Хочаш заробіць – рана устань
Андрэй Дубовік з Любушан устае ў палове пятай гадзіны раніцы, і ўжо у палове шостай ідзе ў лес. Займаецца гэтым у вольны час на выхадныя, дый у перыяд працоўнага водпуску. Любушанскія лясы багатыя на разнастайную зеляніну, раніцай душа радуецца водару дрэў і птушыным спевам.
- Праўда, сёлета ў нас ягад не сказаць, што шмат, - сцвярджае Андрэй. - Меней чым летась. Зазвычай ў мяне сезон пачынаецца з суніц, пасля ідуць чарніцы, потым пасля іх – брусніка і клюква. Збіраю лясны ўраджай звычайным ручным камбайнам, вырабленым з пластмасы, зручная рэч. За дзень у прынцыпе 20 кілаграм можна сабраць. Калі надвор’е дазваляе, можна гэтым займацца хоць штодзень.
На маё пытанне, наколькі гэта выгадна, Андрэй Дубовік запэўніў, што збор не толькі чарніц, але і іншых ягад можна назваць добрым падспор’ем у гаспадарцы. Для ўласных патрэб шмат ягад не патрабуецца, а вось калі на продаж нарыхтоўшчыкам – іншая справа, тут важны цэны, па якіх прымаюць прадукцыю. Зараз розныя нарыхтоўшчыкі прымаюць чарніцы па 3.50 і 4 рублі за кілаграм. Зразумела, выгадней здаваць туды, дзе цэны вышэй. Летась жа асобныя прыёмшчыкі ягад скуплялі чарніцы ў два разы даражэй, дык інтарэс збіраць ягады быў большым. Але ж у лесе цікавяць не толькі ягады.
- Андрэй вельмі любіць лес, - кажа яго жонка Наталля. – Вясной як толькі растае снег, ён ужо выбіраецца на знаёмыя сцежкі, проста пагуляць, паглядзець на прыроду.
- Заадно і выглядзець месца, дзе больш суніц чакаць, - падказвае Андрэй.
Практыка падобных паходаў у мужчыны вялікая, аматарам прыроды стаў яшчэ з дзяцінства, калі нарадзіўся і жыў ва украінскім горадзе Овруч, што ў 90 кіламетрах ад беларускага Мозыра. І што важна, ніколі не блукаў. Калі ж працаваў у лясніцтве, мясцовыя лясы зведаў ва ўсіх накірунках, жонка не хвалюецца, што муж можа незнарок згубіцца.
Зараз наведвацца ў лес стала весялей. Прыбіўся сабака, заходнесібірская лайка Джэсіка. Вось ужо два тыдні жыве ў Дубовікаў, відавочна чатырохногі сябар шукаў новых гаспадароў. І пашчасціла – знайшоў. Андрэй па ягады, Джэсіка – побач.
- Харчуе чарніцамі прама з веткі, - смяецца гаспадар. – Вітаміны!
Сяброўства мацнее, купілі “сябру” пачастункаў, і Джэсіка прывязалася ўсім адданым сабачым сэрцам.
- Даводзіцца сутыкацца і з дзікімі жывёламі. Напрыклад, з ласямі і касулямі. Рогі ласіныя знаходзіў. Вясною бачыў след рысі. А вось людзей сёлета ў нашых мясцінах мала. Зазвычай у нашых лясах наведваецца шмат аматараў ягад з Клічаўшчыны, летась у асноўным яны тут шчыравалі. На пытанне, ці ў сваіх лясоў на Клічаўшчыне мала, адказвалі, што ўсю ягаду там ужо выбралі. Наогул жа асабіста мне сабраць за сезон пару цэнтнераў – без праблем, можна і больш, галоўнае каб было здароўе і магчымасць збыту.
ЗБІРАЕМ НА ПРОДАЖ
Сваімі назіраннямі і досведам збору дароў прыроды дзеліцца і Галіна Бабровіч з Косавак.
- У лясах каля Косавак ягад сёлета шмат. Па маіх назіраннях, больш чым летась і пазалетась. Таму што дажджы ішлі, ягада наліваецца. Шмат тут і людзей, у асноўным з Беразіно, бо горад – рукой падаць, блізка. Адно кепска, што часцяком назіраецца такая карціна, ягада яшчэ зялёная, а яе ўжо бяруць, не даюць выспець. Таму добра, калі ўводзіцца абмежаванне па збору, напрыклад, не раней пэўнага вызначанага тэрміну. У кожнай вёсцы маюцца прыёмшчыкі чарнікі. У Косаўках можна здаць ягады ў двух магазінах, і яшчэ адной жанчыне, якая займаецца нарыхтоўкай. Ягаднікі ў асноўным ходзяць у раён летніка “Папараць-кветка” і пад Прыбар каля рэчкі.
Мае ж любімыя мясціны – каля “Папараць-кветкі”. Калі ж там усё ўжо выбрана, тады на веласіпедзе еду пад Вязькуцін. Едзем разам з дачкой Палінай, якая сёлета закончыла школу. Паліна ўстае ў 4 раніцы, і падштурхоўвае “мама, пад’ём!”. Збіраем чарніцы да паловы дзясятай раніцы, бо ў 11 мне ўжо трэба быць на рабоце. Збіраем на продаж, сабе дамой шмат чарніц не трэба, ужо нарыхтавалі патрэбную колькасць. Калі завіхаемся ўдваіх з дачкой, то паспяваем набраць тры вядры дзесяцілітровых напоўніць, бярэм ягаду збіралкай-камбайнам.
Справа даволі выгадная. Мае родныя з Мінску, ужо на пенсіі, прыязжаюць рэгулярна на цэлае лета ў Дзевяніцу, дарэчы, адкуль я сама родам. І шчыруюць з раніцы да вечара ў лесе. Пасля сезону чарніц пойдзем на клюкву, брусніку. Небяспека сустрэць дзікую жывёлу ёсць, страшнавата на таго самага мядзведзя нарвацца, якія водзяцца ў Бярэзінскіх лясах, але ж у лесе цікава. Помніца, як у дзяцінстве даводзілася ў школу хадзіць ляснымі сцежкамі, і часам гэта было побач з ваўкамі, страху на той час не было ніякага. Ад камароў ратуемся самаробнымі сродкамі, якія вырабляем самі.
Падводзячы рысу, скажу так: лес гэта падспор’е. Калі чалавек не лайдак, дазваляе здароўе і маецца жаданне, то ў лесе можна добра зарабіць. Але ж лес трэба любіць, гэта больш за ўсё адкрыта тым, хто сам нарадзіўся ў лясных мясцінах.
ВЫГАДА ДЛЯ ДЗЯРЖАВЫ
Як абстаяць справы з нарыхтоўкай чарніц у дзяржаўных структурах, мы размаўляем з намеснікам дырэктара Бярэзінскага філіяла па нарыхтоўкам і прамысловасці Мінскага аблпо Віктарам Груздом.
- Упершыню сёлета нарыхтоўка чарнікі пачалася з 8 ліпеня, адпаведна з рэгламентам, які ўвялі адпаведныя структуры. Гэта правільна і вельмі добра, далі ягадзе выспець. Сезон крыху спазніўся на пару тыдняў з-за ўмоў надвор’я. Закупкай чарніц у насельніцтва на Бярэзіншчыне займаюцца ўсе гандлёвыя кропкі нашага філіяла, а іх 45 тут і на Чэрвеншчыне – 23. Акрамя таго ёсць яшчэ нарыхтоўчы пункт, таксама працуе 8 раз’яздных нарыхтоўшчыкаў, якія наведваюцца ў населеныя пункты раёна, часам стаяць на выхадах з лесу і прапануюць зборшчыкам ягад здаць чарніцы, - расказвае Віктар Арсенцьевіч. - Чарніку мы прымаем па 3.50 рублёў за кілаграм.
- Колькі плануеце сабраць?
- На дадзены момант нарыхтавалі ўжо 16 тон чарніц. Гэта больш чым летась, калі за ўвесь сезон нарыхтавалі ўсяго 14 з паловай тон. Праўда, леташні год быў на чарніцы не ўраджайным, і то нам атрымалася сабраць амаль 50 працэнтаў ад абласнога аб’ёма.
- Як складаюцца справы з рэалізацыяй прадукцыі?
- Зараз мы заключылі кантракт з польскай фірмай як некамерцыйная арганізацыя. І нашыя чарніцы паедуць ў Польшчу. Летась і пазалетась пастаўкі рабілі ў Расію, але там танней закупаюць. Калі ёсць заяўкі, рэалізуем і для насельніцтва. Раней адпраўлялі на Літву, але ж цяпер вядомая палітычная сітуацыя – санкцыі. Пастаўлялі яшчэ ў Румынію.
- Можна сказаць, што насельніцтва актыўна ўключылася ў працэс?
- Прымаем парадкам каля 1 тоны ягад штодня.
- Што яшчэ прымаеце?
- Суніцы садовыя, далі вялікае заданне 25 тон сабраць, летась 15, і мы заданне выканалі. Смародзіну чорную і чырвоную, брусніку, галубіку і іншае будзем прымаць. Цэны ўжо вызначаны. Пасля чарнікі будзем закупаць у насельніцтва галубіку, у жніўні – брусніку, у верасні – клюкву.
- Наколькі гэта выгадна для дзяржавы?
- Калі браць агульную лічбу, аддзел нарыхтовак Бярэзінскага філіяла Міскага аблпо штомесячна атрымлівае прыкладна 40 тысяч рублёў чыстага прыбытку. Праўда, акрамя ягад, мы нарыхтоўваем яшчэ шмат чаго, у тым ліку і мяса. Але ж чарніцы гэта як лаксумавая паперка цяперашніх прыбыткаў, бо гэта экспартная выручка. Таму выгадна.
Мяркую, чарнічны сезон прадоўжыцца да сярэдзіны жніўня. Будзем прымаць ягады, пакуль людзі будуць да нас несці.
Алясандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара і герояў матэрыяла.