І мы верым Наталлі Адамаўне: выпісвае яна газету больш за 40 гадоў! Раёнка рэгулярна прыходзіць на яе адрас у дом па вуліцы Маладзёжнай, 2 горада. Ды і чытае яна яе не толькі дома, у поўнай цішыні, але і ў час перапынкаў і фортак у бібліятэцы школы.
Рука нязменна цягнецца да раёнкі
– Вы ведаеце, тут у нас зашмат розных газет, але рука заўжды цягнецца да раёнкі, – прызнаецца жанчына. – Здаецца, на змену ёй прыйшоў тэлеграм-канал і ўсе навіны даўно ведаеш, але нязменна хочацца адчуць свежы водар друкарскай фарбы і яшчэ раз уважліва перачытаць матэрыялы.
Першае месца працы жанчыны – Жорнаўсая васьмігадовая школа. Яна была ліквідавана ў ліку першых у канцы мінулага стагоддзя. Аднак школа так запала ў душу настаўніцы, што і дагэтуль яна не прапускае магчымасці паблукаць па будынку, падзівіцца хараству прыроды і паразмаўляць з былымі калегамі.
– Затым мне давялося працаваць у розных навучальных установах, але тая аднапавярховая школа, атуленая з усіх бакоў дрэвамі і лесам, дзе ў поўнай цішыні можна пачуць нават шум ракі Жорнаўкі, дагэтуль сагравае мне душу, як і наша раёнка. Вядома, жыццё бяжыць і ўсё мяняецца, але вось нашы адчуванні не. І няхай замест школы тут цяпер дзяцей вітае турыстычны цэнтр, а газета змяніла назву са “Сцяг Леніна” на “Бярэзінскую панараму”, аднак яны не перасталі прыемна вярэдзіць маю душу і дарыць надзею на лепшае ў гэтым жыцці, былі і з’яўляюцца крыніцай пазітыву.
Усё пачынаецца са школы
Настаўніцтва і абумовіла асаблівы інтарэс жанчыны да школьнай тэматыкі ў раёнцы.
– Школьная тэма неабсяжная і заўсёды займала шмат месца ў выданні, бо расказвае пра гісторыю навучальных устаноў, добрых педагогаў і таленавітых вучняў, а яшчэ – гэта вялікая скарбонка самых розных навін, бо ў школах рэальна кіпіць жыццё, – тлумачыць яна. – Ды і сёння нашы вучні – завадатары добрых спраў у школе. А заўтра – добрасумленыя працаўнікі ў калектывах, клапатлівыя бацькі і асобы з цікавымі захапленнямі. А яшчэ колькі сённяшніх кіраўнікоў сваю кар’еру пачыналі менавіта са школы!
Спачатку – апошняя старонка
Наталля Адамаўна газету імкнецца чытаць ад першага да апошняга радка.
– Праўда, чытаць пачынаю не з першай старонкі, а з апошняй, – прызнаецца жанчына. – Гэта даўно ўвайшло ў звычку. Напэўна тады, калі была ўведзена рубрыка “Куплю, прадам”. Што зробіш? Час такі: нехта прадае, нехта купляе. Ды і прыемна мне чытаць віншаванні юбілярам. Людзі такім чынам імкнуцца зрабіць чалавеку сюрпрыз і нагадаць усяму раёну аб свяце ў сваёй сям’і.
Ды і не магу прамаўчаць наконт спачуванняў у газеце. Прачытаўшы іх, заўсёды па-добраму ўспомніш нябожчыка, аддасі яму даніну павагі, перазвоніш і падтрымаеш людзей у горы. А сёння нярэдка пра гора даведаешся выпадкова ад людзей. Спачуванняў практычна няма. А гэта ці добра?
А яшчэ – культура, сям’я
Наталля Адамаўна – чалавек энергічны і аптымістычны. У яе хапае сіл, энтузіязму, інтарэсу заўсёды быць у гушчыні падзей. Прагная яна да ўсяго ў гэтым жыцці, таму яе цікавяць практычна ўсе тэмы ў газеце.
– Ніколі не разумела людзей, якія адмахваюцца ад чытання раёнкі, – дадае яна, – дзе заўсёды фотаздымкі са знаёмымі людзьмі. Тут жа асвятляюцца практычна ўсе тэмы. Вось, напрыклад, сямейная скарбонка расказвае пра добрыя сем’і. Пра іх пішуць даўно, але кожны раз па-новаму. Паглядзіце, як цяпер падаецца вобраз бацькі! А яшчэ культурныя навіны. Ці магла я не прачытаць пра абласны фестываль аматарскіх тэатраў “Бярэзінская рампа”. Мая радасць не ведала межаў, калі з газеты даведалася, што адзіны спектакль, які мне давялося паглядзець, узяў Гран-пры.
Як без газеты летам?
Наталля Адамаўна рэальна глядзіць на жыццё і ніколі не скардзіцца, мае сваю ўласную пазіцыю і не замоўчвае яе. Сілы жыць, працаваць і будаваць планы ёй даюць не толькі любімая справа, калегі, вучні, сыны, унукі, але і праца на зямлі. Вось ужо колькі гадоў запар яна рупіцца на сваёй дачы ў аграгарадку Пагост.
– Не ў маім характары сумаваць без справы ўсё лета, – гаворыць яна, – а вясковае жыццё – яно такое насычанае і напружанае. Тут табе і руплівыя гаспадары падворкаў, спраўныя механізатары, слаўныя агароднікі і садаводы, навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне могілак, студэнцкія атрады. І яшчэ проста працавітыя вясковыя людзі. І пра ўсіх іх наша газета піша з такой любоўю і павагай, што і ты сам гоніш прэч ляноту і нуду.
Прымушаць нікога не трэба
У калектыве Багушэвіцкай школы такіх падпісчыкаў, як Наталля Бубіч, многа. Газету яны выпісваюць даўно і без ніякага прымусу.
– Сёння нікога не прымусіш рабіць нешта супраць яго волі, - лічыць яна, аднак у маім калектыве нікому і напамінаць не трэба, каб выпісаць газету. Усе мы тут людзі паважанага ўзросту, можам дазволіць сабе набыць любыя гаджэты, але ад друкаванай газеты не адмовімся. Яна ж наша, свая, родная, яна надзейна прапісалася ў нашым жыцці і страціць яе мы ўжо ніяк не можам. Ды і верым мы, што газета выходзіць для таго, каб яе чыталі. І любілі.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.