Прадпрыемства - прыватнае, клопат - дзяржаўны

Date 22.12.2022 Man
Comment 497
Прадпрыемства - прыватнае, клопат - дзяржаўны

Менавіта так можна сказаць аб дзейнасці бярэзінскага прыватнага прадпрыемства “Светалуч”. Створана больш дзесяці гадоў назад, яно з часам не страціла свайго першачарговага напрамку дзейнасці, а яго работнікі – працавітасці, і толькі год за годам напрацоўвалі сабе станоўчы імідж дзелавой і прыстойнай кампаніі, пашыраючы геаграфію сваёй кліентуры.

- Поле нашай дзейнасці датычыцца пэўных відаў работы па наладцы, пуску і кантролю за дзейнасцю электрычнага абсталявання, - расказвае дырэктар прадпрыемства Уладзімір Папруга. - У прыватнасці, мы ўстанаўліваем пажарную сігналізацыю і прыборы відэаназірання, ажыццяўляем электрафізічныя вымярэнні, выконваем пусканаладачныя работы, працуем таксама і з ахоўнай сігналізацыяй. І на кожны від названай дзейнасці ў нас ёсць адпаведная ліцэнзія, што яскрава падкрэслівае наш прафесіяналізм і адпаведнасць выконваемых работ усім прад’яўляемым стандартам.

Аднак пералік выконваемых работ у прадпрыемства значна большы, як і яго магчымасці. Напрыклад, яго спецыялісты без праблем могуць падключыць камп’ютарную сетку любому спажыўцу. І гэта не пярэчыць нормам выдадзенай ліцэнзіі.

Работы ў калектыву, як сцвярджае Уладзімір Уладзіміравіч, заўсёды хапае. Нават нягледзячы на тое, што падобнымі яе відамі займаюцца яшчэ дзве бярэзінскія арганізацыі. Іх дырэктар лічыць не канкурэнтамі, а калегамі па працы, якія выконваюць агульную справу. Іншая рэч – аналагічныя мінскія ды віцебскія фірмы. Вось з імі даводзіцца часта канкурыраваць у час выстаўлення таго ці іншага аб’екта на тэндар.

Аднак за час існавання “Светалуча” ў яго ўжо стварыўся і канкрэтны круг заказчыкаў. Так, на пастаяннай аснове бярэзінскія спецыялісты працуюць з абласной Белфармацыяй па абслугоў-ванні аптэк, выконваюць шэраг электрычных работ для эфектыўнай дзейнасці кіёскаў сістэмы “Белсаюздруку”.

Апошнім часам прадпрыемства стала актыўна супрацоўнічаць з аўтазаправачнымі станцыямі “Газпрамнаты”, дзе ўстанаўліваюць дызель-генератары для бесперабойнай работы на выпадак аварыйнага адключэння электраэнергіі (сёлета такія аб’екты былі ў Беразіно, Чэрвені, Оршы). Дарэчы, Уладзіміру Папругу ад кіраўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода, вытворцы такіх дызель-генератараў, не так даўно паступіла праанова стаць пасля правядзення адпаведнай вучобы афіцыйным прадстаўніком завода па ўстаноўцы гэтых прыбораў.

- Сёлетні год, а ён, лічы, ужо завяршыўся, для нашага калектыву склаўся станоўча, бо на працягу ўсяго часу мы працавалі без зрываў і прастояў, на нашых справах не адбіліся ніякія санкцыі і мы не адчувалі дэфіцыту ў патрэбным абсталяванні. Здаралася нават часам і самому закатваць рукавы і брацца за гаечны ключ, каб своечасова выканаць заказ. І ў гэтым я не бачу ніякіх праблем, бо калі работа ёсць, яе трэба выконваць і не падводзіць заказчыка. А работу знайсці можна заўсёды, на яе недахоп наракаюць толькі тыя, хто шукае апраўданне свайму гультайству. Гэта – не для нас.

Што датычыцца бярэзінскіх заказчыкаў (у агульным аб’ёме выконваемых работ яны складаюць прыкладна палову), тут "Светалуч" часта аказвае свае паслугі такім прадпрыемствам, як РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” (абслугоўванне пажарнай сігналізацыі), лясгас (электрафізічныя вымярэнні), сельгасфіліял “Арэшкавічы”, ААТ “Пагосцкі”, многім бюджэтнымі арганізацыямі.

Ёсць яшчэ адна істотная акалічнасць паспяховай работы “Светалуча”. З дзесяці членаў гэтага невялічкага калектыву амаль палову складаюць прадстаўнікі роду Папругі. Акрамя самога Уладзіміра Уладзіміравіча, тут заняты яго сын, дачка і зяць.

Зразумела, што пры такім “сямейным падрадзе” главе сям’і лягчэй кіраваць сваімі падначаленымі. А яны ў сваю чаргу проста не маюць маральнага права не падтрымліваць імідж свайго прозвішча стараннай працай і высокай ацэнкай якасці выконваемых работ.


Шаноўныя сябры і калегі па працы!

Віншую вас з прафесійным святам – Днём энергетыка.

Сёння наша работа заключаецца не толькі ў тым, каб дарыць людзям святло. У наш сучасны век ад электрычнасці залежыць работа многіх бытавых і вытворчых апаратаў, без яе мы не здолеем выйсці ў інтэрнэт і быць на сувязі з усім светам, падключаць электракатлы і абаграваць сваё жытло, надзейна ахоўваць дамы і кватэры ад замахаў на нашу маёмасць.
Вынікі работы энергетыкаў адчуваюцца паўсюдна. Таму на нас ляжыць вялікі гонар і адказнась за тую справу, якой мы штодзень займаемся. Няхай прыносіць яна радасць людзям, а вам – задавальненне і дабрабыт. Будзьце заўсёды шчаслівымі і жыццярадаснымі. І няхай гэтаму садзейнічае моцнае здароўе. Шчасця вам і вашым сем’ям.

Уладзімір ПАПРУГА,
дырэктар прадпрыемства “Светалуч”.


*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31