дыму ад іх баявога адзення, разумеюць: за гэтымі словамі – выбар такога ладу жыцця, калі ўсвядомлена рызыкуеш сабой дзеля выратавання іншага чалавека.
Сёння ў Бярэзінскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях працуюць прафесіяналы, якія з’яўляюцца ў месцах, дзе здараецца бяда, і ратуюць людзей, жывёлу, будынкі, маёмасць. Баявая работа выратавальнікаў-пажарных – гэта пастаянная небяспека і рызыка, актыўная прафілактычная работа і пастаяннае навучанне. Надзвычайныя здарэнні мінулых гадоў абавязваюць знаходзіцца ў пастаяннай гатоўнасці і працаваць на апярэджанне. Ды і не варта забывацца пра навучанне правільным паводзінам на пажары, папярэджанню дзіцячага свавольства з агнём, выступленні на прадпрыемствах, у школах і дашкольных установах, гутаркі з працаўнікамі, бацькамі і дзецьмі.
Спектр дзейнасці выратавальнікаў з кожным годам пашыраецца, але ўся яна, па сутнасці, зводзіцца да аднаго: служыць людзям і краіне, ратаваць іх ад любых бед. Нездарма дыспетчар службы 101, калі падымае тэлефонную трубку, кажа: “Служба МНС. Чым дапамагчы?” А просьбы, з якімі звяртаюцца ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях, самыя разнастайныя: ліквідаваць паваленыя бурай дрэвы або затапленне, узгаранне, правесці дэзінсекцыю ад вос і шэршняў, дастаць чалавека або жывёліну з калодзежа, дапамагчы ў пошуках гора-грыбнікоў. Акрамя таго, выратавальнікі не толькі ратуюць. Штогод работнікі РАНС аказваюць садзейнічанне сельскагаспадарчым прадпрыемствам ва ўборцы ўраджаю.
На выратавальнікаў-пажарных спадзяюцца, у іх вераць, таму кожны работнік МНС павінен падтрымліваць аўтарытэт службы перш за ўсё сваім адказным стаўленнем да выканання службовых абавязкаў.
Гэта бывае часам вельмі няпроста, але бярэзінскі калектыў пажарных-выратавальнікаў аб’ядноўвае ў гэтым адно цэлае – багаты вопыт і прафесіяналізм сталых, энергія маладых, вернасць сваім традыцыям і павага да ветэранаў службы.
Выратавальнік – гэта назаўсёды
Пажарна-выратавальніцкі стаж былога начальніка Бярэзінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўніка Алега Кушнера невялікі ў параўнанні з іншымі кіраўнікамі, але вось яго асабісты ўклад у станаўленне службы не менш важкі. Ён узначальваў калектыў з 2006 па 2010 год.
Праўда, ратаваць людзей ад пажараў і розных няшчасцяў Алег Іванавіч ніколі не марыў. Куды больш па душы і па юнацкіх амбіцыях яму была высакародная справа – абараняць Айчыну. Дзеля гэтага ён заканчвае Мінскую ваенную акадэмію і спраўна служыць у вайсковай часці Слуцка. Служыць доўга і даслужыцца да генеральскіх пагонаў па пэўных абставінах не атрымалася. Давялося маладому афіцэру вярнуцца з жонкай у родны горад. Аднак чым тут было яму заняцца пры яго асаблівым стаўленні да парадку і суровай дысцыпліны, выключнай прынцыповасці, патрабавальнасці і прыстойнасці?
– Тады на дапамогу мне прыйшоў тагачасны начальнік аддзела Уладзімір Свірыдовіч, – гаворыць Алег Іванавіч. – Праз некалькі месяцаў пасля звальнення з арміі ён параіў мне пайсці ў выратавальнікі-пажарныя. Прапанова заінтрыгавала і я пагадзіўся. Новая служба пасавала майму настрою ды і грэла душу перспектыва ізноў насіць форму і жыць па ўставу.
Алег Іванавіч быў намеснікам начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пры Уладзіміры Свірыдовічы і Аляксандры Прунчаку. За гэты час ён не толькі станоўча зарэкамендаваў сябе ў калектыве, але і завочна скончыў Мінскае камандна-інжынернае вучылішча. Гэта ён палічыў абавязковым у сваёй кіраўнічай і выратавальніцкай дзейнасці. Ды і такі сур’ёзны падыход да справы, асаблівая выканальніцкая дысцыпліна, імкненне ва ўсім глыбока разабрацца забяспечылі яму зайздросную кар’еру…
Сапраўднае баявое хрышчэнне Алег Іванавіч прайшоў у апошнія месяцы сваёй службы. Бярэзінцы памятаюць, які сакрушальны ўраган абрынуўся на раён з дзесятак год таму назад. Стыхія зрывала дахі, валіла дрэвы і на некалькі дзён пакінула без святла шэраг населеных пунктаў. Урон атрымаўся каласальны, а ліквідацыя наступстваў патрабавала нямала нерваў і сіл. І першымі ў гэту справу ўключыліся выратавальнікі.
– Ужо праз лічаны час пасля стыхійнага бедства ў райвыканкаме глыбокай раніцай прайшло першае пасяджэнне штаба па ліквідацыі наступстваў урагану, – успамінае мужчына, – дзе ўвесь цяжар работ быў узвалены на выратавальнікаў. Нам даводзілася размяркоўваць тэхніку і людзей, асабіста праводзіць работы, каб вярнуць бярэзінцаў да нармальнага жыцця.
У тыя няпростыя дні начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Кушнер працаваў практычна без адпачынку, бо імкнуўся дапамагчы кожнаму, чыё жыллё пацярпела. Было зроблена нямала, але вось цана аказалася для мужчыны непамерна высокай. Цяжкая хвароба ўмомант перакрэсліла ўсе яго планы. Алег Іванавіч доўга не здаваўся на літасць такіх абставінаў, але вярнуцца ў калектыў ужо не змог. Ды не апусціў рукі, бо актыўна займаецца спортам, падтрымлівае сябе ў цудоўнай фізічнай форме (яму налета споўніцца 50 гадоў), займаецца пчалярствам і заўседы ў курсе спраў пажарных –выратавальнікаў.
– Я ні аб чым не шкадую ў сваім жыцці, бо служба загартавала мой характар, зрабіла мяне моцным чалавекам, ды і падарыла мноства сапраўдных сяброў, – гаворыць Алег Іванавіч. – Мне дагэтуль прыемна, што жывуць у калектыве закладзеныя спартыўныя традыцыі і выратавальнікі задаюць тон у спаборніцтвах. Не забыцца мне з якой павагай мы ставіліся да сваіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ды і яшчэ працуюць у аддзеле выратавальнікі, якіх я калісьці прымаў на працу. Радуе мяне і моладзь, якая прыйшла на змену.
Чаму дзяўчаты выбіраюць выратавальнікаў?
Дарэчы, маладыя выратавальнікі – асаблівы гонар аддзела. Адзін з іх – Аляксей Гайдук сёлета другі раз будзе адзначаць прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы. Па адукацыі ён тэхнік-электрык і мог бы добра працаваць па прафесіі. Але не выбраў для сябе гэтую работу, стаў выратавальнікам.
– Я тут па бацькавых сцежках, – гаворыць Аляксей, – які ўжо на заслужаным адпачынку. Ды і не вабіла мяне звычайная работа электрыкам, хацелася гагосьці іншага і больш цікавага. Задавальняў мяне прапанаваны графік працы, ды і той факт што пажарная служба вызваляе ад арміі. Ды і калектыў у нас сабраўся цудоўны, зладжаны і дружны.Мы гарой за сваіх – не кінем іх у цяжкую хвіліну. Аляксей, як усе пажарныя, колькасць сваіх выездаў не лічыць. Іх было ўжо шмат, ёсць і людзі, якіх ён выратаваў.
– Не трэба думаць, што пажарныя бясстрашныя людзі і ім незнаёмы страх, – гаворыць Аляксей, – проста на пажары гэтыя пачуцці знікаюць на фоне выканання розных інструкцый і адказнасці за сваіх таварышаў.
У вольны час малады выратавальнік наведвае трэнажорную залу і вудзіць рыбу. Есць у яго і дзяўчына. Да яе ён ставіцца сур’езна, не ігнорыць паведамленні і заўсёды адказвае на званкі.
– Дзяўчаты з павагай ставяцца да нас, выратавальнікаў, – гаворыць Аляксей, – бо мы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і ўмеем папярэдзіць любыя няшчасці.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА і з архіва рэдакцыі.