Яўгенія Трапянок – “Настаўнік для Беларусі”

Date 06.12.2022 Man
Comment 692
Яўгенія Трапянок –  “Настаўнік для Беларусі”

Умовы новага часу патрабуюць новых падыходаў у адукацыі. Скончыўся час, калі дзеці на ўроках павінны сядзець нерухома, склаўшы рукі, ды і ад настаўнікаў патрабуецца больш крэатыўнасці і ўмення зацікавіць вучняў.

З’яўленню новых метадаў выкладання вучэбнага матэрыялу ў навучальных установах спрыяе Праграма “Настаўнік для Беларусі”, якая рэалізуецца мясцовым адукацыйным фондам «Новая школа». Заснавальнік фонду — ААТ «Сбер Банк» — стаў стратэгічным партнёрам, выступіў ініцыятарам і ключавым донарам праграмы.

Праграма разлічана на людзей, якія гатовы змяняцца і змяняць свет вакол сябе, і на тых, хто не баіцца новага. На працягу двух гадоў удзельнікі вучаць і натхняюць, рэалізоўваюць праекты для мясцовай грамадскасці, адкрываюць новыя напрамкі і вераць у патэнцыял кожнага дзіцяці, у магчымасці яго росту і развіцця. Праграма аказвае ўдзельнікам куратарскую, метадычную, праектную і фі-нансавую падтрымку, фармі-руе актыўных настаўнікаў-лідараў, рэалізуе адукацыйныя спецпраекты. Мэта праекта — прыцягнуць у школы ў невялікіх гарадах і населеных пунктах крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў.

У рамках Праграмы “Настаўнік для Беларусі” Бярэзінскую гімназію наведалі метадыст і кардынатар праектнай падтрымкі Марыя Халюкова і куратар Настасся Забалатнюк, якія пабывалі на ўроках настаўніцы нямецкай мовы Яўгеніі Трапянок – актыўнай удзельніцы Праграмы.

- Мы імкнёмся, каб кожнае дзіця атрымала якасную адукацыю і мела магчымасць максімальна раскрыцца, - патлумачыла Марыя Халюкова. – Дарэчы, Праграма “Настаўнік для Беларусі” існуе ўжо чацвёрты год і накіравана на раскрыццё патэнцыялу дзіцяці ў вучэбным працэсе. За кожным настаўнікам, удзельнікам Праграмы, замацаваны свой настаўнік-метадыст, настаўнік-куратар, каардынатар праектнай дзейнасці. Мы супрацоўнічаем з настаўнікамі як дыстанцыйна, так і асабістым візітам на ўрокі. Яўгенія Міхайлаўна ў Праграме ўжо другі год.

Урокі мовы

Першы ўрок нямецкай мовы, на якім пабывалі госці, быў прысвечаны культуры Германіі і яе нацыянальнай кухні. Тэма: "Традыцыйныя нямецкія стравы ў вачах турыстаў". Асабіста мне спадабалася атмасфера, якая ўсталявалася на ўроку. Па-першае, амаль не было ніводнага слова сказанага не панямецку. Па-другое, у добразычлівай сяброўскай абстаноўцы вяліся дыялогі паміж выкладчыцай і школьнікамі, дзеці ўставалі, дзяліліся на пары і паміж сабою адпрацоўвалі вымаўленне і засваенне моўных канструкцый. Па-трэцяе, ні адзін з вучняў не застаўся без увагі. Усе разам уносілі творчую разынку ў вучэбны працэс.

На другім уроку, у сваім родзе эксперыментальным, з удзелам гасцей у ролі выкладчыкаў, разглядалася тэма мастацтва. Як патлумачыла куратар, мэта ўрока – далучыць вучняў да сусветнай культуры.

– Падобная методыка аб’яднання тэм дазваляе дасягнуць дзвюх мэт: давесці дзецям асновы мастацтва і глыбей навучыць іншай мове, – падкрэсліла Настасся Забалатнюк.

– Запланавана 20 урокаў, прысвечаных мастацтву. На кожным з іх школьнікі будуць засвойваць спецыялізаваную лексіку, і мы пастараемся разгледзець усе накірункі і плыні ў сучасным і класічным мастацтве. Зразумела, усё – на нямецкай мове, – пракаментавала Яўгенія Міхайлаўна. – Гэта эфектыўна для развіцця моўных навыкаў. Да таго ж існуе такое паняцце як камунікатыўная граматыка, моўныя клішэ, якія на ўроках у працэсе размоў дзеці хутка засвойваюць, што спрыяе лепшаму авалоданню нямецкай мовай.

- Заўсёды вітаюцца тыя методыкі выкладання, якія ў першую чаргу здольныя выклікаць цікавасць дзяцей і павысіць іх паспяховасць, - падвяла вынікі дырэктар гімназіі Наталля Бурцава. – Праграма “Настаўнік для Беларусі” дапамагае настаўнікам рэалізавацца прафесійна, а дзецям – раскрыць свае таленты і здольнасці. Напрыклад, адна з вучаніц Яўгеніі Міхайлаўны ў студзені будзе прымаць удзел у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па мове, яшчэ адна вучаніца выступіла на абласной алімпіядзе з работай даследчага характару. Станоўчыя вынікі дзеяння Праграмы тут неаспрэчныя.

 

Як стаць удзельнікам?

Як патлумачыла Марыя Халюкова, стаць удзельнікам Праграмы можа любы педагог. Патрабуецца толькі запоўніць заяўку на сайце, потым прайсці субяседаванне. Калі патэнцыйны кандыдат зацікавіць спецыялістаў Праграмы, ён запрашаецца на “Летні інтэнсіў”, на якім праходзіць трэнінгі і выконвае заданні.

Аднак, вырашальнае значэнне мае толькі гатоўнасць удзельніка раздзяліць каштоўнасці Праграмы, мэтанакіравана працаваць два гады, і ў першую чаргу працаваць над сабою, над уласным самаўдасканаленнем. І няважна, які прадмет кандыдат выкладае: нямецкую мову ці фізіку, падаць заяўку на ўдзел у Праграме можа нават і настаўнік працоўнага навучання.

Што датычыцца Яўгеніі Трапянок, яна – паліглот, валодае нямецкай, англійскай, французскай, іспанскай і італьянскай мовамі, і ёсць усе падставы меркаваць, што гэта не мяжа. У энергічнай маладой настаўніцы заўсёды ёсць памкненне расшыраць гарызонты ведаў і дзяліцца імі з вучнямі. Пажадаем ёй у гэтым поспехаў і далейшага плёну.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31