“Исток” запрашае, або дзе падзарабіць летам?

Date 25.07.2022 Man
Comment 882
“Исток” запрашае, або дзе падзарабіць летам?

Сёння пытанне чым заняць сябе летам перад старшакласнікамі і студэнтамі так абвострана не стаіць, як напрыклад у пару майго юнацтва.

Асабліва пашанцуе, калі ты член БРСМ. Папрацаваць у студатрадзе гэта не толькі выдатная спроба пакаштаваць сапраўднага дарослага жыцця, але і магчымасць зарабіць грошы перад далейшай вучобай і проста на кішэнныя расходы, часам нават і неблагія грошы.

Працаваць на летні перыяд моладзь запрашаюць разнастайныя прадпрыемствы і арганізацыі Бярэзіншчыны, адна з іх – ТАА “Исток”, заглянем сюды ў госці…

Сёння ў “Истоке” шчыруе студатрад з 8 студэнтаў і старшакласнікаў. Хлопцы прыходзяць на работу да 17.00, апранаюць спецвопратку, якую арганізацыя выдае на перыяд работы, і адразу ўключаюцца ў вытворчы працэс, якім занятыя да 22.00. Разгружаюць машыны з сыравінай, складаюць на вазок важкія скрынкі з чарніцамі і перапраўляюць у спецыяльнае памяшканне, дзе падтрымліваецца нізкая тэмпература. Лайдачыць асабліва няма часу, акрамя разгрузкі яшчэ трэба прыбрацца на тэрыторыі ды і рабіць шмат чаго іншага, кіраўнік гаспадарскім вокам пільна сочыць за парадкам і пры неабходнасці заўсёды падкажа маладым работнікам чым лепш заняцца ў дадзены момант часу.

– Працуюць добра, дружна і зладжана, – кажа дырэктар Аляксандр Грунько. – Папрацуюць змену, праявяць сябе, мы выбярэм лепшых і працавітых, і абавязкова прапануем застацца на наступную змену.

Адказ на пытанне, колькі студатрадаўцы атрымаюць за перыяд работы, здзіўляе і прыемна ўражвае: сярэдні заробак плануецца ад 300 рублёў і вышэй. Згадзіцеся, за 10 дзён гэта значная сума, асабліва для маладога чалавека.

– Зараз у разгары сезон чарніц, мяркуем нарыхтаваць 300 тон, калі атрымаецца, то і больш, таму нам спатрэбяцца яшчэ 2-3 студатрады, – кажа Аляксандр Васільевіч. – Потым пачнецца сезон клюквы, аднак моладзі на той час прыспее пара каму ў школу, а каму і ў іншыя навучальныя ўстановы.

Калі ёсць магчымасць, чаму не папрацаваць? Тым больш, калі ты толькі што закончыў школу ісабраўся вызначыцца з далейшым жыццёвым шляхам. У такой сітуацыі грошы лішнімі не бываюць. Да таго ж у бацькоў прасіць самайстойнаму маладому чалавеку ўжо і сорамна. Вось і капітан студатрада Ігар Скамейка сёлета скончыў школу і збіраецца паступаць у будаўнічы каледж, у якім мяркуе набыць спецыяльнасць машыніста аўтакрана.

– Студатрад у “Истоке” дае добрую магчымасць падзарабіць перад паступленнем, гэта цудоўнае падспор’е, – прызнаецца хлопец і ўсміхаецца. – Таму настрой на работу – выдатны.

Дарэчы, Ігара ў «Истоке» ведаюць ужо даўно, шчыруе тут трэці сезон, зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку.

Падпрацоўваюць на канікулах і студэнт факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Дзмітрый Мілько,і будучы тэхнік-электрык Марк Пашкевіч, які вучыцца ў Вілейскім дзяржаўным каледжы, і іншыя. Між іншым, дзяўчат я не заўважыў, што тлумачыцца проста, работа ў дадзеным студатрадзе ў асноўным мужчынская.

Пасля разгрузкі лясных дароў з машыны, загадчыца складам Таццяна Яромін адразу правярае на радыяцыю скрыні з чарніцамі. Спецыяльным прыборам яна вызначае ўзровень цэзія-137, каб не перавысіць дапушчальную норму, узважае прадукт, выпісвае суправаджальныя дакументы, і галоўнае – накіроўвае работу моладзі ў належнае рэчышча. Акрамя студатрадаўцаў, на “Истоке” завіхаюцца яшчэ 6 чалавек.

Што ж, наперадзе яшчэ больш месяца каляндарнага лета, пажадаем жа і студатрадаўцам, і калектыву, у якім знайшлася магчымасць прыняць моладзь на падпрацоўку, далейшых жыццёвых поспехаў і здзяйсненняў.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31