Праз эстэтыку і прыгажосць – да добрага настрою

Date 01.08.2022 Man
Comment 757
Праз эстэтыку і прыгажосць – да добрага настрою

Калі хворыя ідуць у бальніцу каб палепшыць здароўе, то ўрачам і медперсаналу таксама варта не губляць тонус.

Народная мудрасць, і не толькі яна, сведчаць: шмат хвароб – “ад нерваў”, таму ў многім самаадчуванне і пацыентаў, і дактароў залежыць ад унутранага настрою, які несумненна фарміруецца пад уплывам знешняга асяроддзя. Тут на першым месцы добраўпарадкаванне тэрыторыі, якое эстэтычным выглядам удалага ландшафтнага дызайну здольна выклікаць лагодны настрой, пяшчотныя ўсмешкі, жаданне працаваць, і галоўнае – жаданне жыць.

Не толькі альтанка

Калі мы зазірнём на тэрыторыю Бярэзінскай ЦРБ, у вочы адразу кідаецца чысціня, дагледжаныя газоны, акуратныя кусцікі, мілыя дрэўцы і кветнічкі. Дарэчы, асобныя клумбы нават у чатыры
ярусы – удалае дызайнерскае рашэнне жаночай паловы ўрачэбнага калектыву.

Каля цэнтральнага ўваходу свежапафарбаваныя ўтульныя лаўкі, на якіх можна пры неабходнасці пасядзець і адпачыць. Дрэў вакол проста не ахапіць вокам, а кветнікі пад вокнамі паліклінікі так і прыцягваюць позіркі наведвальнікаў і персаналу.

Калі дазваляе надвор’е ды ласкава свеціць сонейка, пацыенты гуляюць па ўтульнай алеі ва ўнутраным двары, аздобленай раслінамі і розным зяленівам.

Ва ўнутраным двары ўвагу прыцягвае альтанка з шыльдай “месца для курэння”, якая па перыметры ўпрыгожана падвешанымі вазонамі з рознакаляровымі кветкамі. Цяпер аматары “смалення”, падыхаўшы з’едлівым дымам, могуць следам цешыцца духмяным водарам, які лунае вакол суквеццяў і вабіць пчолак. Ну а багацце прыродных фарбаў радуе вока не толькі наведвальнікаў альтанкі. Можна смела сказаць, што падобнае ўпрыгожванне падштурхне кагосьці з курцоў развітацца са шкоднымі звычкамі, натхніць выкінуць цыгарэты і больш бываць на прыродзе, весці здаровы лад жыцця.

Дружная работа

Ідэя размясціць падвясныя вазоны ў альтанцы належыць галоўнай медсястры Таццяне Ліпніцкай.

– Сёлетняй вясной мы правялі глабальнае добраўпарадкаванне тэрыторыі, давялося добра папрацаваць. Закупілі больш за дзвесце саджанцаў. Пасадзілі елкі, туі, вербы, ядловец, барбарыс і вельмі шмат кветак. Праект азелянення распрацоўвалі ўласнымі сіламі, ініцыятыва пайшла ад галоўрача Крысціны Аляксандраўны, потым усе разам раіліся, высвятлялі дэталі, удакладнялі. Працавалі дружна.

Кожны супрацоўнік бальніцы ўнёс штосьці ўласнае, выказаў меркаванне наконт упрыгожвання мясцовых краявідаў, – расказвае Таццяна Пятроўна. – Праблема догляду за раслінамі вырашылася наступным чынам: бальнічная тэрыторыя даволі вялікая, таму падзелена на ўчасткі, якія замацаваны за кожным аддзяленнем. Назначаныя адказныя супрацоўнікі кожнага аддзялення раніцай займаюцца паліўкай, потым прыспее час праполваць, абразаць і гэтак далей.

Не адстае ад жанчын і мужчынская палова працоўнага калектыву ЦРБ. Шмат абавязкаў і ў начальніка гаспадарчай службы Генадзя Пашкевіча і яго падначаленых. Гаспадарка ва ўстанове аховы здароўя і так немаленькая, а тут у дадатак арганізацыйныя і іншыя клопаты па азеляненні. У той час, калі жанчыны завіхаліся з кветкамі, мужчыны вазілі зямлю, капалі ямкі пад высадкі. Дружная работа збліжае калектыў, напаўняе аптымізмам і не дае сумаваць.

– Шмат яшчэ хочацца зрабіць у нашым двары, не сумняваюся, што і будзе зроблена, было б толькі фінансаванне, творчай энергіі нам усім не займаць, – шчыра завярае Генадзь Пашкевіч.

Наперадзе – больш

– Прыгажосць вакол, багацце раслін і прыродных фарбаў павінны быць на тэрыторыі бальніцы ў любым выпадку, – выказвае пункт гледжання галоўурач Крысціна Крук. – Чысціня і эстэтыка павінны спрыяць добрым настроям у нашых супрацоўнікаў і пацыентаў, таксама падтрымліваць хворых, бо правільны псіхалагічны настрой гэта немалаважны крок на шляху да выздараўлення і добрага самаадчування. Увесь наш калектыў выдатна папрацаваў над добраўпарадкаваннем, плануем і далей падтрымліваць утульнасць і рэалізоўваць у гэтым плане новыя ідэі.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара и герояў матэрыяла.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31