– Афіцыйна па дакументах дзень майго нараджэння прыпадае на Новы год, 1 студзеня, - расказвае Івана Іванавіч. – На самой жа справе гэта не зусім так, бо на свет я з‘явіўся на некалькі дзён раней, але бацька вырашыў для большай урачыстасці такой падзеі запісаць дату нараджэння іменна на навагодняе свята. Ну, а з афіцыйным дакументам спрачацца не будзеш – першага студзеня і кропка. Так і адзначаем у сям’і на Новы год двайное свята.
Аднак бацькаў “падарунак” аказаўся з невялічкім падвохам. Праўда, выявілася гэта не праз адно дзесяцігоддзе. Аказалася, калі б наш герой быў запісаны ў метрыках апошнімі днямі снежня, то на заслужаны адпачынак мог бы пайсці на паўгода раней. Ды хто ж тады, у 1959 годзе, пра гэта ведаў ці думаў…
Будучы лёс юнака вызначылі дзве акалічнасці яго характару: цяга да тэхнікі і выдатныя арганізатарскія здольнасці. Дзе б ні працаваў, ён заўсёды імкнуўся поўнасцю разабрацца з нават нязначнымі дэталямі. Дакладна вывучыў будову і работу трактара (менавіта з працы на ім у тагачасным саўгасе “Любушанскі” і пачынаў сваю жыццёвую сцежку), шукаў шляхі павышэння прадукцыйнасці працы і яе арганізацыі, быў нераўнадушным да ўсяго, што адбываецца навокал. Ініцыятыўнасць маладога чалавекане заставалася незаўважанай. Праз які час ён становіцца брыгадзірам трактарнай брыгады, галоўным інжынерам гаспадаркі, а неўзабаве становіцца і кіраўніком.
Свае практычныя навыкі Іван Гоман падмацоўвае і вучобай у Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце.
Многія аграрыі Бярэзіншчыны памятаюць Івана Іванавіча і як адказнага і патрабавальнага кіраўніка, калі той займаў пасаду першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу.
На яго долю выпалі не самыя спрыяльныя часы, калі ў сельскай гаспадарцы на хвалі ўкаранення новых эканамічных адносін наступілі цяжкія дні, якія ўскладняліся істотным дыспарытэтам цэн на прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю. Выстаялі, вытрымалі, на далі загубіць аграрны сектар раёна. Што і казаць, ёсць у гэтым заслуга і Івана Гомана.
Апошнім часам, да выхаду на заслужаны адпачынак, а гэта без малога 15 гадоў, Іван Іванавіч узначальваў калектыў самага праслаўленага на Бярэзіншчыне прадпрыемства, з больш як стагадовай гісторыяй, спіртзавода.
Гэта сёння ён уяўляе сабой вытворчы ўчастак №6 (г. Беразіно) ААТ “МІНСК КРЫШТАЛЬ”.
Новаму дырэктару прадпрыемства не толькі ўдалося захаваць добрыя традыцыі, што ствараліся тут дзесяцігоддзямі, а і прымножыць іх. Ён здолеў максімальна захаваць калектыў у час неаднаразовых рэфармаванняў прадпрыемства, палепшыць яго матэрыяльны стан, прыступіць да новых відаў выпуску прадукцыі і, што таксама вельмі важна, пастаянна праяўляў клопат аб умовах працы сваіх падначаленых (як бытавых, так і санітарных), заўсёды з вялікай павагай ставіўся да ветэранаў працы і ніколі не лічыў іх пабочнымі асобамі ў калектыве.
Хапала Івану Гоману часу не толькі вырашаць вытворчыя праблемы і задачы (а спраўляўся ён з імі паспяхова - сведчанне таму шматлікія граматы і дыпломы).
Добра ведаюць у раёне, колькі сіл і намаганняў прыкладвалі рабочыя прадпрыемства па захаванні гістарычнай памяці роднага краю, з якім клопатам адносіліся яны да догляду замацаваных за імі помнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Часта бачылі працоўны дэсант работнікаў спіртзавода і ў адной з маланаселеных вёсачак раёна, дзе тыя перыядычна з’яўляліся, каб выкасіць пустазелле, падправіць заняпалы плот, выканаць іншую работу для нямоглых пажылых людзей.
Сёння ў свае 64 гады Іван Іванавіч Гоман з уласцівым яму аптымізмам і пачуццём гумару сябе пенсіянерам не лічыць. Ветэранам працы – так, але не больш таго. Таму і не сядзіць без справы, перадае свой вопыт і веды наступным пакаленням. Аднаму з іх без ваганняў перадаў свой “дырэктарскі партфель” на прадпрыемстве, а сам вярнуўся туды, адкуль і пачаўся яго шлях – на сваю малую радзіму ў родныя Любушаны.
Праўда, за мінулы час ператварылася мясцовая гаспадарка з саўгаса ў СУП “ АграМАЗ”. А вось людзі… людзі тут засталіся такімі ж працавітымі, адказнымі і ўмелымі. Працаваць з такімі – адно задавальненне, ды і колькі сярод іх добрых знаёмых, з якімі даводзілася сустракацца і раней на працягу многіх гадоў. Інжынерныя веды Івана Гомана аказаліся вельмі дарэчы ў машынна-трактарным парку ў
Любушанах, дзе сёння не без яго ўдзелу вядзецца падрыхтоўка тэхнікі да будучай пасяўной, дзе будзе ажыццяўляцца задзел ураджаю 2023 года.
Не адышоў Іван Іванавіч і ад грамадскай дзейнасці. Не толькі інтарэсы сваіх землякоў-бярэзінцаў, а і ў цэлым вобласці і краіны адстойвае ён з'яўляючыся дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. І не даводзіцца сумнявацца ў тым, што для І. Гомана званне дэпутата з’яўляецца толькі ганаровым статусам. Яно вымагае ад яго значна большага.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.