Помнім дзеля жывых

Date 13.12.2022 Man
Comment 633
Помнім дзеля жывых

За гады акупацыі ў час Вялікай Айчыннай вайны вёска Восава Бярэзінскага сельскага Савета гарэла тры разы. У час жудаснай аблавы і пажару ў вёсцы Восава было спалена каля 50 хат, знішчана 46 чалавек.

Сёння аб тых трагічных падзеях ваеннага ліхалецця нагадвае сціплы помнік ў самай сярэдзіне вёскі ды і вясковыя могілкі.

Тут яшчэ можна знайсці пахаванні, датаваныя гадамі акупацыі. Усе яны дагледжаны і прыбраны, ды і вяскоўцы лічаць сваім абавязкам беражліва захоўваць памяцьпра сваіх загінуўшых землякоў.

Праўда, вось бяда. У віхуры пасляваенных падзей кожны з іх імкнуўся найхутчэй пераехаць з зямлянак у новыя дамы, наладзіць вытворчасць і забыцца пра зверствы за-хопнікаў. Людзі рабілі гэта знарок, бо шчыра спадзявалі-ся, што пасля такой жудаснай і кровапралітнай вайны і пераканаўчай перамогі ніхто і ніколі ўжо не асмеліцца грымець зброяй і несці смерць. Пакаленне пераможцаў ў надзеі зберагчы спакой сваіх нашчадкаў забрала з сабой ў магілу падрабязнасці зверстваў фашыстаў, але мясцовым края-знаўцам удалося ўсе ж такі знайсці сведкаў тых трагічных падзей. У вёсцы Восава такой аказалася толькі Алена Шукан.

 

Здарылася гэта ў Каляды

Здарылася гэта ў Каляды, 7 студзеня 1942 года раніцай, у 10 гадзін, калі мы ўжо паснедалі. Раптам пачулі, як па вуліцы нехта хутка скача на конях. Выбеглі на вуліцу, а там двое партызан з крыкамі: “Уцякайце! На бары нас немцы абстралялі! Яны едуць з Сыча!” Людзі пачалі хутка збірацца, але ўцячы ўдалося нямногім. Фашысты наляцелі амаль адразу. Яны акружылі вёску з двух бакоў і ішлі ланцужком. Вяскоўцы, што пабеглі на Колюж, змаглі ўцячы, а тым, хто пабег у лес за вёску, не пашчасціла. Тых немцы вярталі назад і адразу ж на раздарожжы расстрэльвалі – і малых, і дарослых.

 

Не шкадавалі ні жанчын, ні дзяцей

Жыхароў, што яшчэ заставаліся ў хатах, выганялі на вуліцу і гналі на тое ж месца для расправы, а дамы падпальвалі.

Да майго бацькі немцы прычапіліся, ці ёсць у яго тытунь. Бацька хацеў уцячы, і яго таксама застрэлілі. Цётку маю, Рабкевіч Марыю Іосіфаўну, карнікі забілі палкамі за тое, што яна не хацела аддаваць свае валёнкі, надзетыя на ногі. Яе сын, Рабкевіч Мікалай Аляксандравіч, быў камандзірам атрада “Перамога”.

Маю бабулю па бацькавай лініі, якая жыла цераз вуліцу, фашысты застрэлілі праз акно. У нашых суседзяў жонка пайшла ў Каляды да сваякоў у вёску Лаўніца, а дома засталіся муж і трое дзетак. Калі вяскоўцы пачалі ўцякаць ад фашыстаў, то ён таксама апрануў дзетак, пасадзіў на санкі і пацягнуў іх у лес, але карнікі яго дагналі, вярнулі назад і ўсіх расстралялі. Мы з меншым братам Аляксандрам, як толькі фашысты пачалі падыходзіць да вёскі, ускочылі на воз да дзядзькі Рабкевіча Мікалая Іосіфавіча і паехалі за вёску Беліца, у лес.

 

Адрэзалі вушы і нос

У той жа дзень немцы напалі і на партызанскі атрад, што знаходзіўся ў лесе паблізу вёскі Восава. Амаль усім партызанам давялося ўцячы, не пашанцавала толькі аднаму: украінца Сашку карнікі ўзялі ў палон. Па-зверску здзекаваліся - адрэзалі вушы і нос, а потым застрэлілі.

Пасля расправы, калі фашысты ўжо пайшлі з вёскі, жыхары, якія засталіся ў жывых, вярнуліся назад і пахавалі ўсіх забітых у брацкай магіле сярод вёскі. Там жа быў пахаваны і знявечаны партызан – украінец Сашка.

Першы раз 7 снежня 1943 года. Карнікі тут расстралялі дзяцей, жанчын і старых. Усяго 41 чалавек. Потым падпалілі дамы. З 34 дамоў згарэла 33.

Праз 40 дзён

Праз 40 дзён пасля трагедыі родныя забітых раскапалі магілу і перазахавалі сваіх блізкіх на могілках. Партызана Сашку пахавалі на Калюжан-скіх могілках. Кожны год перад Радуніцай мы з дзецьмі і ўнукамі, акрамя магілак сваіх родных, даглядаем і яго апошняе прыстанішча. Вельмі хацелася б знайсці яго родных.

 

Толькі тыф напалохаў

Мне вельмі запомнілася адно здарэнне, калі падчас блакады ў вёску наведаліся немцы. Ужо тады некаторыя вяскоўцы жылі ў лесе, а тыя, хто заставаўся дома, як толькі з’яўляліся фашысты, адразу ж хаваліся, хто куды.

Вось і нам, дзецям, аднойчы давялося тры дні ціхенька ляжаць на печы. Пад печчу ў нас жылі куры. І вось немцы, зайшоўшы да нас ў хату, угледзелі гэтых курэй і палезлі за імі ў падпечак. Адна курыца, выскачыўшы адтуль, скокнула на печ. Немец палез за ёй, а там мы ляжым. Пад коўдрамі. Прычапіліся гэтыя бандыты да нас, хацелі пасцягваць далоў, але мы прыкінуліся, што хворыя тыфам, і тыя пабаяліся з намі звязвацца.

 

Людзі вёску не пазнавалі

– 7 студзеня быў люты мароз, чуваць было, як патрэсквалі дрэвы, - успамінае Марыя Рабкевіч. - Нечакана ў вёску ўварваліся немцы. Яны заходзілі ў дамы, забіралі ўсё, што маглі ўзяць, выганялі жывёлу і забівалі ўсіх, хто трапляў на вочы. Пасля іх заставаліся крывавыя сляды – гарэлі дамы, валяліся трупы і стаялі лужыны крыві. Пазней у вёску вярнуліся людзі, але свае паселішчы яны не пазналі - паўсюдна былі папялішчы…

Забівалі і кідалі ў калодзеж

– Роўна ў дзве гадзіны дня марозную цішыню парушыў шум машын, – успамінае Марына Чэрняк з вёскі Шабынькі. – “Немцы!” – здагадаліся вяскоўцы і кінуліся хавацца ў свае дамы, каб потым збегчы ў лес. Аднак гэта нікому не ўдалося. Фашысты акружылі вёску. На вуліцы былі чуваць выбухі, крыкі дзяцей і плач жанчын. Усіх жыхароў пагналі на ўзгорак, які ў вёсцы называлі “Юльчынай гарой”. Спачатку тут расстралялі мужчын, затым жанчын. Іх забівалі і кідалі ў калодзеж.

У Марыі Ключнік было шасцёра малых дзяцей. Матулю з пяццю дзеткамі кінулі ў калодзеж, а самага малодшага двухгадовага Валодзю ўзнялі на штыку ўгору.

Жудасная смерць напаткала Антона Карпеку. Яго прымусілі самому сабе капаць магілу. Калі ён выкапаў, яму паламалі рукі і ногі, выпалілі на плячах і грудзях зоркі, а потым гарачым шылам выкалалі вочы, толькі затым у непрытомным стане яго закапалі. Немцы ж пасля кінуліся красці няхітрыя вясковыя рэчы. Потым афіцэр даў загад падпаліць хаты. Вёска гарэла яркім полымем, з усіх бакоў валіў густы чорны дым. Яго бачылі нават у вёсцы Сяменькавічы.

Згодна з падлікамі, 68 чалавек загінулі ў вёсцы Сыч, у Чарневічах – 38. А колькі за гэты дзень прымусова былі ўгнаны ў Германію! Гэтыя звесткі беражліва захоўваюцца ў невялічкім школьным музеі Ушанскай школы. Вучні выказваюць цікавасць да яго дзейнасці, бо ахвотна дапамагаюць даглядаць помнікі і ўдзельнічаюць у розных патрыятычных акцыях. Ды і не абыходзіцца без іх у справе навядзення парадку на могілках і догляда помніка. Спадзяёмся, што іх старанне будзе мець свой плён, і яны, захоўваючы мір, будуць заўсёды помніць пра пакуты сваіх землякоў і трагедыі спаленых вёсак.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31