Усё пачалося з “TikToK”..!

Date 23.12.2022 Man
Comment 871
Усё пачалося з “TikToK”..!

Гэта гісторыя бярэ пачатак у лістападзе з няхітрага роліка ў выглядзе звычайнага маналогу начнога вартаўніка адной з вядучых гаспадарак раёна ў сацыяльных сетках.

Праўда, самай звычайнай была толькі форма падачы інфармацыі, але ніяк не яе сутнасць, бо жанчына распавядала не пра сакрэты пахудзення, не вучыла, як змагацца з маршчынамі і не прасіла грошай, каб пракарміць сваіх пушыстых гадаванцаў. Яна абуралася загадам кіраўніцтва гаспадаркі наконт спагнання з яе матэрыяльнага ўрону ў сувязі з паморкам цялушкі яшчэ 6 кастрычніка.

Жанчына падкрэслівала, што жывёла памерла раптоўна, без ніякіх знешніх прыкмет і ніяк не ў яе змену,шукала справядлівасці. Няцяжка здагадацца, колькі лайкаў і коментаў ужо ў першыя гадзіны сабрала яе споведзь, колькі жадаючых знайшлося ў нашым раёне і за яго межамі даць ёй параду і пажадаць да канца змагацца з безгаспадарчасцю і бяздушшам у адносінах да простых людзей.

 

Загад адменены, пытанне застаецца

Праўда, аўтар роліка, атрымаўшы сваю порцыю славы, хуценька накіравалася ў пракуратуру. І мела пэўную рацыю, бо там загад гаспадаркі аб вяртанні матэрыяльнага ўрону прызналі незаконным і адмянілі. А ўсё таму, што дакумент быў складзены без належнай праверкі факта паморку.

Дыягназ, указаны ў загадзе, не адпавядае вынікам службовага расследавання. Тым самым вяртаць грошы нікому з работнікаў фермы не давядзецца, аднак гаспадарцы патрэбна ўсё ж такі правесці належную праверку, знайсці вінаватага і вярнуць урон. Толькі вось гэта інфармацыя ўжо ніяк не цікавіць начнога вартаўніка, бо яна рашуча ўстала ў "TikTokу" на шлях барацьбы з бязладдзем на фермах роднай гаспадаркі і адзін за адным выпускае новыя ролікі. А між тым, тэма, якую яна ўзнімае ў роліку, даволі сур’ёзная. Тычыцца яна невытворчага выбыцця жывёлы, якую спрабуюць вырашыць сельгасвытворцы і пракуроры.

 

Лёд крыху крануўся

Гэта тэма ўжо на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца самай балючай для сельгасвытворцаў і выкрывае мноства нявырашаных вытворчых і тэхналагічных пытанняў развіцця. У Бярэзінскім раёне паступова скарачаецца невытворчае выбыццё жывёлы. Калі летась па гэтай прычыне грамадскі статак не далічыўся 358 галоў, то сёлета лічба склала 316 жывёл. Рост паморку дапусцілі чатыры гаспадаркі: ААТ “Брадзец”, “Пагосцкі”, “Уша” і СУП “Арэшкавічы”, аднак і пры гэтым тэхналагічныя страты не пераўзышлі нарматыўныя.

У чым жа асноўныя прычыны паморку буйной рагатай жывёлы? Яны відавочныя ўсім, ад кіраўнікоў да радавых сельгасработнікаў. Гэта, у першую чаргу, парушэнні ўтрымання жывёлы, дзе ўсе ўмовы важныя - ад дастатковай колькасці саломы ці пі-лавіння на падсцілку да скучанасці групы цялят на дарошчванні. Па-другое, кармленне жывёлы. Яно павінна быць збалансаваным па карысных рэчывах і якасным, выдавацца своечасова і правільна. Жывёлаводы ведаюць, як важна адразу накарміць нованароджанае цяля малодзівам.

 

Зімова-стойлавы перыяд – пад кантролем

Праўда, далёка не ўсе гаспадаркі могуць пахваліцца бездакорным выкананнем гэтых патрабаванняў. Так, пэўныя адзінкавыя факты парушэнняў пракурорскія работнікі выявілі ў лістападзе. Яны напрамую тычацца ўтрымання жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд. Было вынесена прадпісанне кіраўніку ААТ “Уша”. Яму патрэбна тэрмінова ўцяпліць дзвярныя праёмы на фермах, дзе стаяць нованароджаныя цяляты. Ды і кіраўніцтву СУП “АграМАЗ” было рэкамендавана набыць на МТФ “Уюноўка” лакальныя сродкі для абагрэву маладняку.

Куды больш пытанняў да кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў аказалася наконт закладкі кармоў у бурты і курганы. Нездарма ж адміністрацыйна былі пакараны прадстаўнікі ААТ “Брадзец”, “Багушэвічы”, “Першамайскі”, СУП “АграМАЗ”, “Арэшкавічы” і “Здравушка-агра”. Вось ужо другі год запар ААТ "Брадзец" і "Першамайскі" закладываюць кармы ў бурты. Прычынай таму той факт, што на працягу апошняга часу яны не ўзводзілі новыя сіласныя траншэі.

 

Перш-наперш тэхналогія

Застаюцца ў работнікаў пракуратуры і ветстанцыі і пытанні да тэхналогіі закладкі кармоў. Так, у ААТ “ Першамайскі” закладка траншэі вялася больш, чым 5 дзён, у ААТ “Уша” парушылі даўжыню зрэзу закладзенай травы і замест дзвюх адзінак тэхнікі на трамбоўцы працаваў адзін агрэгат, з парушэннем тэмпературнага рэжыму закладвалі травяную масу ў СУП “Здравушка-агра”. Гібель жывёлы такія агрэхі не справакуюць, а вось разлічваць на рост малака і мяса з такімі кармамі не даводзіцца.

 

Не хапае кадраў

Асобная і самая пякучая тэма ў невытворчым выбыцці жывёлы - неналежныя ўмовы ўтрымання, якія тычацца ўборкі памяшканняў, утрымання цялят і правільнага забору кармоў. За ўсім гэтым комплексам мерапрыемстваў пільна павінны сачыць ветурачы, але што зробіш, калі забяспечанасць гэтымі спецыялістамі складае ў раёне 94%. Няма ветурачоў у ААТ “Брадзец” і “Уша”.

 

А як жа без крыміналу?

Акрамя таго, невытворчае выбыццё жывёлы служыць першапрычынай крымінальных спраў. Так, летась загадчыца фермы “Лешніца” ААТ “Пагосцкі”, каб схаваць гібель 5 цялят, зрабіла выпіску іх у рахунак заробку жывёлаводу на суму 161,88 рубля. Прыгаворам суда жанчына асуджана.

Таксама ў мінулым годзе ў жніўні была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да брыгадзіра вытворчай брыгады МТФ “Багушэвічы“ ААТ “Багушэвічы”. Тут спрабавалі схаваць гібель трох галоў жывёлы.

 

Усё пад кантролем

Пракуратурай раёна штомесяц аналізуецца колькасць грамадскага пагалоўя, прычыны выбыцця, вывучаюцца статыстычныя звесткі і акты на выбыццё. Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў накіроўваюцца патрабаванні аб спагнанні нанесенага па віне работніка ўрону ад паморку жывёлы. Пры спісванні пры наяўнасці віны работнікаў урону ад паморку на страты вытворчасці пракурорам раёна на гэтыя загады выносяцца пратэсты. Сёлета было аформлена 8 дакументаў, сума ўрону спагнана з вінаватых.

Як бачым, пытанне, якое было ўзнята ў роліку “TikToka”, на асаблівым кантролі пракуратуры. Прымаюцца розныя захады, наладжаны дзейсны кантроль і вядзецца профарыентацыйная работа. Яны абавязкова будуць мець свой плён, але, каб ён надышоў хутчэй, трэба яшчэ рэальная зацікаўленасць жывёлаводаў - ад спецыялістаў да вартаўнікоў, бо яны, як ніхто, павінны перажываць за парадак на фермах. А прыбраць на фермах, наладзіць дысцыпліну “TikTok”, на жаль, бяссільны…

Андрэй ФІЛОНЧЫК,
намеснік пракурора
Бярэзінскага раёна.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31