…І ўстанавілі лавачку

Date 29.07.2022 Man
Comment 723
…І ўстанавілі лавачку

На адрас рэдакцыі прыйшло пісьмо жыхара г. Беразіно Мікалая Яцэвіча наступнага зместу:

“Паважаная рэдакцыя! Я пражываю ў горадзе Беразіно па вуліцы Паркавай, побач са скверам, які быў пасаджаны ў канцы 50-х гадоў школьнікамі дзвюх гарадскіх школ на месцы былых яўрэйскіх могілак, якія перанеслі на гарадскія. Калісьці гэта быў дагледжаны сквер. Але ўсё перамянілася з таго часу, калі рынак пераехаў на новае месца і тут стала бываць намнога менш людзей.

Наш куток аказаўся не на самым бойкім месцы. Але больш за ўсё дасталася скверыку. Ён аказаўся закінутым і сюды рэдка калі дабіраюцца работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі для таго, каб навесці тут парадак. Так, апошнім разам яны былі тут мінулагодняй восенню, згрэблі лісце ў кучы, палову іх вывезлі, а астатнія засталіся ляжаць да гэтага дня. Касілі траву тут таксама яшчэ летась. А на двары ўжо сярэдзіна лета, і за гэты час тут паспеў вырасці знатны яе ўраджай.

Сквер засаджаны дрэвамі, сярод якіх нямала сухастойных і падгніўшых. Невядома, калі паваляцца. Не надарылася б трагедыі, бо многія жыхары нашага мікрараёна ходзяць праз сквер на работу і дамоў. Цяжка і старым людзям. Адпачыць патрэбна, а лавачкі няма. Можна было б хоць адну паставіць у пачатку сквера. Гады два назад, праўда, тут устаналівалі лавачкі..."

Пісьмо нашага даўняга і пастаяннага чытача мы накіравалі на імя начальніка РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” Д. Вабішчэвіча. Не так даўно рэдакцыя, як і аўтар пісьма, атрымала адказ начальніка камунальнай службы раёна.

“На Ваш зварот у рэдакцыю газеты «Бярэзiнская панарама» па пытанні навядзення парадку ў скверы па вуліцы Паркавай г. Беразіно паведамляем, што ў цяперашні час выканана абкоска тэрыторыі сквера, устаноўлена і замацавана лавачка, - гаворыцца ў ім. – Работы па выдаленні аварыйных дрэваў (абрэзцы сучча) плануецца правесці да 20.09.2022 г. Дадзенае пытанне знаходзіцца на кантролі ў РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”, аб ходзе выканання работ мы паведамім дадаткова”.

Ад рэдакцыі. У тым, што ва ўзгаданым скверыку (замацаванай за імі тэрыторыі) камунальшчыкі сапраўды навялі парадак, наш карэспанадэнт пераканаўся на ўласныя вочы і ў дадатак зрабіў вось гэты фотаздымак з устаноўленай лавачкай. Спадзяёмся, што да ўказанага ў пісьме тэрміну тут будуць выкананы і іншыя неабходныя работы. Будзе цудоўна, калі гэты ўчастак набудзе новае жыццё і стане яшчэ адной упадабанай зонай адпачынку гараджан.

Засмучае другое. Тэрыторыя вакол сквера па-ранейшаму мае непрыглядны выгляд запусцення. А гэта ж наш горад! Няхай сабе і не цэнтр, але ж месца пражывання і дзейнасці людзей. Прачніцеся, гаспадары-уладары гаражнага кааператыву і будынка былой майстэрні бытавой тэхнікі! Прыгажосць і ўтульнасць нашага горада – у нашых руках і сумесных дзеяннях і не патрабуюць вялікіх намаганняў.

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31