Чаму да нас не спяшаецца Дзед Мароз?

Date 30.12.2022 Man
Comment 547
Чаму да нас не спяшаецца Дзед Мароз?

Каляндар няўмольна худзее на нашых вачах і вось на ім ужо застаюцца лічаныя лісткі. А ў душы ўжо даўно іграе цэлы аркестр стракатых незразумелых пачуццяў. Яны такія розныя: сэрца шчыміць ад таго, што завяршаецца яшчэ адзін год і мы ізноў пасталелі, пакінулі ў мінулым нешта дарагое і светлае.

Аднак на змену хвіліннай узроставай настальгіі прыходзіць надзея – можа больш яркая падзея і сустрэча чакае ў наступным годзе, можа на змену звыклым жыццёвым перажыванням прыйдуць новыя і нададуць свету навокал да рэзі ў вачах яркія фарбы. Можа ў рэшце рэшт пастукаецца ў дзверы Дзед Мароз і замест цукерак падорыць хоць кропельку ўласнага шчасця і сапраўднага чалавечага цяпла?

Пэўная частка з нас бачыць сваё шчасце ў сям’і, гаманлівых дзецях і ўнуках, хвалюючых прызнаннях у каханні, але, на жаль, гэтым багаццем валодаюць далёка не ўсе. Няўмольная статыстыка сцвярджае, што ўсё больш і больш людзей святкуюць навагоднія святы ў віртуальнай адзіноце альбо на канапе ў абдымку з пультам ад тэлевізара.

Спрачацца з гэтым ніяк не будзеш, бо зараз па горадзе дэфіліруюць прыгажуні-дзяўчаты без шлюбнага пярсцёнка і палова шлюбаў у сямейнай лодцы разбіваецца аб быт. Сёння прасцей быць адзінокім і свабодным, жыць у сваім эгаістычным камфорце, каб з ганарлівым выглядам сцвярджаць, што няма дастойных, і адсылаць прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва ўзначальваць атрад парнакапытных. Але роўна на столькі, на колькі намі валодае гэтая фанабэрыя, дзесьці ў глыбіні душы жыве думка, што вінаваты ў сваёй адзіноце мы самі. Мы перасталі хадзіць на спатканні, не ўступаем у сур’ёзныя раманы, ні ў якім разе не жадаем перажываць любоўныя расчараванні і ўжо даўно не ўсміхаемся лю-дзям у чэргах.

Нехта абурыцца – а што ў гэтым дрэннага, так жывуць практычна ўсе, бо з раніцы бяжым на злом галавы па жыцці. Мы вяртаемся дамоў позна, вырашаем новую чараду хатніх спраў, і толькі калі засынаем, усяго на некалькі хвілін, задумваемся аб тым, як умясціць у сваё жыццё другога чалавека. Знайсці час і сілы бавіць з ім вечары, выхадныя, закруціцца ў быце...

«Захочаш – знойдзеш», – нехта спарыруе мне і будзе мець рацыю. Бо справа, мабыць, не толькі ў дэфіцыце часу і сіл. А ў нашым страху, што ў цябе ўкрадуць... цябе. Што могуць пакрыўдзіць, адыгрываючы свае няўдалыя сцэнарыі жыцця. Або цяжка параніць словам, учынкам. Паглядзіце, колькі падманутых мужчын сядзяць гадзінамі на сайтах знаёмстваў, а колькі жанчын штурмуюць міліцыю, каб напісаць заяву, як самі пералічвалі грошы сваім віртуальным Рамэа. І ты рашуча выбіраеш свет свабодных адносін, дзе ніхто нікому нічога не павінен. Сустрэліся – правялі час – разышліся ў свае жыцці. А праблемы няхай кожны вырашае самастойна – дарослыя людзі ўжо.

Уся гэта чарада сумненняў, думак прымушае задаць пытанне: «А навошта жанчыне мужчына?» Не паверыце, большасць жанчын не можа даць дакладнага адказу. Ну і ну: яны самі не ведаюць, чаго хочуць.

Нядаўна пыталася ў “свабодных” дзяўчат, для чаго ім мужчына. Частка з іх упадала ў сапраўдны ступар ад здзіўлення, другія гаварылі нейкія пафасныя словы, якія да рэальнага жыцця не мелі ніякага дачынення. Былі яшчэ і трэція, хто без сарамлівасці разважаў, што мужчына – гэта вырашэнне жаночых праблем. Аднак заўважу, ні пра якое каханне гаворкі не ішло.

Былі нават вельмі арыгі-нальныя адказы.

– Мужчына патрэбен для душы, – адказала на пытанне адна жанчына. Ёй пад 50 гадоў. Муж пайшоў да палюбоўніцы, дзеці даўно выраслі. Таму заняцца ў вольны час гэтай летуценніцы рэальна няма чым і яна жыве ў паралельнай рэальнасці.

– Што значыць – для душы? – настойліва перапыталася я, абсалютна не разумеючы, што яна ўкладвае ў гэтыя словы.

– Ну.., ну як табе растлумачыць, – гаварыла яна. – Для душы – гэта значыць, каб ён мог мяне пашкадаваць, галаву ўвечары яму на грудзі пакласці, вячэру яму смачную згатаваць альбо ўдосталь пасварыцца.
А вось другая сяброўка з адказам не марудзіла, выразна абазначаючы мэту:

– У доме павінна быць мужчынская рука! Мне патрэбен той, хто вырашыць мае бытавыя праблемы. Прасцей кажучы, мужчына – прараб!

Яна шукае не партнёра з агульнымі інтарэсамі і будучымі аднолькавымі мэтамі. Яна хоча знайсці сантэхніка, рамонтніка, плітачніка, грузчыка. Карацей, таго, хто вырашыць яе праблемы. Так, гэта сумленна. Але пра каханне, клопат і агульныя мэты на жыццё тут таксама гаворкі не ідзе.

Куды больш гаваркімі былі асобы ва ўзросце 20–25 гадоў. Яны аб сваіх поглядах на жыццё заяўляюць гучна і нясціпла.

– Мужчына павінен мяне забяспечваць. Прычым не проста купіць ежу і адну сукенку ў месяц. У яго павінен быць пастаянны высокі даход.

Інакш кажучы, патрэбен «мужчына-кашалёк». І тут гаворка не пра вялікія пачуцці, а пра высокія заробкі і грошы на «майкап» і падарожжы. Можна гэтым абурацца, але вельмі ціха, бо такія адносіны таксама маюць месца быць. Мужчыну пасуе быць здабытчыкам і прыносіць маманта ў дом.

Часцяком сустракаю жанчын, якія зусім не ведаюць, якога мужчыну яны хочуць бачыць побач з сабой. Як ён павінен выглядаць, якімі якасцямі валодаць, як ставіцца да іх. Яны прагна кідаюцца ў вір любых зносін. Перабіраюць мужчын, няважна, якога яны статусу, прафесіі, рэлігіі ці светапогляду. Ім усё роўна. Проста, каб хтосьці быў побач. Калі ён знікае, яны прагна пачынаюць шукаць іншага. Такія жанчыны не могуць быць адны. Яны не ведаюць, што ім рабіць са сваім жыццём. Дзеля справядлівасці заўважу, грашаць гэтым і мужчыны.

Тут ужо, як кажуць, вінаваціць яны павінны самі сябе, бо за ўсім гэтым, як кажуць, хаваецца мноства прычын – ад нелюбові да сябе да звычайнай ляноты.

Людзі часам не ведаюць, чаго яны хочуць. Прамаляваць сабе вобраз, знешні выгляд выбранніка не так ужо і складана. Але больш важна ведаць, як ён будзе адносіцца да цябе, на якія абапіраецца прынцыпы і якія мэты ставіць перад сабой.

На жаль, досвед маіх сябровак аказаўся забаўна-сумны. Але ўсё ж ён бясцэнны для іх і можа быць карысны іншым. Нярэдка ў нас з нашымі выбраннікамі не супадаюць ні мэты, ні погляды, а часам замест жаданага клопату і ўвагі ў адказ мы атрымліваем... цішыню альбо, як цяпер кажуць, ігнор.

Таму не варта даймаць Дзеда Мароза пустымі пажаданнямі шчасця, а трэба навучыцца клапаціцца пра сябе. Вырашаць свае праблемы. Любіць сябе. Шанаваць і берагчы. Але гэта не значыць, што варта адмаўляцца ад кахання. Гэтага ні ў якім разе нельга рабіць. Проста, напэўна, пакуль не прыйшоў ваш час для сур’ёзных адносін з мужчынам. І пакуль вам лепш працягваць будаваць больш важныя адносіны – з самім сабой.

Мяркую, што вашы старанні будуць мець плён у наступным годзе і ў вашы дзверы настойліва пастукаецца ўжо не казачны персанаж, а дарагі вашаму сэрцу чалавек, з якім вам будзе куды камфортней і цяплей, чым у адзіноце!

Аўтарская калонка Міланы ТРАПЯНОК.

 

 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31