Па-рознаму склаўся лёс гэтых дзетак, якія з-за неахайнасці бацькоў аказаліся ў казённых дамах, пазбаўленыя любові і пяшчоты самых блізкіх ім людзей. Сярод іх і маленькая дзяўчынка, якая нарадзілася сёлета 15 жніўня і ўжо ў канцы кастрычніка трапіла ў Барысаўскі Дом дзіцяці. Што стала прычынай адабрання немаўляткі? Яна элементарная: адсутнасць у доме належных умоў для ўтрымання. Па шчырасці кажучы, наступныя абледаванні домаўладання паказалі, што ніякіх перамен тут не адбылося, у дадатак у доме часта бывае халодна. Як патлумачылі бацькі, вінаваты ў гэтым не яны, а работа, паколькі на ферме (абодва яны жывёлаводы) бываюць амаль кругласутачна. Толькі гэта не зусім так, бо мужчына (сам пра гэта паведаміў) працуе пазменна і, несумненна, мае дастаткова часу, каб заняцца хатнімі справамі. Асноўная з іх - замена або рамонт электраправодкі, на што ўказвалі члены камісіі пры абследаванні жылля. Гэта праблема з’яўляецца яшчэ больш актуальнай па прычыне таго, што гаспадары для прыгатавання абедаў карыстаюцца электрапліткай. А тут да бяды – адзін крок.
На жаль, стварэнне належных умоў - не адзіная заўвага да сям’і. Больш крыўдна, што з часу адабрання дзяўчынкі ў Дом дзіцяці маці ні разу да яе не наведалася. Падобнае можна патлумачыць недахопам грашовых сродкаў, што і зрабіла жанчына. Але чым скрыць той факт, што ніхто не зрабіў нават ніводнага тэлефоннага званка, каб пацікавіцца станам сваёй крывіначакі? І яшчэ адзін красамоўны факт: немаўлятка, пра якую ідзе гаворка, ужо чацвёртае дзіця ў матулі. А як жа наконт умоў для астатніх траіх, запытаецеся вы. Яны створаны. Праўда, не рукамі кабеты, а яе былога мужа ў адносінах дваіх дзетак і яшчэ адной казённай установы. Дык колькі ж патрэбна жанчыне нарадзіць дзяцей, перш чым у яе абудзіцца мацярынскае пачуццё?
Парадавала, што на пасяджэнні камісіі такая сям’я аказалася толькі адна. У асатніх выпадках адабранне дзяцей з біялагічных сем’яў станоўча паўплывала на паводзіны бацькоў, прымусіла іх узяцца за розум і перагледзець свае адносіны да жыцця. Вось факты. Сям’я жывёлаводаў пасля адабрання іх дзяцей прыняла візіт членаў камісіі ў штыкі і ваяўніча. Другое і трэцяе наведанне дома паказала не толькі перамены ў паводзінах людзей, але і тым парадку, які стаў праяўляцца ў доме: тут правялі рамонт, абсталявалі месца для сну дзіцяці і падрыхтоўкі школьных заданняў, у наяўнасці былі прадукты харчавання, у доме – натоплена, самі бацькі знахозіліся ў цвярозым стане, а глава сям’і наогул па накіраванні ўрача добраахвотна паехаў на лячэнне ад алкагалізму. Такая станоўчая дынаміка не можа не радаваць і дае ўсе падставы для таго, каб з часам вярнуць дзіця (па словах дырэктара школы хлопчык здольны і кемлівы) у родныя сцены.
Аналагічная сітуацыя назіраецца яшчэ ў дзвюх сем’ях. Бацькі адной з іх прымаюць неабходныя захады па афармленні патрэбных дакументаў для вяртання дзяўчынкі, часта бываюць у Бярэзінскім прытулку (гэта стварае больш цёплыя адносіны паміж маці і дачкой), нягледзячы на тое, што жывуць за добрых дваццаць кіламетраў ад райцэнтра. Не застаецца ўбаку ад праблемы сям’і і дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства, які для паляпшэння ўмоў яе пражывання плануе выдзеліць адзін з дамоў, што знаходзіцца на балансе гаспадаркі, і такім чынам замацуе на зямлі працавітых людзей.
Ахвотна ідзе на кантакт і з разуменнем сітуацыі ставіцца да справы яшчэ адна сям’я. Сваю крывіначку наведваюць штодзень. У доме наведзены належны парадак. Для ацяплення ёсць і брыкет, і дровы. Ад ужывання спіртнога бацькі ўстрымліваюцца, а каб не стварыць рэцэдыву, маці ў студзені адправіцца на адпаведнае лячэнне.
Як бачым, а гэта было адзначана і ў ходзе пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх, прымаемыя меры ў адносінах да бацькоў даюць станоўчы вынік і ствараюць неабходныя перадумовы для вяртання дзяцей з казённых устаноў у біялагічныя сем’і.
На пасяджэнні камісіі разглядаліся таксама і некаторыя іншыя пытанні, у абмяркоўвае якіх прымалі актыўны ўдзел кіраўнікі школ і гаспадарак, адказныя за выкананне названых мерапрыемстваў.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.