З гэтай нагоды наш карэспандэнт узяў інтэрв’ю ў новага кіраўніка, каб прадставіць яго жыхарам Бярэзіншчыны і расказаць аб бліжэйшых перспектывах развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
– Алег Мікалаевіч, Ваша з‘яўленне ў нашым раёне супала з напружанымі днямі для дзейнасці вашай службы, выкліканымі вялікімі снегападамі і іншымі прыроднымі катаклізмамі. Як Вы лічыце, наколькі паспяховым і зладжаным быў адпор капрызам надвор’я з боку камунальнікаў?
– Сапраўды, на Бярэзіншчыне я з’явіўся ў лістападзе мінулага года і яшчэ да афіцыйнага прызначэння на пасаду мне давялося кіраваць працэсам снегаўборкі і ліквідацыі наступстваў завей. Зразумела, у тыя напружаныя часы зваротаў наконт уборкі снегу было зашмат, бо кожны хацеў, каб участак менавіта каля яго домаўладання быў ачышчаны ў першую чаргу. Многія з аўтараў званкоў прыбягалі нават да адкрытага шантажу: маўляў, калі да маёй старэнькай хворай матулі, якая пражывае ў аддаленай вёсцы, не зможа дабрацца “хуткая дапамога” і ёй не акажуць своечасовую дапамогу, яе смерць (з усімі крымінальнымі наступствамі) будзе на маім сумленні. Дык вось, сумленне маё чыстае, бо ведаю з інфармацыі галоўнага ўрача ЦРБ Крысціны Крук, што за ўсю зіму не было адзначана ніводнага выпадку, калі б “хуткая дапамога” не змагла даехаць па выкліку да хворага з-за заснежанасці дарогі.
– Якія першачарговыя задачы Вы ставіце перад сабой, якія праблемы найбольш хвалююць Вас?
– Задачай нумар адзін лічу аднаўленне існуючага аўтатрактарнага парка. Што тут утойваць, амаль уся тэхніка мае вялікі фізічны і маральны знос. Таму набываем па магчымасці запчасткі, вядзём рамонт, абнаўляем і фарбуем транспартныя сродкі, рыхтуем іх да праходжання тэхагляду. Лічу, што брэндам нашай службы павінна быць не толькі яе бездакорная работа, а і знешні выгляд нашай тэхнікі, як візітнай карткі ЖКГ. Але арганізаваць гэтую справу належным чынам перашкаджаюць вялікія даўгі прадпрыемства і фінансавыя нястачы, ад якіх мы паступова пачынаем пазбаўляцца.
На жаль, нашы аўтамабілі і трактары, сапраўды, даволі часта даводзіцца ставіць на рамонт. І вельмі крыўдна бывае, што падобнае адбываецца па віне тых, каго мы абслугоўваем – саміх людзей. У чым іх віна? У неабдуманых адносінах да збору смецця. Кантэйнеры, а таксама смеццявозы, разлічаны на пэўную нагрузку і не разлічаны на тое, каб гэтыя ёмістасці запаўняліся да адказу тым жа бульбоўнікам, бітай цэглай пасля правядзення рамонту, буйнагабарытнымі рэчамі. Псуюцца кантэйнеры, ламаецца гідраўліка смеццявозаў, машына становіцца на рамонт, у выніку парушаецца графік абслугоўвання людзей, што ў сваю чаргу прыводзіць да засмечанасці і скаргаў.
Таму заклікаю ўсіх бярэзінцаў праяўляць культуру пры фарміравання бытавых адходаў, сартаваць іх па кантэйнерах у адпаведнасці з відам, не выкідваць у кантэйнеры траву (лепш зрабіце з яе кампост) ці абрэзанае сучча дрэў (пасушыце яго, а потым ўсё лета будзе магчымасць на кастры гатаваць шашлыкі для сяброў), а для вывазкі буйнагабарытных рэчаў (халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны і г.д., а таксама будаўнічыя адходы) карыстайцеся паслугамі аказанага ў нашай арганізацыі транспарту.
І яшчэ наконт збору смецця. Асобныя кантэйнерныя пляцоўкі ў горадзе, сапраўды, выглядаюць як бяльмо на воку. Чаго толькі там не пабачыш – не толькі адходы ад жыццядзейнасці, а ўсё непатрэбнае ў гаспадарцы. З брудам будзем змагацца самым карэнным чынам. Ужо зараз ліквідавалі дзве кантэйнерныя пляцоўкі на вуліцы Мультана. Паглядзіце, наколькі чысцей там стала. А смецце ў гэтым мікрараёне будзем вывозіць па графіку, як падобнае робіцца на многіх іншых вуліцах горада. Аналагічна паступім і з кантэйнернай пляцоўкай па завулку Кастрычніцкім, добраўпарадкуем (засыпем пяском утвораны роў) звалку каля гарадскіх могілак, давядзём да ладу месца для збору смецця на вуліцы Кірава, па некаторых іншых адрасах. Горад павінен быць чыстым! Больш увагі будзем надаваць і навядзенню парадку ў сельскай мясцовасці, весці патрэбную работу з дачнікамі.
– Падобная работа запатрабуе ад вашай службы большых намаганняў, ці не так?
– Справа гэта штодзённая, і калі будзе адладжана належным чынам, ствараць цяжкасцей не павінна. А вось тое, што жыллёва-камунальнай гаспадарцы будуць перададзены ўсе могілкі, што размешчаны на тэрыторыі раёна, сапраўды, работы прыбавіць. Пакуль што мы даглядаем толькі два месцы пахаванняў, што размешчаны ў горадзе. Дадасца яшчэ 116 могілак, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. А які аб’ём работ там, асабліва пасля радаўніцы, колькі застаецца смецця, гаварыць не даводзіцца.
– Якія яшчэ новыя напрамкі дзейнасці з‘явяцца ў вашай дзейнасці?
– Важным напрамкам работы лічу павышэнне заработнай платы нашых работнікаў. Але адбывацца гэта павінна за кошт росту аб’ёмаў выкананых работ, павышэння прадукцыйнасці працы і скарачэння затрат. Так, ужо зараз прапрацоўваем пытанне аб забеспячэнні сябе ўласнымі кветкамі для наступнага азелянення горада. Ужо набылі цяпліцу, грунт, насенне кветак. Пакуль што гэта толькі пілотны варыянт, і калі справа сябе апраўдае, налета павялічым плошчы пад цяпліцамі, разгледзім варыянт не толькі забеспячэння сябе ўланымі кветкамі, але і вырошчваннем іх для рэалізацыі, напрыклад, да 8 Сакавіка.
Яшчэ адным рэальным варыянтам павялічыць нашы даходы лічу ўдзел нашай арганізацыі ў выкананні субпадрадных работ у іншых раёнах. Гэта могуць быць работы па пракладцы водаправодаў і цеплатрас, іншыя віды будаўнічых работ і добраўпарадкавання. Верагодна, што павелічэнне аб’ёмаў выканання работ пацягне за сабой і рост колькасці калектыву. Гэтае пытанне мы таксама будзем разглядаць.
На пасаду кіраўніка Бярэзінскай ЖКГ я прыйшоў не на год, і ў наступнай дзейнасці планую разам з падпарадкаванай мне службай праводзіць неабходныя работы па добраўпарадкаванні і рамонце замацаваных за намі аб’ектаў, узняць дзейнасць камунальнай службы на якасна новы ўзровень. З існуючым сёння калектывам зрабіць гэта лічу рэальным. Спадзяюся таксама на саміх жыхароў Бярэзіншчыны, іх культуру паводзін і разуменне таго, што чыста не там, дзе ўбіраюць, а там, дзе не смецяць.
Гутарыў Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.